Уладзіслаў Чарняўскі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Чарняўскі.
Уладзіслаў Чарняўскі (14 студзеня 1916, засценак Амружын, Віленская губерня — 22 снежня 2001, Мінск) — беларускі каталіцкі святар. Перакладчык Бібліі і Катэхізіса на беларускую мову.
Біяграфія
Вучыўся ў Арляняцкай пачатковай школе, потым у мястэчку Крэва. Вучобу прадоўжыў у беларускай настаўніцкай школе ў Барунах. Пасля пераехаў у Друю, дзе скончыў пры кляштары марыянаў мясцовую гімназію (1937). З 1938 г. — у ордэне марыянаў.
У кастрычніку 1944 г. высвечаны на ксяндза ад архібіскупа М. Рэйніса. Служыў у Крэве (1944). У 2-й палове 1940-х г. вярнуўся ў Вільню, адпраўляў тут набажэнствы і вучыўся ў Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасля яе закрыцця ў 1945 г. служыў пры касцёле Св. Ігната. Са снежня 1953 г. выконвае святарскія абавязкі ў Беларусі ў мястэчку Вішнева (Валожынскі раён). У студзені 1968 г. быў запрошаны ў Рым, дзе прысутнічаў на аўдыенцыі ў Папы Паўла VI. Апостальскім пасадам быў прызначаны дарадчыкам пры Кангрэгацыі абрадаў.
Уладзіслаў Чарняўскі дабіўся папскага блаславення на тое, каб весці богаслужэнні па-беларуску. Доўгія гады ён быў адзіным святаром на Беларусі, хто вёў службу на роднай мове, у паўсядзённай душпастырскай дзейнасці звяртаўся да вернікаў з казаннямі па-беларуску. Вёў перапіску з беларускімі святарамі Ф. Чарняўскім і Ч. Сіповічам.
Пахаваны ў Вішневе.
Ушанаванне памяці
На стагоддзе з дня народзінаў Уладзіслава Чарняўскага, ў Вішневе, дзе той працаваў амаль 50 гадоў, адкрыўся музей святара[1].
Зноскі
- ↑ Музэй ксяндза Чарняўскага на Валожыншчыне асьвецяць 23 студзеня // svaboda.org 14 студзеня 20016 (бел. (тар.))
Літаратура
- Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны / Уклад.: Ю. Гарбінскі. — Мінск-Мюнхен: Беларускі кнігазбор, 1999. ISBN 985-6318-65-3
Спасылкі
- За беларускую мову яго называлі «камуністам». Узгадваем ксяндза Уладзіслава Чарняўскага
- «Беларусізацыя касьцёла пачатку 90-х абапіралася на падзьвіжніцкі прыклад ксяндза Ўладзіслава» // svaboda.org 17 студзеня 2016 (бел. (тар.))