Уладзіслаў Вікенцьевіч Чаржынскі
Уладзіслаў Вікенцьевіч Чаржынскі (15 мая 1897[1], в. Старакаменная Сакольскага павета Гродзенскай губерні, цяпер Падляскае ваяводства, Польшча — 2 красавіка 1974, Казань; Псеўданімы: Уладзіслаў Дзяржынскі, Улідзе) — беларускі крытык, літаратуразнавец, перакладчык.
Біяграфія
Вучыўся ў Гродзенскай гімназіі, пасля яе эвакуацыі перавёўся ў Мінскую гімназію, якую скончыў у 1918. У 1918—1919 даваў прыватныя ўрокі ў мястэчках Крайск і Пасадзец на Лагойшчыне. У 1925 скончыў этнолага-лінгвістычнае аддзяленне БДУ. Вучобу сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасцю на рабфаку (1922—24). З 1922 пачаў выступаць з крытычнымі і літаратуразнаўчымі артыкуламі ў беларускім друку. У 1925 супрацоўнік часопіса «Полымя». Працаваў у Інбелкульце і БелАН; адначасова выкладаў у Камуністычным універсітэце Беларусі. Арыштаваны ДПУ БССР 28.6.1930 па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Высланы ў Казань тэрмінам на 5 гадоў. Застаўся жыць у Казані, працаваў там выкладчыкам у розных ВНУ. Пасля арышту і высылкі адышоў ад літаратурнай дзейнасці. Рэабілітаваны 10.6.1988.
Бібліяграфія
- Выпісы з беларускае літаратуры ХІХ і ХХ ст. з далучэннем уводных і крытычных артыкулаў… Мн., 1926;
- Да пытання аб псіхалагічным стылі нашаніўскай паэзіі. Мн., 1928;
- Янка Купала ў крытыцы нашаніўскіх сучаснікаў // Янка Купала ў літаратурнай крытыцы. Мн., 1928.
- Нарысы з гісторыі рэвалюцыйнага руху ў Расіі XIX―XX в.в. / М. Пакроўскі; пераклад У. Чаржынскага, 1925
- Аб Леніне і ленінізме : (лекцыі, чытаныя ў Свярдлоўскім універсітэце) / І. Сталін; пераклад У. Чаржынскага, 1925
Зноскі
- ↑ Чыгрын С.
Літаратура
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.