Тэадор Кітэльсен
Тэадор Северын Кі́тэльсен (нарв.: Theodor Severin Kittelsen, 27 красавіка 1857 – 21 студзеня 1914) — нарвежскі мастак, графік і ілюстратар, знакаміты сваімі пейзажамі і малюнкамі на міфалагічныя сюжэты, у першую чаргу выявамі троляў.
Біяграфія
Тэадор нарадзіўся ў маленькім гарадку Крагерэ[no] (Kragerø) у сям’і купца Ёханеса Кітэльсена і яго жонкі Гурыянэ, другім з васьмі дзяцей. З дзіцячага ўзросту ён пачаў маляваць. Паколькі бацька рана памёр, Кітэльсен з ранняга ўзросту быў вымушаны працаваць. У тым ліку ён на кароткі час ездзіў у сталіцу Нарвегіі Крысціянію працаваць вучнем маляра.
Калі Кітэльсен працаваў вучнем гадзіншчыка, яго гаспадар пазнаёміў Кітэльсена з заможным мецэнатам і аматарам мастацтва Дыдэрыхам Марыем Олам[no] (Diderich Maria Aall), які дапамог яму паступіць у школу мастацтваў у Крысціяніі і аплаціў навучанне. Кітэльсен вучыўся ў Крысціяніі два гады, пасля чаго адправіўся ў Мюнхен, каб працягнуць навучанне, ізноў за кошт Ола.
Праз тры гады ў Кітэльсена пачаліся фінансавыя цяжкасці, з-за таго, што Ол больш не мог яго забяспечваць. Карціны прыносілі мала грошай. У выніку ён вымушаны быў вярнуцца ў Нарвегію. Тады ж Кітэльсен адслужыў у арміі. Пасля арміі дзякуючы стыпендыі ён на кароткі час змог паехаць у Парыж, а затым ізноў у Мюнхен. У 1883 годзе Кітэльсен разам з нарвежскімі мастакамі Эрыкам Верэншолем і Ота Людвігам Сіндынгам[ru] атрымаў заказ на ілюстрацыі да трохтамовага выдання нарвежскіх народных казак.
Паколькі Кітэльсен вельмі сумаваў па радзіме, у 1887 годзе ён вярнуўся ў Нарвегію і больш яе не пакідаў. Ён атрымаў працу наглядчыка маяка[en] на востраве Скомвер (Skomvær, Лафатэнскія астравы). Мясцовая прырода натхніла яго на стварэнне некалькіх серый малюнкаў, якія былі выдадзены асобнымі кнігамі (тэксты напісаў таксама Кітэльсен): «Жыццё ў цяжкіх абставінах» (Fra Livet i de smaa Forholde, 1890), «З Лафатэнскіх астравоў» (Fra Lofoten, 1890-1891) і «Вядзьмарства» (Troldskab, 1892).
У 1889 годзе Кітэльсен пазнаёміўся з дзяўчынай па імі Інга Крысцінэ Даль (Inga Kristine Dahl), якая была на дзесяць гадоў маладзейшай за яго. Вельмі хутка яны ажаніліся.
У сярэдзіне 1890-х гадоў Кітэльсен стварыў сваю самую знакамітую кнігу — «Чорная смерць» (нарв.: Svartedauen). Кніга была прысвечана эпідэміі чумы, якая прайшла па ўсёй Еўропе ў сярэдзіне XIV стагоддзя і стала прычынай смерці мільёнаў чалавек, у тым ліку спустошыўшы Нарвегію.
Увосень 1907 года Кітэльсен здзесніў паездку ў гарады Нутадэн і Р’юкан для агляду выдатных прамысловых і энергетычных новабудоўляў кампаніі «Норск Гідра», пасля якой на працягу канца 1907-га і пачатку 1908 года піша серыю карцін «Казкі вадаспаду» — пяць вялікіх акварэляў, якія ў казачнай форме распавядаюць гісторыю гэтага будаўніцтва.
У 1908 годзе Кітэльсен быў узнагароджаны Ордэнам Святога Олафа — найвышэйшай узнагародай Нарвегіі. У 1911 годзе ён напісаў аўтабіяграфію «Людзі і тролі, успаміны і мроі. Аўтабіяграфія» (Folk og Trold, minder og drømme. Selvbiografi).
У сучаснай культуры
Шматлікія нарвежскія блэк-метал гурты (напрыклад Burzum і Carpathian Forest) выкарыстоўвалі некаторыя карціны Кітэльсена для афармлення вокладак сваіх альбомаў.
Галерэя
- Nøkken, 1887-92 (Вадзянік)
- Sjøtrollet, 1887 (Марскі троль)
- Røst, 1890 (З вострава Рост)
- Det rusler og tusler rasler og tasler, 1900 (Страшны, жудасны, шапаткі, шумны)
- Kornstaur i måneskinn, ca. 1900 (Снапы пшаніцы ў месяцавым святле)
- Skogtroll, 1906 (Лясны троль)
- Hakkespett, 1912 (Дзяцел)
Ілюстрацыі з кнігі «Чорная смерць» (Svartedauen)
- Fattigmannen, 1894-95 (Жабрак)
- Pesta i trappen, 1896 (Чума на прыступках)
- Mor, der kommer en kjerring, 1894-95 (Мама, да нас ідзе старая)
- Musstad, 1896 (Мышыны горад)
Бібліяграфія
Кнігі, выдадзеныя Кітэльсенам:
- Жыццё ў цяжкіх абставінах. У 2-х частках. Крысціянія, [1889 і 1890 гг.] (Fra Livet i de smaa Forholde I-II. Chr.a [1889-1890])
- З Лафатэнскіх астравоў. У 2-х частках. Крысціянія, 1890 і 1891 гг. (Fra Lofoten I-II. Kr.a 1890-1891)
- Вядзьмарства. Крысціянія, [1892] (Troldskab. Kr.a [1892])
- Кніга забыцця. Крысціянія-Капенгаген, 1892 (Glemmebogen. Kr.a og Kbh. 1892)
- Ці ёсць душа ў жывёл? Капенгаген, [1894] (Har dyrene Sjæl? Kbh. [1894])
- Kludesamleren. Берген, 1894 (Kludesamleren. Bergen 1894)
- У жывёльным царстве. Берлін-Лейпцыг, [1896] (Im Thierstaate. Berlin-Leipzig [1896])
- Выслоўі. Берген, [1898] (Ordsprog. Bergen [1898])
- Чорная смерць. Крысціянія, 1900 (Svartedauen. Kr.a 1900)
- Выявы і словы. [Крысціянія, 1901] (Billeder og Ord. [Kr.a 1901])
- Людзі і тролі, успаміны і мроі. Крысціянія-Капенгаген, 1911 (Folk og trold. Minder og drømme. Kr.a og Kbh. 1911)
- Замак Сорыя-Морыя. Крысціянія, 1911 (Soria Moria slot. Kr.a 1911)
- Løgn og forbandet digt. Крысціянія-Капенгаген, 1912 (Løgn og forbandet digt. Kr.a og Kbh. 1912)
- Кола Зямное. Крысціянія, [1914] (Heimskringla. Kr.a [1914])
Кнігі, ілюстраваныя Кітэльсенам:
- П.Кр.Асб’ёрнсен і Ёрген Му. Кніга казак для дзяцей. У 3-х тт. Капенгаген, 1883, 1884 і 1887 гг. (P.Chr.Asbjørnsen og Jørgen Moe: Eventyrbog for Børn I-III. Kbh. 1883, 1884 og 1887)
Зноскі
- ↑ Benezit Dictionary of Artists — 2006. — ISBN 978-0-19-977378-7 Праверана 3 ліпеня 2021.
Спасылкі
Тэадор Кітэльсен на Вікісховішчы |