Спірыдон Міронавіч Собаль
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Собаль. Спірыдон Міронавіч Собаль, па іншых звестках Багдановіч, у манастве Сільвестр (каля 1580—1590, Магілёў — 1645, Мултаны) — вялікалітоўскі друкар, асветнік і літаратар. Заснаваная ім у 1630 годзе пад Оршай Куцеінская друкарня стала цэнтрам беларускага кірылічнага кнігадрукавання. На тытульным аркушы Актоіха (1628) упершыню ва ўсходнеславянскім кнігадрукаванні ўжыў гравюру на медзі.
Біяграфія
Спірыдон Собаль нарадзіўся ў горадзе Магілёве (цяпер Беларусь). Паходзіў з мяшчан. Магчыма, бацька С. Собаля — Багдан Ігнацьевіч Собаль, быў магілёўскім бурмістрам[2]. Собаль валодаў грэчаскай і лацінскай мовамі. Вучыўся ў школе Магілёўскага праваслаўнага брацтва і ў Кіеўскай брацкай школе. Выкладаў у Кіеўскай брацкай школе (у перыяд з 1626 па 1628 узначальваў яе).
Першая кніга надрукавана, верагодна, ужо ў 1616 годзе ў Магілёве. Пазней Собаль накіроўваецца ў Кіеў, дзе ён, гэтак жа як і іншы вядомы друкар Цімафей Вярбіцкі, атрымлівае дапамогу мітрапаліта Іова Барэцкага ў адкрыцці ўласнай прыватнай друкарні. З самім Вярбіцкім Собаль актыўна супрацоўнічаў. Вярбіцкі перадаў Собалю дошкі, якія выкарыстоўваліся Іванам Фёдаравым у Маскве яшчэ пры выданні Апостала 1564.
У 1628—1630 гадах друкаваў кнігі ў доме мітрапаліта Іова Барэцкага, які знаходзіўся каля Васкрасенскай царквы на Падоле ў Кіеве. У Кіеве Собаль надрукаваў пяць выданняў: Ліманар Іаана Мосха (1628), Актоіх (1628), Мінею агульную (1628), Актоіх (1629), Апостал (1630). Апошняя кніга выдадзена «Коштам і накладам пана Багдана Статкевіча, падкаморыя Мсціслаўскага», які толькі што заснаваў Куцеінскі манастыр у сваім маёнтку Куцейне. Са сваёй друкарняй працаваў «у двары» свайго заступніка Іова Барэцкага, відавочна, толькі да яго смерці (1631). Далейшае друкаванне кніг пры манаполіі лаўры, пры ўплывовым і энергічным яе архімандрыце, якім быў Пётр Магіла, стала немагчымым, і Собаль прыняў запрашэнне Багдана Статкевіча-Завірскага перайсці на працу да яго, у ВКЛ. Наведаўшы ў 1630 г. Кіеў, Багдан Статкевіч-Завірскі, бліжэй азнаёміўшыся з друкарскай справай, запрасіў Спірыдона Собаля стварыць і наладзіць працу друкарні пры Куцеінскай лаўры.
З Кіева прывёз Собаль у Куцейну і частку друкарскага абсталявання: два шрыфта разам з некалькімі дзесяткамі вялікіх і малых ініцыялаў, дзве рамкі для тытульных лістоў, трынаццаць дошак-заставак, адна з якіх некалі належала Івану Фёдараву, тры дошкі-канцоўкі. Манахамі і майстравымі людзьмі Аршаншчыны было неўзабаве выраблена астатняе неабходнае абсталяванне друкарні.
У 1631—1632 гадах у Куцеінскай друкарні Собаля выдадзены Буквар, Часаслоў, Малітоўнік. Пазней Собаль ўзяўся за перавыданне сваіх кіеўскіх выданняў: Апостала, Актоіха, Ліманара, паказваючы на тытульных старонках Кіеў, хоць друкаваліся гэтыя кнігі ўжо ў Куцейне.
Першай выдадзенай у Куцейне кнігай стала «Брашна Духоўнае» (1630). У Куцеінскім манастыры Спірыдону Собалю, галоўнай мэтай жыцця якога была асветніцкая місія, прадставілася магчымасць ажыццявіць сваю даўнюю мару, — стварыць кнігу, якая б служыла справе прапаганды роднай мовы і была галоўным дапаможнікам для пачаткоўцаў у навучанні. Такой кнігай стаў яго знакаміты Куцеінскі «Буквар» (поўная назва «Буквар або, пачатак вучэнні дзецям, пачаткоўцам чытанню звыкацца»), першыя асобнікі якога выйшлі ў 1631 г.
Аб’яднаўшы вакол сябе адукаваных манахаў, узаемна ўзбагаціўшыся вопытам у друкарскай справе і вызначыўшы далейшы кірунак дзейнасці тутэйшых асветнікаў, Спірыдон Собаль пакінуў Куцейну. З 1632 ігумен Іаіль (Труцэвіч) узначаліў манастырскую друкарню[3].
Праз некаторы час друкар перабіраецца ў мястэчка Буйнічы недалёка ад Магілёва, дзе друкуе 4 кнігі, у тым ліку «Псалтыр» (каля 1635).
У 1636 г. ён пераехаў у Магілёў. Тут выйшлі яго выданні 1636—1638 гг. У Куцейне і Магілёве ён перавыдае свае кіеўскія выданні з ранейшым выхадам.
У 1637 годзе ён адпраўляецца ў Маскву для таго, каб весці асветніцкую дзейнасць. У прыватнасці, Собаль збіраўся зрабіць у Маскве пераклады багаслоўскіх кніг з грэчаскай мовы, а самае галоўнае, адкрыць у сталіцы школу для выкладання дзецям грэчаскай, лацінскай і польскай моў. У 1637 годзе наведаў Маскву, дзе прадаў В. Ф. Бурцаву—Пратапопаву матрыцы шрыфтоў. Аднак, усе маскоўскія пачынанні Собаля завяршыліся няўдала. Афіцыйныя ўлады з крайнім недаверам глядзелі на «літоўскага друкара». У 1639 Собалю не было дазволена зноў уехаць у Расію, а яго наватарскія прапановы былі пакінуты без увагі.
Вярнуўшыся ў Кіеў, Спірыдон Собаль пастрыгся ў манахі Кіеўскага брацкага манастыра. У апошнія гады жыцця быў манахам Кіева-Пячэрскай лаўры, верагодна, працаваў у Лаўрскай друкарні.
Гэтак жа, як у Ц. Вярбіцкага, дзейнасць Собаля на апошнім этапе жыцця звязана з асветніцкай місіяй праваслаўнай царквы ў Валахіі. Друкар памёр у Мултанах ў самы разгар сваёй там працы. Смерць перашкодзіла Собалю ажыццявіць шматлікія замыслы, так, у прыватнасці, ён намерваўся адкрыць у Львове ўласную друкарню.
На працягу доўгага часу абсталяванне і матэрыялы Спірыдона Собаля паспяхова прымяняліся ў многіх друкарнях ВКЛ, Польшчы, Расіі і Валахіі.
Старэйшы сын Спірыдона Собаля Яўціхій вучыўся ў Кіеўскім калегіуме. Малодшы сын Собаля Іван заняўся ў Маскве перакладчыцкай дзейнасцю і перакладаў кнігі для Пасольскага прыказа.
Выданні
Вынікам яго дваццаціпяцігадовай дзейнасці сталі каля дваццаці выданняў. Першым кіеўскім выданнем С. Собаля быў зборнік легенд і апавяданняў з жыцця пустэльнікаў пад назвай «Ліманар, або кветнік» (1628). Уважлівае вывучэнне «Ліманара» Собаля паказала, што пад гэтай датай Собаль, выпусціў не адно, а два розныя па наборы і ўпрыгожаннях выданні, як гэта ён зрабіў пазней і са сваім Актоіхам 1629 г.
4 з 5 выдадзеных у Кіеве кніг былі царкоўныя, «Ліманар» жа быў помнікам духоўнай літаратуры VII стагоддзя. Мяркуючы па перакладзе гэтага сачынення, Собаль выдатна ведаў грэчаскую і лацінскую мовы. Собаль лічыў, што выпуск «Ліманара» будзе вельмі карысны для выхавання сапраўднага хрысціянскага чалавека, яго далейшага духоўнага самаўдасканалення.
У Актоіху 1628 года Собаль «упершыню ў практыцы кірылічнага кнігадрукавання ўвёў гравюры на медзі». Дбайнасць выканання гэтых гравюр кажа пра тое, што іх вырабілі загадзя адмыслова для гэтага выдання і, напэўна, выраблялі доўга.
Апроч таго, Собаль выдаў у Кіеве яшчэ «Мінею агульную» (1628), і «Апостал» (1630). Гэта выданне таксама мае два варыянты. Усяго Собаль выпусціў у Кіеве сем выданняў пад выглядам чатырох.
Спірыдон Собаль «імкнуўся прывучыць сваіх суграмадзян да чытання, самастойнага разважання, а таксама да малітвы сам-насам». І галоўнаю працай Собаля на гэтай ніве стаў напісаны ім буквар. Буквар выйшаў двума выданнямі — 1634 года ў Куцейне і 1636 у Магілёве. Буквар працягвае традыцыі Івана Фёдарава ў справе пачатковага навучання грамаце. На жаль, захаваліся толькі адзінкавыя асобнікі буквароў Собаля, хоць трэба меркаваць, яны выходзілі значнымі тыражамі. На абаротах тытульных лістоў абодвух буквароў размешчаны выдатна падабраныя з кампазіцыйнай пункту гледжання гравюры рэлігійнага зместу. Прычым, гравюра Буквара 1636 года мае відавочна польскае паходжанне, што кажа аб вялікай верацярпімасці аўтара і адсутнасці ў яго рэлігійнага дагматызму. Буквар таксама адметны тым, што ўпершыню ў назве буквароў згадана тое, што ён прызначаны для навучання дзяцей — «Буквар або пачатак вучэнні дзецям пачаткоўцам чытання звыкацца». Да гэтага часу ўсе папярэднія азбукі і буквары адмыслова не вылучалі таго, што яны прызначаны для дзяцей. Гэты факт гаворыць аб тым, што Собаль выдатна разумеў, што навучанне і выхаванне чалавека трэба пачынаць з самага дзяцінства. Буквары пачынаюцца з «Азбукі языка Словенска», гэта значыць кірылічнай азбукі, далей ідуць спалучэнні складоў, падрабязныя тлумачэнні граматычных катэгорый. Собаль лічыў па прыкладзе брацкіх школ, што вучні павінны добра разбірацца ў паэзіі і таму размясціў у букварах пачатковыя звесткі аб вершаскладанні. Для выхавання хрысціянскай маралі ён таксама старанна падабраў тэксты з Бібліі, царкоўныя каноны, малітвы. Паліграфічна буквары Собаля вельмі прыгожа аздоблены, бо аўтар лічыў, што эстэтычная прывабнасць падручнікаў значна павялічыць засваяльнасць іх зместу. Буквары Собаля аказалі значны ўплыў на наступных стваральнікаў рускіх (г.зн. усходнеславянскіх) навучальных дапаможнікаў, асабліва на Сімяона Полацкага.
Собаль ужываў у сваіх кнігах значную колькасць гравюр, прыгожыя і арыгінальныя застаўкі і ініцыялы з тонкім малюнкам і выявамі звяроў і птушак. Дошкі для гравюр і заставак па заказе Собаля выразалі ўмелыя манастырскія разьбяры. Апроч таго, Собаль, часта не маючы сродкаў для набыцця новых дошак, арыгінальна відазмяняў тыя, што былі ў наяўнасці. Ён таксама шырока ўжываў наборны літы арнамент. У якасці шрыфту друкар карыстаўся выра́зным паўуставам, а спалучэнне чорнага і чырвонага колераў было даведзена да сапраўднай гармоніі. Собаль з вялікай цікавасцю сачыў за кнігамі, якія выходзілі на Захадзе, у першую чаргу ў Польшчы, і часта творча пераймаў вопыт замежных майстроў.
Апроч кніг для царквы, Собаль друкаваў буквары, кнігі для хатняй малітвы — «Малітваслоў», «Часаслоў», кнігі для павучальнага чытання, перакладзеныя з грэчаскай, — «тастамент цара Васіля Грэцкага» і ўжо згаданы «Ліманар». Сярод яго выданняў таксама «Брашна Духоўнае» (каля 1631), і «Буквар» (1631 і 1636).
Памяць
Іменем Спірыдона Собаля ў г. Магілёве названа друкарня: «УПКП Магілёўская абласная ўзбуйненая друкарня імя Спірыдона Собаля». У Оршы яго іменем названа вуліца.
На будынку Свята-Духаўскай царквы Куцеінскага манастыра ў 1998 годзе ўстаноўлена памятная дошка Спірыдона Собаля. Аўтар І. Голубеў.
Зноскі
- ↑ Spirydon Sobol // MAK
- ↑ Бурмістр Багдан Собаль — актыўны ўдзельнік выступлення мяшчан (16.10.1618) супраць уніяцкага архімандрыта Іасафата Кунцэвіча. Гл.: Магілёўскае паўстанне 1618.
- ↑ У Куцеінскай манастырскай друкарні ў далейшым склаўся вельмі няпросты лёс. На працягу многіх гадоў яна актыўна працавала, выпускаючы кнігі, і ў змесце, і ў вонкавым аздабленні якіх відавочна адчуваўся моцны ўплыў Собаля. Пасля таго, воляю патрыярха Нікана манахі і свецкія рамеснікі трапілі ў расійскі Іверскі манастыр пад Ноўгарадам. Было перавезена і ўсё друкарскае абсталяванне. З 1657 друкарня працавала на новым месцы. Пасля звяржэння Нікана друкары і абсталяванне былі перакладзеныя на Маскоўскі друкарскі двор.
Літаратура
- Агаджанов Б. В. Создатели первых учебных книг для начального обучения грамоте // Проблемы современного образования, 2010, № 2;
- Зернова А. С. Белорус, печатник С. Соболь // Книга: Исслед. и материалы. 1965. Сб. 10;
- Исаевич Я. Д. Преемники первопечатника. М., 1981;
- Мацюк О. Я. Новые документы о типографе С. Соболе // Фёдоровские чтения, 1973. М., 1976.
- Русское книгопечатание до 1917 года: 400 лет Русского книгопечатания, отв. ред А. А. Спиридонов, М., 1964.