Сцяпан Паўлавіч Злобін
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Злобін.
Сцяпан Паўлавіч Злобін (11 лістапада 1903, Масква — 15 верасня 1965, Масква) — рускі пісьменнік.
Біяграфія
Нарадзіўся 11 лістапада 1903 года ў Маскве ў сям’і расійскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў Паўла Уладзіміравіча Злобіна і Лідзіі Мікалаеўны Дабровай-Ядрынцавай.
Пасля разгрому эсэраў бальшавікамі арыштаваны, у Бутырскай турме захварэў на тыф. Бацька ўзяў сына на парукі.
З 1920 года ў Маскве працаваў статыстыкам, затым на прадуктовым складзе. Паступіў вучыцца ў прамыслова-эканамічны тэхнікум, з якога сышоў з-за хваробы на сухоты.
У 1921 годзе паступіў вучыцца ў Вышэйшы літаратурна-мастацкі інстытут імя В. Я. Брусава, дзе захапіўся мовазнаўствам і псіхалогіяй творчасці.
У 1924 годзе зноў трапіў ў Бутырскую турму, дзе правёў больш за 2 месяцы ў адзіночцы.
Скончыў інстытут у 1924 годзе, з’ехаў ва Уфу, дзе выкладаў літаратуру і рускую мову.
За два тыдні да пачатку Вялікай Айчыннай вайны скончыў курсы для пісьменнікаў, арганізаваныя пры Ваенна-палітычнай акадэміі імя У. І. Леніна. Уступіў у т. зв. «пісьменніцкую роту» 8-й Краснапрэсненскай дывізіі народнага апалчэння, затым яго перавялі ў 24-ю армію для працы ў дывізіённых газетах.
У кастрычніку 1941 года кантужаны падчас Вяземскай аперацыі, з раненнем нагі трапіў у нямецкі палон і аказаўся ў Мінскім лазарэце, дзе стаў санітарным інструктарам у бараку для тыфозных. Да вясны 1942 года рыхтаваў уцёкі, якія сарваліся праз здраду[5]. Дастаўлены ў кайданах на Эльбу, у канцэнтрацыйны лагер Цайтгайн, Злобін знаходзіўся ў ім з канца 1942 года па кастрычнік 1944 года, узначальваў падполле. Пасля выкрыцця этапаваны разам з цяжкахворымі ў лагер паблізу Лодзі (вызвалены ў студзені 1945 года).
Памёр 15 верасня 1965 года. Пахаваны ў Маскве на Новадзявочых могілках (участак № 6).
Творчасць
Па вяртанні з Вялікай Айчыннай вайны пачаў пісаць раман «Паўсталыя мерцвякі» — пра знаходжанне ў палоне, аднак, у 1946 годзе твор канфіскаваны і трапіў пад цэнзуру. У 1948 годзе апублікаваў гістарычны раман «Востраў Буян», а ў 1951 годзе — гістарычную эпапею «Сцяпан Разін». Па ўспамінах К. Сіманава, эпапея моцна ўразіла Іосіфа Сталіна, у 1952 годзе пры прысуджэнні Сталінскай прэміі ён праігнараў факт працяглага знаходжання Злобіна ў палоне, нягледзячы на напамін пра гэта Г. М. Малянкова[6].
Аўтабіяграфічны раман «Зніклыя без вестак» (1962) зрабіў значны ўклад у справу рэабілітацыі былых савецкіх ваеннапалонных. Застаўся незавершаны раман «Раніца стагоддзя» пра падзеі напярэдадні рэвалюцыі 1905 года, напісаны прыкладна да паловы.
Узнагароды
- Сталінская прэмія I ступені (1952) за раман «Сцяпан Разін» (1951),
- Ордэн Айчыннай вайны II ступені.
Зноскі
- 1 2 The Fine Art Archive — 2003. Праверана 1 красавіка 2021.
- 1 2 Злобин Степан Павлович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- ↑ Злобин Степан Павлович // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
- ↑ Bibliothèque nationale de France Stepan Pavlovič Zlobin // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
- ↑ Степан Злобин. «В минском лагере военнопленных. Из записных книжек 1941—1942 гг.»
- ↑ Глазами человека моего поколения. Размышления о И. В. Сталине