Тамаш Яўлевіч
Тамаш (Фама) Яўлевіч (Іяўле́віч) (канец XVI ст. — пасля 1632) — старажытнабеларускі паэт эпохі барока, рэлігійны дзеяч.
Біяграфічныя звесткі
Нарадзіўся ў Магілёве. Вучыўся ў Магілёўскай брацкай школе, у сярэдзіне 1620-х гадоў — у Ягелонскім універсітэце ў Кракаве. 3 1628 да 1632 года займаў пасаду рэктара Кіеўскай брацкай школы. У 1632 годзе, пасля аб’яднання гэтай школы з Кіева-Пячорскай і стварэння Кіева-Магілянскай калегіі, Тамаш Яўлевіч быў звольнены мітрапалітам Пятром Магілам з пасады рэктара. Палічыўшы звальненне за абразу, ён пакінуў Кіеў і накіраваўся ў родны Магілёў. Займаўся педагагічнай дзейнасцю ў Магілёўскім, a ў 1640-я гады ў Слуцкім брацтвах. Аб далейшым лёсе звесткі адсутнічаюць.
Творчасць
Асноўны артыкул: Лабірынт, або Заблытаная сцежка Адзіны вядомы твор Тамаша Яўлевіча «Лабірынт, або Заблытаная сцежка» быў напісаны ў час яго навучання ў Кракаве на польскай мове і выдадзены асобнай кнігай у 1625 годзе ў мясцовай друкарні Францыска. На тытульным аркушы пазначана, што кнігу напісаў «Тумаш Яўлевіч, студэнт навук вызваленых». Паэма адрасавалася «брацтву малодшаму магілеўскаму новапачатнаму». У ёй паэт як бы прапануе свае паслугі настаўніка і выхавальніка, публічна дэманструе свае разумовыя і літаратурныя здольнасці.
Назва паэмы ўзнікла як вынік аўтарскага ўяўлення пра сусвет, які нагадваў яму заблытаны клубок супярэчнасцей, адкуль чалавецтва не знаходзіць выйсця. Паводле зместу і ідэйна-мастацкай скіраванасці «Лабірынт…» працягвае рэнесансныя, гуманістычныя традыцыі. Зліццё лірычнага героя і алегарычнага вобраза Мудрасці, ад імя якіх ажыцяўляецца аповед, складае мастацка-кампазіцыйную аснову твора. Так дасягаецца эпічная шырыня і шматпланавасць мастацкага выяўлення.
Зноскі
Літаратура
- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мн.: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5
- Галенчанка Г. Я. Іяўлевіч Фама // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 7: Застаўка — Кантата. — С. 371. — 604 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0130-3 (т. 7), ISBN 985-11-0035-8.
- Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыкл. даведнік / Беларус. Энцыкл.; Гал. рэд. «Беларус. Энцыкл.»: Б. І. Сачанка (гал. рэд) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1995.
- Голенченко Г. Я. Идейные и культурные связи восточнославянских на¬родов в XVI—середине XVII в. — Мн., 1989. — С. 121—124.