wd wp Пошук:

Усевалад Мікалаевіч Сцебурака

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сцебурака. Усевалад Мікалаевіч Сцебурака (нар. 17 ліпеня 1981, Жлобін) — беларускі паэт, шоумен, тэлевядучы. Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» (2004).

Біяграфія і адукацыя

Нарадзіўся ў сям’і дактароў Мікалая і Інэсы Сцебуракаў. Малодшы брат — Анатоль Сцебурака — беларускі гісторык, дацэнт БДУ. У дзяцінстве жыў у г. Жлобін і вёсцы Амговічы Слуцкага раёна Мінскай вобласці. У 1990 годзе сям’я пераехала ў г. Вілейку, дзе Усевалад атрымаў сярэднюю адукацыю ў гарадской гімназіі. Скончыў гістарычны факультэт БДПУ імя М. Танка ў 2003 годзе, аспірантуру па спецыяльнасці «Гісторыя Беларусі» БДТУ ў 2006 годзе. З 1998 года жыве ў Мінску. Жанаты — жонка Вера Сцебурака (дзявочае Перагудава), у мінулым актывістка беларускіх моладзевых арганізацый («Моладзь БНФ» і інш.)

Праца

Працаваў на пасадзе навуковага супрацоўніка ў Дзяржаўным музеі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь. У 2003—2010 гадах выкладаў гістарычныя дысцыпліны ў БДТУ і БДПУ. З 2012 года працуе ў ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» (ГА СБП). У 2012—2017 гг. на пасадзе памочніка старшыні, з сакавіка 2017 года — намеснік старшыні ГА СБП[1].

З 2015 супрацоўнічае з тэлеканалам «Белсат» у якасці вядучага праграмы «Размова» (2015—2019 гг.). З 2018 г. як вядучы і сцэнарыст працуе ў сатырычным праекце тэлеканала «Белсат» — «Хай так ТВ», што стаў пілотнай айчыннай версіяй папулярнага фармата Late night show. У працы над першым у гісторыі беларускага тэлебачання вечаровым шоу таксама бяруць удзел многія вядомыя дзеячы культуры (кліпмейкер Мацей Сабураў, бард Яўген Барышнікаў, акцёр Дзмітрый Есяневіч, паэт Віталь Рыжкоў і інш.) Праект робіцца заўважнай з’явай у беларускім гумары.

Як шоумен Усевалад Сцебурака вядзе шматлікія культурныя мерапрыемствы, сярод якіх беларускія літаратурныя прэміі: «Дэбют» імя Максіма Багдановіча, «Лепшая паэтычная кніга года» імя Наталлі Арсенневай, «Вершы на асфальце» імя Міхася Стральцова, прэзентацыі культурніцкай кампаніі Будзьма беларусамі і інш, а таксама як маршалак вядзе іншыя святы беларускай грамады[2]. Разам з народнай артысткай Рэспублікі Беларусь Зінаідай Бандарэнка вёў урачыстую частку вялікага святочнага канцэрту «БНР-100» у Мінску 25 сакавіка 2018 года[3]. Неаднаразова становіцца вядучым на святкаванні дзён нацыянальных культур Швецыі і Польшчы ў Мінску.

З 2017 года ўваходзіць у Раду ГА СБП і Вялікую Раду Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».

Творчасць

Пачаў друкавацца ў 1999 годзе на старонках «Нашай Нівы». Паэзія і проза з’яўлялася ў газетах і альманахах: «Рэгіянальнай газеце», «Родзічах», «ЛіМ», «Літаратурная Беларусь», часопісах «Куфэрак Віленшчыны», «Дзеяслоў», ARCHE, у перакладзе на польскую мову ў часопісе «Pobocza», проза перакладалася на ўкраінскую мову[4].

Лаўрэат прэміі «Залаты апостраф» часопіса «Дзеяслоў» у намінацыі «Лепшы дэбют» (2004). Прызёр Астравецкага паэтычнага слэму (2012)[5]. Удзельнік шматлікіх літаратурных фестываляў: «Бязмежжа» (Польшча), паэтычнага фестывалю памяці імя Міхася Стральцова, памяці Анатоля Сыса, памяці Ніны Мацяш «Бабіна лета» (Беларусь) і інш. Браў удзел у папулярных паэтычных праектах: «Начная чытанка», «Галасы паэтаў», «Чорна-белыя вершы»[6].

Першая кніга вершаў і малой прозы «Крушня»[7] выйшла ў бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў», другая — «Бег па самаадчуванні»[8] ў выдавецкай серыі «Кнігарня пісьменніка». Трэцяя кніга вершаў «Сны дарог» (Мінск, 2017 г.).

Шэраг вершаў паэта сталі песнямі беларускіх музыкаў — мінскага гурта «S°unduk» (Сундук)[9], магілёўскага гурта «Zatoczka»[10].

Сябра ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» з 2010 года.

Бібліяграфія

  • «Крушня» (2007);
  • «Бег па самаадчуванні» (2013)
  • «Сны дарог» (2017)

Зноскі

  1. Структура ГА «СБП»
  2. Таццяна Гусева. 5 парадаў вясельнага маршалка // Салідарнасць
  3. Стала вядома, хто будзе вядучымі на Дзень Волі // Наша Ніва
  4. Як риба об лід. Антологія учасного білоруського оповідання. Київ, 2015.
  5. Астравецкі паэтычны слэм
  6. Чорна-белыя вершы. Усевалад Сцебурака
  7. Крушня на kamunikat.org
  8. Абранец лёсу, або «Бег па самаадчуванні» Усевалада Сцебуракі
  9. Сёння ня мой дзень
  10. ZATOCZKA «Kachańnie»

Літаратура

  • Arnold McMillin Spring Shoots: Young Belarusian Poets in the Early Twenty-First Century. — Cambridge, 2015.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be