Уладзімір Навумавіч Мяжэвіч
Уладзімір Навумавіч Мяжэвіч (23 мая 1907, пасёлак Якаўлевічы, Аршанскі раён, Віцебская вобласць — 1 ліпеня 1982) — беларускі празаік, журналіст.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1925 г. працаваў загадчыкам хаты-чытальні, загадваў аддзелам прапаганды ў Копыскім, Горацкім райкамах камсамола. У 1927—1929 гг. — сакратар Горацкага райкама камсамола. У 1929 г. накіраваны на працу ў рэдакцыю газеты «Звязда», дзе спачатку быў літсупрацоўнікам, потым загадваў аддзелам культуры. Адначасова вучыўся на вячэрнім аддзяленні літаратурнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1930—1932). У 1933 г. рэдагаваў бягомльскую раённую газету «Калгасны змагар». У 1934—1937 гг. — карэспандэнт «Известий» па Беларускай ССР. У 1937 г. рэпрэсіраваны, высланы ў Сібір. Працаваў лесарубам, брыгадзірам, майстрам лесу, галоўным інжынерам і дырэктарам леспрамгаса. У 1956 г. рэабілітаваны. У 1956—1957 гг. — карэспандэнт газеты «Лесная промышленность» па Беларускай ССР.
Творчасць
У друку пачаў выступаць у 1925 г. Выдаў кнігі нарысаў «Крок у будучыню» (1931), «Землям» (1969), «Спатканні на дарогах: Запіскі карэспандэнта» (1978). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Шляхам герояў» (1932), «Яны былі першымі» (апавяданні і нарысы, 1970), «Аксамітны бляск» (1971). Напісаў кніжкі апавяданняў для дзяцей «Медунічкі» (1966), «Лясныя знаходкі» (1969), «Выдумшчыцы» (1971), «Стрэлы на зялёнай палянцы» (1973), «На ўсходзе сонца» (1982).
Зноскі
Літаратура
- Уладзімір Навумавіч Мяжэвіч // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Ліўшыц, У.М. Вядомы беларускі пісьменнік (пра Уладзіміра Мяжэвіча) У кн.: Раскопкі вакол Горацкага «Парнаса». Былі на Горацкай зямлі. Ішлі лісты ў Горкі. Землякі – прататыпы і героі літаратурных твораў. Галасы з Горацкага Парнаса. Літаратуразнаўчыя нарысы. У 3-х кнігах. Кніга 3. Горкі: 2019. С.107-110.