wd wp Пошук:

Сяргей Астравец

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Астравец. Сяргей Астравец, сапр. Сяргей Аляксандравіч Астраўцоў (нар. 1959, Мінск) — беларускі пісьменнік, эсэіст.

Біяграфія

Бацька — ваенны, маці — выкладчыца гісторыі і геаграфіі. З бацькамі жыў у ГДР у прыгарадах Берліна, школу скончыў у Літве. Служыў два гады ў Савецкай арміі. У 1979—1984 гадах вучыўся ў БДУ, атрымаў дыплом журналіста. Член Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Беларускага ПЭН-цэнтру.

У 1984 годзе прыехаў у Гродна, дзе і жыве да сённяшняга часу.

Творчасць

Восем гадоў працаваў у рэдакцыі абласной газеты. У 1992-93 гадах рэдагаваў новы тыднёвік «Пагоня», затым быў рэгіянальным карэспандэнтам газет «Свабода», «Навіны», «Наша Свабода». З 1993 года супрацоўнічае з Радыё Свабода.

З ліпеня 2007 года С. Астравец рэгулярна вёў літаратурны дзённік на сваім блогу «Праз гарадзенскія акуляры», які размяшчаўся на інтэрнэт-сайце газеты «Наша Ніва»: www.nashaniva.by. За тры гады надрукаваў там паўтары сотні эсэ, тэмы: каралеўскі горад Гродна, літаратурная праца, беларускія пытанні. Каля 130 з іх увайшлі ў новую кнігу, падрыхтаваную да выдання. У 2012 годзе ў электронным выглядзе выйшлі дзве кнігі С. Астраўца. «Райскія яблычкі. Апавяданні з берагоў Нёмана і Гараднічанкі», сярод твораў «Мармур не смяецца», «Фабрыка сфінксаў», «Флот каўчэгаў». Аўтар разважае над лёсам каралёў Стэфана Баторыя і Станіслава Аўгуста Панятоўскага, якія жылі ў Гродне, закранае тэму зыходу з Крыму арміі генерала Урангеля і цывільных на 127 караблях. Вострай размове пра літаратурную творчасць прысвечаны тэксты «Біфштэкс з крывёй. Апавяданне пра кнігабудаўніцтва» і «Джоні Холідэй. Апавяданне пра пішучыя машынкі». Другая кніга — «Жалезная заслона з арнаментам. Стэнаграфічная сага». Абедзве з’явіліся ў Беларускай інтэрнэт-бібліятэцы Kamunikat.org. З 2009 года мае блог на сайце Радыё Свабода www.svaboda.org, з 2011-га — пад назвай «Дзённік пісьменніка». Выдадзеная ў Беластоку кніга «Цэнзарскія нажніцы» (545 старонак, 62 апавяданні і аповесці) адзначана прэміяй «Гліняны Вялес». У 2010 г. С. Астравец атрымаў месячную стыпендыю для творчай працы ў Балтыйскім цэнтры пісьменнікаў і перакладчыкаў у Швецыі ў Вісбю на востраве Готланд.

Бібліяграфія

  • «Янычары» (1993),
  • «Цэнзарскія нажніцы» (2000),
  • «Лісты да хома саветыкуса» (2003),
  • «Кактэйль Молатава» (2006),
  • «Каты Ёзафа Ратцынгера» (2009).
  • «Райскія яблычкі» (2012).
  • «Жалезная заслона з арнаментам» (2012).

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 (unspecified title) Праверана 4 снежня 2021.

Літаратура

  • Каты Ёзафа Ратцынгера: апавяданні, эсэ, зацемкі, рэпартажы з Горадні / Сяргей Астравец. — Вільня, 2009.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be