Сяргей Хмара
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Хмара. Сяргей Хмара, сапр. Сяргей Сіняк (чэрвень 1905, Адэса[1] — 5 верасня 1992, Канада) — дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі і беларускай эміграцыі, журналіст, паэт і празаік .
Біяграфія
Працаваў настаўнікам у Заходняй Беларусі за польскім часам[2]. У 1920-я гады член Таварыства беларускай школы ў Радашковічах і Вільні, удзельнік Беларускай сялянска-работніцкай грамады[3]. Быў арыштаваны дэфензівай і зняволены (1927, 1939)[2][3]. У 1930 годзе сакратар Беларускага рабоча-сялянскага пасольскага клуба «Змаганне» ў Пінску, 1931 годзе — інструктар Галоўнай управы ТБШ у Вільні[3]. У 1937 годзе стварыў на Дзятлаўшчыне нелегальную літаратурную арганізацыю «Маладая ускалось» (пазней «Баявая ускалось»)[2][3]. Друкаваў вершы ў часопісе «Калоссе», «Шлях моладзі», зборнік «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928)[3]. У 1937 годзе рашэннем адміністрацыйнай улады быў адпраўлены ў ізаляцыйны лагер у Бярозе, дзе правёў 15 месяцаў[4]. У 1939 годзе ў Вільні быў выдадзены яго зборнік вершаў пад назвай “Жураўліным шляхам”[5].
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР з 1940 года супрацоўнік слонімскай раённай газеты «Вольная праца»[3]. У канцы 1940 года арыштаваны органамі НКУС[3].
Падчас 2-й сусветнай вайны знаходзіўся ў Слоніме, працаваў на мясцовым радыё, быў галоўным рэдактарам у газеце «Слонімскі кур’ер»[3], працаваў у БНС, прымаў удзел у нацыянальным партызанскім руху (Беларуская Народная Партызанка), кіраўнік падпольнай арганізацыі «Беларуская народная грамада»[2]. Удзельнік 2-га Усебеларускага кангрэса ў Мінску (1944)[3]. З ліпеня 1944 года ў Германіі, дырэктар Беларускага інфармацыйнага бюро ў Берліне[3]. У Берліне заснаваў палітычную групу «Двупагоня»[2]. Пасля вайны выдаваў сатырычны часопіс «Маланка» і «Мы з-за Буга» у Гамбургу[2][3].
У 1948[3] або 1949[2] годзе з Гамбурга пераехаў у Таронта (Канада)[2][3], кіраўнік сектара Рады БНР, рэдактар газеты «Беларускі Эмігрант» (пасля «Беларускі Голас»)[2], якую рэдагаваў да канца жыцця[3]. Таксама выдаваў літаратурныя і сатырычныя газеты «Народны Шлях», «Сігналы», «Маланка»[2]. У 1950 годзе заснаваў Беларускую царкву ў Таронта, стварыў Беларускае нацыянальнае аб’яднанне[3]. Быў ініцыятарам стварэння Канадскага этнічнага клуба журналістаў і пісьменнікаў «Баявая Ускалось»; ад снежня 1976 года быў яго першым старшынём[2]. Быў прыхільнікам стварэння «трэцяй сілы» сярод беларускай эміграцыі[6].
Пахаваны на могілках Ёрк у Таронта[7].
Бібліяграфія
- Жураўліным шляхам: Зборнік вершаў. — Вільня, 1939[2];
- Аб багах Крывіцкіх сказы: Зборнік вершаў. — 2-е выд. — Таронта, 1986[3];
- Рабінавы хмель. Выбраныя творы. — Мн.: Кнігазбор, 2009. — 212 с.[8].
Зноскі
- ↑ Хмара С. Кароткія даныя…
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары… Т.2.
- 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 Пяткевіч А. М. Хмара Сяргей…
- ↑ Шлях Моладзі, №16, 1937.
- ↑ Шлях Моладзі, №13, 1939.
- ↑ Хмара Сяргей // Юрэвіч Л. Літаратурны рух…
- ↑ Гардзіенка Н. Могілкі як частка мемарыяльнай культуры беларускай эміграцыі. — academia.edu.
- ↑ АГ. Выйшла кніга выбраных…
Літаратура
- АГ. Выйшла кніга выбраных твораў Сяргея Хмары(недаступная спасылка) — nashaniva.by, 00:48, 06.05.2009
- Ліс А. Літаратура Заходняй Беларусі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя. — Мн., 1999. Т. 2;
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.;
- Пяткевіч А. М. Хмара Сяргей // Людзі культуры з Гродзеншчыны: даведнік. — Гродна, 2000. — С. 310—311;
- Хмара С. Кароткія даныя аб сабе // «Запісы» № 24, 1999;
- Чыгрын С. Больш ніколі ў жыцці яны не сустрэліся Архівавана 20 сакавіка 2016. // «Газета Слонімская» № 608, 28 студз. 2009;
- Чэмер А. Сяргей Хмара. — Вільнюс, 1998;
- Хмара Сяргей // Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі / Лявон Юрэвіч; Рэд. А. Гардзіенка. — Мн.: [Беларускі Гістарычны Агляд], 2002. — 242,[1] с.: іл. — (Бібліятэка часопіса «Беларускі Гістарычны Агляд». Серыя «Досьледы»; [Вып. 10]). — ISBN 978-5272-10-9.