Уна Лахт
У́на Лахт (эст.: Uno Laht; 30 красавіка 1924, г. Валга, Эстонія — 24 верасня 2008 Талін, Эстонія) — эстонскі пісьменнік.
Біяграфія
Вучыўся ў пачатковай школе і ў прагімназіі горада Валга, з 1937 года жыў у Локсе і працягваў вучобу ў 5-й рэальнай і 7-й сярэдняй школах Таліна.
Увосень 1940 года ўступіў у эстонскі камсамол. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны паступіў у знішчальны батальён і пазней быў эвакуіраваны разам з ім. У 1942 годзе быў мабілізаваны ў Эстонскі стралковы корпус, ваяваў камандзірам мінамётнага ўзвода ў званні малодшага лейтэнанта. Пад Вялікімі Лукамі атрымаў цяжкае раненне, быў эвакуіраваны ў тыл. Пасля выздараўлення працаваў у Казані і вучыўся ў Казанскім універсітэце, дзе вывучыў англійскую мову. Адтуль Лахта накіравалі на курсы камсамольскіх працаўнікоў у Пушкін. У 1944—1946 гадах Лахт быў аператыўным працаўніком НКДБ Эстонскай ССР і браў удзел у аперацыях супраць «лясных братоў».
У 1946—1951 гадах працаваў у рэдакцыі газеты Ноартэ Хяэль, у 1951—1953 гадах быў карэспандэнтам Рахва Хяэль, пазней кансультантам па паэзіі Саюза пісьменнікаў. У час працы журналістам пачаў публікаваць фельетоны, нарысы, апавяданні і вершы. У 1953 годзе ўступіў у КПСС, выйшаў з партыі ў 1986 годзе і зноў уступіў у 1992 годзе. Жыў у Таліне.
Творчасць
Зборнікам сатырычных вершаў «Малочныя зубы» (1954), «Запламбаваныя малочныя зубы» (1956), «Вэнджаныя вугры і росныя ружы» (1960), «Мая родная даматканая глуш» (1973), «Ружовы шум» (1981) і інш. уласцівы актуальнасць тэматыкі і сатырычная вастрыня. Аўтар зборнікаў гумарэсак і фельетонаў «Літаратурныя пародыі» (1969), навел «Ліквідацыя бардэля» (1974), прозы «На падножным корме» (1982), у якіх своеасабліва спалучаны сатырычныя і рамантычныя элементы, п’ес.
Пераклады
На беларускую мову асобныя вершы Лахта пераклаў У. Шахавец.
Зноскі
- ↑ Лахт Уно // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 27 верасня 2015.
- ↑ Uno Laht // Eesti biograafiline andmebaas ISIK Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ http://www.postimees.ee/?id=36417
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #186418752 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 14 кастрычніка 2015.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1999. — Т. 9: Кулібін — Малаіта. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх