Стэр’ё Спасэ
Стэр’ё Спасэ (1914 — 1989) — албанскі пісьменнік, педагог, перакладчык.
Біяграфія
Нарадзіўся ў вёсцы Гломбач Корчынскай вобласці ў сялянскай сям’і македонскага паходжання. Пасля заканчэння Эльбасанскай сярэдняй школы нейкі час вучыўся ў Фларэнтыйскім універсітэце, але матэрыяльныя цяжкасці не далі будучаму пісьменіку магчымасці атрымаць вышэйшую адукацыю. Пасля вяртання на радзіму быў дырэктарам пачатковай школы, выкладаў мову і літаратуру ў гімназіях Корчы і Тыраны. Пасля вайны з’яўляся загадчыкам аддзелу прозы ў Саюзе пісьменнікаў і работнікаў мастацтва Албаніі.
Творчасць
Пісаць пачаў ў 1932 годзе. Першы раман «Чаму» (1935) прасякнуты песімізмам. Герой крытыкуе сучаснае яму грамадства і канчае самагубствам. Больш аптымістычным з’яўляецца наступны раман «Афэрдзіта», у якім маладая настаўніца Афэрдзіта Скэндзерай паспяхова пераадольвае адсталыя погляды сялян і адчыняе першую ў акрузе школу. Трэці раман пісьменіка «Грубіяны?» (1946) быў забаронены камуністычнай цэнзурай. Аб гэтым згадваў вядомы албанскі дысідэнт Касем Трэбешына ў лісце тагачаснаму кіраўніку краіны Энверу Ходжы. Больш прыхільна быў сустрэты наступны твор Спасэ «Яны былі не адзінокія» (1953) аб змаганні вясковай беданаты супраць рэжыму караля Зогу. Раман быў адзначанны Рэспубліканскай прэміяй другой ступені.
Пісьменік пісаў таксама нарысы і апавяданні, падручнікі па літаратуры. Выступаў як перакладчык заходніх і балгарскіх аўтараў, збіральнік дзіцячага фальклёру, аўтар гістарычных твораў аб змаганні албанцаў супраць асманскага іга. На беларускую мову перакладзена Л. Салаўём кніга Спасэ «Афэрдзіта зноў ў вёсцы». Раман прысвечаны калектывізацыі і з’яўляецца першым вялікім творам пісьменіка з Албаніі, які стаў даступны беларускаму чытачу.
Зноскі
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119549743 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 16 кастрычніка 2015.
- ↑ Sterjo Spasse // Faceted Application of Subject Terminology Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Library of Congress Authorities — Library of Congress. Праверана 30 снежня 2019.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119549743 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 1 студзеня 2015.