wd wp Пошук:

Рыгор Яўхімавіч Парэчын

Рыгор Яўхімавіч Парэчын (8 сакавіка 1894, Задашчэнне, цяпер Пухавіцкі раён — 28 чэрвеня 1938 Мінск) — беларускі правазнавец, эканаміст.

Біяграфія

У 1920 уступіў у ВКП(б). У 1924 г. скончыў 1-ы Маскоўскі ўніверсітэт. З 1921 г. працаваў у Паўнамоцным прадстаўніцтве БССР пры ўрадзе РСФСР. З 1924 г. намеснік старшыні Камісіі заканадаўчых меркаванняў пры СНК БССР. З 1931 г. у Інстытуце Савецкага будаўніцтва і права АН БССР. Працаваў у Інстытуце беларускай культуры, Інстытуце эканомікі АН БССР.

Арыштаваны 24.1.1937 па адрасе: вул. Няміга, д. 16/2, кв. 10. На той момант быў жанаты, гадаваў дзіця. Асуджаны пазасудовым органам НКВД (па іншай інфармацыі – Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР па артыкулах 68, 69, 70 і 76) за “шкодніцкую работу ў навуковых установах БССР” да вышэйшай меры пакарання з канфіскацыяй маёмасці. Растраляны 28.6.1938 у мінскай турме НКВД. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 1.8.1957. Асабовая справа П. № 10776-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.

Навуковая дзейнасць

Даследаваў пытанні савецкай федэрацыі нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва ў БССР. Падчас працы ў Інстытуце эканомікі АН БССР прымаў удзел у складанні першага ў Беларусі падручніка эканамічнай геаграфіі. Прымаў удзел у даследваннях па праблемам размяшчэння вытворчых сіл (у прыватнасці далейшага размяшчэння ў Беларусі прамысловасці будаўнічых матэр’ялаў). Даследваў сыравінную базу прамысловасці мінеральных будаўнічых матэр’ялаў. Менавіта ён абгрунтаваў мэтазгоднасць будаўніцтва буйных цагельных прадпрыемстваў у Петрыкаўскім, Горацкім і Асвейскім раёнах Беларусі, а таксама пашырэння цагельнай вытворчасці ў Дрысненскім раёне[1].

  • Парэчын Г. Савецкая Беларусь у зносінах з чужаземнымі дзяржавамі // Змаганне. Сш. 1. Мн., 1924
  • Парэчын Г., Пінчук М. Асновы Савецкай Дзяржавы // Маладняк. 1927. №1. С. 71-84; №11. С. 79-92
  • Парэчын Г. Наша Канстытуцыя. Мн., 1928
  • Парэчын Г. Ідэя беларускай дзяржаўнасці перад утварэннем Савецкай Беларусі // Запіскі аддзела гуманітарных навук БАН. Працы кафедры сучаснага права. 1929. Т. 1.
  • Эканамічная геаграфія БССР. Мн., БАН, 1936. (у сааўтарстве).
  • Парэчын Г. Сыравінная база прамысловасці мінеральных будматэрыялаў // Сацыялістычнае будаўніцтва. №6-7. 1936. С. 42-51.

Спасылкі

Зноскі

  1. http://www.ekonomika.by/rejting-populyarnosti/tag/%D0%BF%D1%80%D0%B0%D0%B2%D0%B0%D0%B7%D0%BD%D0%B0%D0%B2%D0%B5%D1%86(недаступная+спасылка).

Літаратура

  • Возвращенные имена; Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993; ЭГБ, т. 5.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be