Рэкс Стаўт
Рэкс Стаўт (англ.: Rex Stout; 1 снежня 1886 — 1975) — амерыканскі пісьменнік, аўтар дэтэктыўных раманаў, стваральнік цыклу раманаў пра Нэра Вулфа.
Біяграфія
Нарадзіўся ў горадзе Ноўблсвіл (штат Індыяна) у сям’і квакераў. Быў шостым з дзевяці дзяцей у сям’і. Хутка пасля яго нараджэння яго бацькі Джон Уолес Стаўт і Люсета Элізабэт Тодхантэр Стаўт пераехалі ў Канзас. Там будучы пісьменнік пайшоў у школу. У чатыры гады ён цалкам прачытаў Біблію, у трынаццаць зрабіўся чэмпіёнам штата па правапісе і арыфметыцы, а пасля распрацаваў унікальную праграму накаплення банкаўскіх зберажэнняў для школьнікаў, якую ўвялі ў 400 гарадах. Гэтая ідэя прынесла Стаўту 400 тысяч долараў. Пасля заканчэння школы Стаўт паступіў ва ўніверсітэт Канзаса, але хутка яго кінуў і пайшоў у ваенны флот.
У 1913 годзе Стаўт выпусціў свой першы раман «Яе забаронены рыцар» (Her Forbidden Knight), дэтэктыў. У 1914 годзе выдаў прыгодніцкі раман «Пад Андамі» (Under the Andes), у 1915 — яго працяг «Узнагарода для прынцаў» (A Prize for Princes), пасля чаго Стаўт 10 гадоў нічога не пісаў.
У 1916 годзе Стаўт ажаніўся з Фэй Кенэдзі, з якой разышоўся ў 1933 годзе і адразу ажаніўся з Полай Хофман. Яна нарадзіла яму дзвюх дачок. За гэты час Стаўт паспеў папрацаваць стайнікам, гідам-спецыялістам па індзейцах пуэбла ў Санта-Фэ, прадаўцом у кнігарні, менеджарам у гатэлі і гандляром цыгарамі ў Кліўлендзе.
У 1927 годзе Стаўт пераехаў у Парыж, дзе зноў заняўся літаратурай. У 1929 годзе ён выдаў псіхалагічны раман «Як Бог» (How Like a God), потым яшчэ тры творы ў гэтым жанры. Крытыкі пісалі пра раманы прыхільна, але сярод чытачоў яны папулярнасці не мелі. У 1930-х Стаўт вярнуўся ў ЗША. У 1934 годзе выйшаў яго першы раман пра Нэра Вулфа і яго памочніка Арчы Гудвіна (ад імя якога вядзецца аповед) «Fer-de-Lance». Усяго Стаўт напісаў пра гэтых герояў 32 раманы і 40 аповесцяў.
Кнігі Рэкса Стаўта перакладзеныя на 35 моў і выдадзеныя агульным накладам 70 млн асобнікаў. У дэтэктыўных раманах Стаўта адлюстраваныя норавы амерыканскага грамадства з 30-х да 70-х гадоў ХХ ст. і закранутыя грамадскія праблемы, такія як дыскрымінацыя, татальнае ўмяшанне ФБР у жыццё простых людзей. Нэра Вулф — адзін з самых знакамітых літаратурных дэтэктываў. Раман «Дзе Цэзар крывёю сцякаў» (Some Buried Caesar) увайшоў у спіс ста найлепшых дэтэктыўных раманаў ХХ стагоддзя паводле версіі Незалежнай асацыяцыі гандляроў дэтэктыўнай літаратуры.
Зноскі
- 1 2 Person Profile // Internet Movie Database — 1990. Праверана 14 кастрычніка 2015.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ LIBRIS — 2003. Праверана 24 жніўня 2018.