wd wp Пошук:

Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Паўловіч.

С. Паўловіч у першым радзе другі справа

Сяргей Канстанцінавіч Паўловіч (13 (25) верасня 1875, в. Восаўцы, Кобрынскі павет, Гродзенская губерня, цяпер Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць — 16 верасня 1940, Вільня; Псеўданім: Паляшук) — беларускі педагог, публіцыст, грамадскі і культурны дзеяч.

Біяграфія

З духоўнага саслоўя. Скончыў праваслаўную Віленскую духоўную семінарыю, Кіеўскую духоўную акадэмію (1899). Працаваў у царкоўных установах, у 1909—1913 выкладчыкам мужчынскай 4-класнай настаўніцкай семінарыі, рэальнага вучылішча імя Іопшынай, прыватнай жаночай гімназіі імя Анісімавай у Рагачове Магілёўскай губерні (1909—1912), у 1913—1918 інспектарам народных школ Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні З пачатку 1920-х жыў у Вільні. Член Беларускага навуковага таварыства; адзін з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы. У 1925—1928 настаўнік і дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Прапагандаваў ідэі працоўнай школы. Актыўна выступаў супраць паланізацыі. Крытыкаваў прымусовае ўвядзенне ў беларускіх школах лацінкі (брашура «Некалькі ўваг аб беларускім „Лемантары“ Ст. Любіч-Маеўскага», 1929), але сам таксама карыстаўся лацінкай (буквар «Zasieúki», 1937). Аўтар школьных падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў. У публіцыстыцы (найперш на старонках час. «Беларускі летапіс») шмат увагі надаваў пытанням самаадукацыі і хатняга выхавання, культурна-асветнай рабоце, рэлігійнай адукацыі. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1930 і 1933. У 1937 выдаваў часопіс для дзяцей «Снапок».

Бібліяграфія

  • Свяшчэнная гісторыя Старога Завету. Вільня, 1926;
  • Пазашкольная асвета. Культурна-асветная праца ў гуртках ТБШ. Вільня, 1928;
  • Пішы самадзейна: Развіццё навыку самастойнага пісьма. Ч. 1. Вільня, 1928;
  • Метадычныя ўвагі да пасобніка «Пішы самадзейна». Вільня, 1929;
  • Свяшчэнная гісторыя Новага Завету. Вільня, 1936;
  • Першыя зерняткі. Вільня, 1936.

Зноскі

  1. (unspecified title) Праверана 19 снежня 2021.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Беларусі Катэгорыя·Публіцысты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be