Фларыян Паўлавіч Ждановіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Ждановіч. Фларыян Паўлавіч Ждановіч (16 (28) кастрычніка 1884, Мінск — 22 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС; Псеўданімы: Алесь Крэсік, Иван Карась) — беларускі акцёр, рэжысёр, тэатральны дзеяч, адзін з заснавальнікаў беларускага прафесійнага тэатра. Брат А. П. Ждановіча.
Біяграфія
Скончыў Варшаўскую драматычную школу (1902). Працаваў акцёрам у польскіх тэатрах Беларусі. Далучыўся да беларускага культурніцкага руху; у 1913 годзе ў Радашковічах паставіў «Паўлінку» Я. Купалы; падрыхтаваў мастацкую праграму «Беларускі кірмаш». Арганізаваў драматычны гурток, які пасля паказу ў Старым Сяле пад Мінскам спектакля «Па рэвізіі» М. Крапіўніцкага быў забаронены ўладамі. Каб пазбегнуць арышту, выехаў у Крым, дзе выступаў на рускай сцэне. Да Лютаўскай рэвалюцыі (1917) працаваў у Мінскай гарадской думе.
Адзін са стваральнікаў Першага таварыства драмы і камедыі, у 1917—1920 гадах яго мастацкі кіраўнік і рэжысёр. У 1919 годзе некаторы час працаваў у Вільні, дзе паставіў «Раскіданае гняздо» Я. Купалы.
У складаных умовах нямецкай і польскай акупацыі ствараў беларускі нацыянальны тэатр. Пад кіраўніцтвам Ф. Ждановіча 14.9.1920 года ў Мінску адкрыўся Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1; цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я. Купалы), дзе ён быў першым мастацкім кіраўніком і акцёрам. Адначасова ў Наркамаце асветы БССР курыраваў беларускія тэатры. З 1922 года ў акцёрскім складзе тэатра.
3 1926 года пачаліся ганенні. Фларыян Ждановіч арыштаваны ДПУ БССР 19.7.1930 года па справе «Саюза вызвалення Беларусі». Асуджаны 10.4.1931 года калегіяй АДПУ як «член контррэвалюцыйнай арганізацыі» да 5 гадоў ППК (адбываў у Беламорска-Балтыйскім лагеры, пасля зняволення вяртанне ў Беларусь не было дазволена[1]). У 1937—1938 годзе арыштаваны паўторна і расстраляны[1]. Рэабілітаваны 11.7.1958 года Вярхоўным судом БССР. Групавая справа Ф. Ждановіча і іншых № 20951-с з фотаздымкам захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Быў двойчы жанаты, першая жонка — Пралеска, актрыса Першага таварыства драмы і камедыі; другая — Гелена Маеўская. Меў дваіх дзяцей, яго дачка — Ірына Ждановіч — актрыса, Народная артыстка БССР.
Творчасць
Ф. Ждановіч зрабіў першыя пастаноўкі беларускай драматургічнай класікі, паводле твораў Я. Купалы, Я. Коласа, Ф. Аляхновіча, У. Галубка, К. Каганца, К. Буйло і інш. Як рэжысёр абапіраўся на практыку папярэднікаў (І. Буйніцкага і інш.) і традыцыі беларускага народнага тэатра, імкнуўся да жыццёвай дакладнасці і праўдзівасці, шырока выкарыстоўваў у пастаноўках народную музыку, спевы.
Перакладаў на беларускую з польскай, рускай і ўкраінскай моў.
Акцёр шырокага творчага дыяпазону, стваральнік яркіх драматычных і камедыйных вобразаў. Яго акцёрскай індывідуальнасці ўласцівы глыбокае пранікненне ў псіхалагічную сутнасць характару, асэнсаванне сацыяльнай прыроды персанажаў, выразны вонкавы малюнак ролі, жанравая разнастайнасць: Быкоўскі, Сымон («Паўлінка», «Раскіданае гняздо»), Рычард Даджэн («Вучань д’ябла» Б. Шоу), цётка Чарлея («Цётка з Бразіліі» Б. Томаса).
Зноскі
- 1 2 Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1998. — Т. 6: Дадаізм — Застава. — С. 432. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0106-0 (т. 6), ISBN 985-11-0035-8.
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 3: Гімназіі — Кадэнцыя / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 1996. — С. 368. — 527 с.: іл. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0041-2.
- Тэатральная Беларусь: энцыклапедыя: у 2 т. / пад агульн.рэд. А. В. Сабалеўскага. — Мн.: БелЭн, 2002. — Т.1. — С. 408.
- Культура Беларусі: энцыклапедыя / рэдкал.: Т. У. Бялова (гал. рэд.) [і інш.]. — Мн.: Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2012. — Т. 3. — С. 623. — 688 с. — 3 000 экз. — ISBN 978-985-11-0662-8.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 3. Кніга 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Мн., 2005.
- Атрошчанка А. Фларыян Ждановіч: Біяграфічны нарыс. — Мн., 1972.
- Сабалеўскі А. Асоба мастака: Літ.-крытыч. артыкулы. — Мн., 1992.
- Міхнюк У. Фларыян Ждановіч: Матэрыялы да біяграфіі // Тэатральная творчасць № 6, 1996.