Сапфо
Сапфо, Сафо, Псапфо (стар.-грэч. Σαπφώ; эалійск. стар.-грэч. Ψαπφώ; 630/612 — 572/570 да н.э.) — старажытнагрэчаская паэт эса, прадстаўніца мелічнай (музычна-песеннай) лірыкі.
Біяграфічныя звесткі
Біяграфічныя звесткі пра Сапфо бедныя і неадназначныя. Сапфо нарадзілася на востраве Лесбас (паводле розных звестак, у г. Мітылены ці г. Эрэс). Вядома, што яе бацька Скамандронім быў «новым» арыстакратам; будучы прадстаўніком арыстакратычнага роду, займаўся гандлем. У шэсць гадоў дзяўчынка асірацела; сваякі аддалі яе ў школу гетэр. Пачуццё слова і рытму выявілася ў Сапфо ў раннім узросце; ўжо ў школе гетэр яна пісала оды, гімны, элегіі, святочныя і застольныя песні.
У сярэдзіне VII ст. да н.э. у Мітыленах уладу атрымлівае алігархія царскага роду Пенфілідаў, але іх улада ў выніку змовы была зрынутая, і сярод арыстакратычных сем’яў разгарэлася барацьба за верхавенства. У 618 г. да н.э. уладу захапіў Меланхр (якога старажытныя аўтары называюць першым тыранам Мітылен), але праз некаторы час паэт Алкей, яго браты і будучы тыран Мітылен Пітака яго зрынулі. Тыранам робіцца Мірсіл, палітыка якога была скіравана супраць некаторых прадстаўнікоў старой мітыленскай арыстакратыі, і многім з іх, у тым ліку і Сапфо, давялося пакінуць горад (паміж 612 і 618 да н.э.). Да смерці Мірсіла (паміж 595 і 579 да н.э.) Сапфо жыла на в. Сіцылія, пасля зноў вярнулася ў Мітылены.
Паводле падання, у гэты час ёй захапіўся паэт Алкей (захаваліся фрагменты паэтычнага дыялогу паміж ім і Сапфо), аднак паэтэса выйшла замуж за багатага андрыйца Керкіласа, і ў яе нарадзілася дачка, якую назвалі ў гонар маці — Сапфо, Клейс ці Клеіда. Сапфо прысвяціла ёй цыкл вершаў. І муж, і дзіця Сапфо пражылі нядоўга.
Сацыяльны статус жанчыны на в. Лесбас і ў Эялідзе быў больш свабодны, чым у іншых старажытнагрэчаскіх рэгіёнах. Жанчыны ў сацыяльнай актыўнасці не мелі амаль ніякіх абмежаванняў: па жаночай лініі магла перадавацца частка сямейнай маёмасці, на востраве захаваліся фіясы — жаночыя супольнасці накшталт мужчынскіх гетэрыяў. Сапфо ўзначальвала такі фіяс — культавае аб’яднанне, прысвечанае Афрадыце, адной з задач якога было рыхтаваць заможных дзяўчат да замужжа. Сапфо навучала дзяўчат музыцы, танцам, вершаскладанню.
У старажытнасці існавала шмат паданняў пра стасункі паэтэсы і яе сябровак і абраннікаў. Да такіх паданняў адносіцца гісторыя пра каханне Сапфо да юнака Фаона, які адмовіў ёй, праз што яна нібыта кінулася ў мора з Леўкадскай стромы ў Акарнаніі. Часам у абраннікі Сапфо залічваюць нават Анакрэонта (які жыў на 60 гадоў пазней за яе) і Архілоха з Гіпанактам (іх жыцці раздзеленыя прамежкам у 150 гадоў).
Творчасць
Сапфо пісала вершы, якія былі прызначаныя для выканання ў вузкім коле фіяса, а таксама творы, разлічаныя на шырокую аўдыторыю, напрыклад, эпіталаміі, традыцыйныя вясельныя песні, якія адлюстроўваюць развітанне нявесты з дзявоцтвам, прызначаныя для выканання хорам юнакоў і дзяўчат перад уваходам у шлюбны пакой.
Мяркуецца, што гімны Сапфо не мелі дачынення да культу і вылучаліся суб’ектыўным характарам. Іх называлі заклікальнымі (κλητικόι), бо кожны з іх быў звернуты да якога-небудзь бога. Апроч таго, Сапфо прыпісваюць элегіі і эпіграмы.
Складзеныя ў александрыйскі перыяд корпус твораў Сапфо налічваў 9 кніг, размешчаных часткова паводле метрыкі, часткова паводле віду меласа.
Паэзія Сапфо высока цанілася яшчэ ў старажытны час. Салон, пачуўшы на бяседзе адзін з вершаў Сапфо, адразу ж вывучыў яго, дадаўшы, што хацеў бы памерці, не ведаючы яго на памяць. Сакрат называў яе сваёй настаўніцаў у справах любові, Платон (у адной з прыпісаных яму эпіграм) — дзясятай музай.
Сапфо ўвяла ў вершаскладанне некалькі рытмічных узораў (напрыклад, так званыя вялікая і малая сапфічныя строфы), якія высока цаніліся і яе сучаснікамі, і паэтамі пазнейшага часу (напрыклад, Катулам і Гарацыем). Філолагі эліністычнай Александрыі залічылі яе да “дзевяці лірыкаў”, вартых крытычнага вывучэння.
Тэксты
З твораў Сапфо да нашага часу дайшло каля 170 фрагментаў, у тым ліку адзін верш цалкам. Асаблівай увагі заслугоўваюць наступныя фрагменты (паводле 4-га выдання Бергка):
- 1-ы, адзіны цэлы верш Сапфо, які дайшоў да нас, дзе паэтэса, скардзіцца на абыякавасць да яе дзяўчыны, заклікае на дапамогу Афрадыту;
- 2-і, у якім паэтэса, якая пакутуе ад рэўнасцю, раскрывае свае пачуцці (51-ы верш Катула ўяўляе сабой злёгку зменены пераклад гэтага фрагмента);
- 3-і, параўнанне нейкай прыгажуні з месяцам, перад якой цьмянеюць зоркі;
- 28-ы, зварот да Алкея ў адказ на яго любоўнае прызнанне;
- 52-і, у якім Сапфо скардзіцца на адзіноту ў цішыні ночы;
- 68-ы, частка верша, у якім Сапфо прадказвае лёс жанчыне;
- 85-ы, прысвечаны дачцэ;
- 93-і, Прысвечаны прыгажуні, якая параўноўваецца з «румяным яблыкам»;
- 95-ы, зварот да вячэрняй зоркі (62-я верш Катула ўяўляе сабой перайманне гэтаму фрагменту).
У пачатку 2000-х гадоў былі выяўлены яшчэ 2 творы Сапфо, адзін з іх, «Дзяўчаты пекныя…», захаваўся досыць добра; яго беларускі пераклад зроблены Л. Баршчэўскім.
Беларускія пераклады
- Песні / Пераклад са старажытнагрэч. Л. Баршчэўскага. — Мн.: Зміцер Колас, 2016. — 72 с. (Паэты планеты).
- Сіпакоў Я. Пяшчота Элады. З антычнай любоўнай лірыкі // «Полымя». № 4, 2009. — (пераклад з рускай)
Зноскі
- ↑ Istituto dell’Enciclopedia Italiana Saffo // Enciclopedia on line Праверана 25 студзеня 2021.
- ↑ SAPPHO // Encyclopædia Universalis — Encyclopædia Britannica. Праверана 25 студзеня 2021.
- ↑ Greek Lyric Poetry: A Commentary on Selected Larger Pieces — ISBN 0-19-924017-5
- ↑ SAFFO // Enciclopedia Treccani — Istituto dell’Enciclopedia Italiana, 1929. Праверана 25 студзеня 2021.
- ↑ Sappho of Lesbos // World History Encyclopedia — 2009. Праверана 25 студзеня 2021.
- ↑ Sapfo // Store norske leksikon — 1978. Праверана 25 студзеня 2021.
- ↑ Archivio Storico Ricordi — 1808. Праверана 3 снежня 2020.
Літаратура
- Энциклопедия читателя. Т. 5. — Екатеринбург, 2005.(руск.)
- Краткая литературная энциклопедия. В 9 т., Т. 6. — Москва, 1971.(руск.)
- Малюковіч С. Д. Сапфо, Сафо // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 174—175. — 512 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0238-5 (т. 14), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- Вершы ў беларускім перакладзе — prajdzisvet.org