wd wp Пошук:

Сяргей Антонавіч Дубінскі

Сяргей Антонавіч Дубінскі (13 (25) кастрычніка 1884, в. Наройкі, Бельскі павет, Гродзенская губерня, цяпер Падляшскае ваяводства, Польшча — 27 жніўня 1937, Мінск, НКУС) — беларускі археолаг, гісторык.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і святара. Спачатку вучыўся ў царкоўнапрыходскім вучылішчы, потым – Віленскай духоўнай семінарыі. У 1905 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Юр’еўскага універсітэта. Праз год з-за рэзкага пагаршэння зроку быў вымушаны перайсці на гісторыка-філалагічны факультэт. У 1907 годзе перавёўся ў Санкт-Пецярбургскі Імператарскі ўніверсітэт. З 1909 года стаў пастаянным удзельнікам археалагічнага семінара, які пачаў дзейнічаць пры ўніверсітэце. Пасля заканчэння універсітэта (1914) настаўнічаў спачатку ў Вільні, потым ў эвакуацыі ў г. Белябей Уфімскай губерні. У 1917 годзе быў абраны старшынёй Савета рабочых і салдацкіх дэпутатаў г. Белябей.

У 1921 годзе вярнуўся ў Беларусь. Працаваў настаўнікам у Мінску, прымаў удзел у рабоце Цэнтральнай камісіі па ліквідацыі непісьменнасці. З 1924 года, пасля аднаўлення работы таварыства гісторыі і старажытнасці, прымаў актыўны ўдзел у яго дзейнасці. З 1925 года ў Інстытуце беларускай культуры: член гісторыка-археалагічная камісіі, аспірант, навуковы супрацоўнік. З 1929 года працаваў у Інстытуце гісторыі АН БССР, дзе займаўся вывучэннем археалагічных помнікаў ранняга жалезнага веку і эпохі Сярэднявечча.

Летам 1930 года арыштаваны ДПУ БССР па справе «Саюза вызвалення Беларусі», але праз пэўны час вызвалены. Праз цяжкае становішча ў тоечаснай акадэмічнай навукі ў Беларусі быў вымушаны з’ехаць у Ленінград. З 1933 года ён навуковы супрацоўнік Дзяржаўнай акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры (рус. ГАИМК). Працаваў старшым архіварыусам навуковага археалагічнага архіва, потым старшым навуковым супрацоўнікам.

У 1937 годзе абвінавачаны ў шпіёнскай дзейнасці на карысць Польшчы, арыштаваны і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1958 г.

Навуковая дзейнасць

Даследаваў пераважна помнікі ранняга жалезнага веку і сярэднявечча, курганныя старыжтнасці ў Бельскім павеце, гарадзішчы і магільнікі Бабруйшчыны, Віцебшчыны, Міншчыны, Магілёўшчыны і Мазыршчыны. У 1926—1928 гг. вывучаў гарадзішчы Банцараўшчына і Чаркасава, якія аднёс да даславянскага часу. Склаў першую археалагічную карту Магілёўскай вобласці (1937, не захавалася), а таксама археалагічную карту Беларусі. Падрыхтаваў і выдаў першую бібліяграфію па археалогіі Беларусі і сумежных краін (Мн., 1933), у якую ўключыў працы па дакласавым грамадстве, раннім феадалізме, нумізматыцы, сфрагістыцы, архітэктуры, абарончых земляных збудаваннях.

Творы

  • Чаркасоўскае гарадзішча пад Оршай; Гарадзішча каля в. Германоў Аршанскай акругі; Доследы культур жалезнага перыяду на БССР у 1929 г. // Запіскі Аддзела гуманітарных навук Беларускай Акадэміі навук, 1930, кн. 11. Працы археалагічнай камісіі, т. 2.
  • Бібліяграфія па археалогіі Беларусі і сумежных краін. — Мн., 1933.

Зноскі

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Супрацоўнікі Інстытута беларускай культуры
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be