Францішак Ляхоцкі
Франці́шак Ляхо́цкі (польск.: Franciszek Lachocki; 1899, Пружаны, Расійская імперыя — 13 верасня 1988, Пенсільванія, ЗША) — польскі паэт-эмігрант беларускага паходжання.
Біяграфія
Нарадзіўся ў Пружанах у сям’і мясцовага шляхціца Міхаіла. Унук Ксаверыя Ляхоцкага, маршалка пружанскай шляхты ў канцы XIX стагоддзя. Дзяцінства правёў у маёнтку сям’і ў вёсцы Росахі. У 1915 годзе сям’я эвакуіраваная ўглыб Расіі.
Па вяртанні ў Пружаны жыў на вуліцы Замкавай, працаваў школьным інспектарам, пасля ў фінаддзеле.
Арыштаваны 24 сакавіка 1940 года з прыходам у Заходнюю Беларусь Саветаў. 21 жніўня асуджаны на 8 гадоў у папраўча-працоўным лагеры ва Ухце, а яго сям’я дэпартаваная ў Казахстан. 8 верасня 1941 года амніставаны і разам з сынамі далучыўся да фарміраванай Арміі генерала Андэрса. У 1942 годзе разам з арміяй пакінуў СССР, ваяваў у I корпусе ў Шатландыі.
Пасля вайны асеў у Вялікабрытаніі, дзе скончыў курсы садаводства і агародніцтва, працаваў па спецыяльнасці. З 1950 года — у ЗША, горад Блумфілд. Некаторы час вёў ліставанне з настаўніцай з Пружанаў Варварай Шпакоўскай.
Памёр 13 верасня 1988 года. Пахаваны ў Дойлстаўне(англ.) бел. (Пенсільванія). Рэабілітаваны 12 ліпеня 1989 года[1].
Творчасць
Паэтычныя зборнікі «Ластаўчыны гнёзды» (1970), «Дом з лістоўніцы» (1971), «На бярозавай кары» (1980), «За карункавыя вечары» (1984), «Над Мухаўцам» і «Палессе» (1987), у якіх апяваў роднае Палессе.
Апавяданне «Споведзь».
Па смерці Францішка Ляхоцкага яго кнігі перадаў польскаму аддзелу бібліятэкі ў Нью-Брытэне (Канектыкут, ЗША) Ян Вуйцік[2].
Пераклады на беларускую мову
- Ляхоцкі Францішак. Палессе = Polesie. — Студзіводы: Orthdruk. — С. 64. — (бібліятэка Беларускага Гістарычнага Таварыства). — ISBN 978-83-925074-9-9. (пераклад Віктар Швед). 9 кастрычніка 2010 года гэты пераклад быў прэзентаваны ў «Пружанскім палацыку».
Зноскі
- ↑ «Не губляйце майго прозвішча…»(нявызн.). Брестская область. Новости Беларуси (25 кастрычніка 2010). Праверана 28 лістапада 2011.(недаступная спасылка)
- ↑ Stanisława Mocek. Forum czytelników // Echa Polesia. — 2009. — № 4 (24). — С. 64.
Літаратура
- Здановіч Іван Юльянавіч. Ляхоцкі Францішак // Рупліўцы беларускага нацыянальнага адраджэння з Пружаншчыны: Грамадска-літаратурны даведнік. — Брэст: «Альтернатива», 2008. — С. 167—168. — ISBN 978-985-6843-85-6.
- Наталля Пракаповіч. Доўгая дарога дамоў, ці Адкрыццё паэта Францішака Ляхоцкага // Газета для вас. — Івацэвічы: 22 кастрычніка 2010. — № 773.
Спасылкі
- Кароткі жыццяпіс на Камунікаце
- Franciszek Lachocki(польск.) // Echa Polesia