Самуіл Якаўлевіч Маршак
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Маршак. Самуіл Якаўлевіч Маршак (3 лістапада 1887, Варонеж — 4 ліпеня 1964) — савецкі паэт, перакладчык; адзін з пачынальнікаў расійскай дзіцячай літаратуры.
Біяграфічныя звесткі
Вучыўся ў Лонданскім універсітэце (1913-14). У 1892-94 гадах жыў у Віцебску. У 1920 годзе арганізаваў у Краснадары адзін з першых расійскіх дзіцячых тэатраў. Друкаваўся з 1904 года.
Творчасць
Пісаў вершы для дзяцей: «Казка пра неразумнае мышаня» (1923), «Вось які рассеяны» (1928), паэтычныя зборнікі «Дзеткі ў клетцы» (1923), «Рознакаляровая кніга» (1947), «Вершы для дзяцей» (1950). Аўтар аповесці ў вершах «Містэр Твістэр» (1933), «Апавядання пра невядомага героя» (1937), паэтычнай энцыклапедыі «Вясёлае падарожжа ад А да Я» (1952), п’ес-казак «Гора баяцца — шчасця не ўбачыць» (1922), «Церамок» (1941), «Дванаццаць месяцаў» (1943) і інш. Яго творы адметныя блізкасцю да фальклору, непасрэднасцю, добрай казачнасцю, гумарам, гарэзлівасцю. Кнізе «Выбраная лірыка» (1962) уласцівы глыбіня пранікнення ў вечныя праблемы быцця, шчырасць, імкненне да гармоніі. У вайну ствараў сатырычныя вершы і подпісы да палітычных плакатаў. Аўтар кнігі ўспамінаў «У пачатку жыцця» (1962), зборніка артыкулаў пра літаратурнае майстэрства «Выхаванне словам» (1961) і інш.
Майстар мастацкага перакладу: «Санеты Шэкспіра ў перакладах С. Маршака» (1948), вершы Р. Бёрнса, У. Бленка, Дж. Радары, Дж. Кітса, Ф. Багушэвіча, Я. Лучыны, Цёткі і інш. Падтрымліваў творчыя сувязі з Я. Коласам. На беларускую мову асобныя творы С. Маршака пераклалі А. Астрэйка, П. Броўка, В. Вітка, К. Кірэенка, М. Лужанін, М. Маляўка, У. Шахавец, А. Якімовіч і інш.
Выбраная бібліяграфія
- Собр. соч. Т. 1—8. М., 1968—72.
- Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990.
- Надпись на часах: Эпиграммат. стихи. М., 1987.
Беларускія пераклады
- Вайна з Дняпром. Мн., 1934.
- Пошта. Мн., 1937.
- Мы ваенныя. Мн., 1941.
- Дванаццаць месяцаў. Мн., 1947.
- Містэр Твістэр. 2 выд. Мн., 1952.
- Круглы год. Мн., 1953.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 Галанов Б. Е. Маршак Самуил Яковлевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1974. — Т. 15 : Ломбард — Мезитол. — С. 429–430. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ Галанов Б. Е. Маршак Самуил Яковлевич // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1974. — Т. 15 : Ломбард — Мезитол. — С. 429–430. Праверана 27 верасня 2015.
Літаратура
- Шушкевіч С. Роздум над Дзвіною // Шушкевіч С. Выбр. тв. Мн., 1978. Т. 2.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 10: Малайзія — Мугаджары. — 544 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0169-9 (т. 10), ISBN 985-11-0035-8.