Фрыдрых II Вялікі
Фрыдрых II, ці Фрыдрых Вялікі, вядомы таксама па мянушцы Стары Фрыц (ням.: Friedrich II., Friedrich der Große, Alter Fritz; 24 студзеня 1712, Берлін — 17 жніўня 1786, Сан-Сусі, Патсдам) — кароль Прусіі ў 1740—1786 гадах.
Яркі прадстаўнік асветніцкага абсалютызму і адзін з заснавальнікаў пруска-германскай дзяржаўнасці.
Біяграфія
Дзяцінства
Фрыдрых нарадзіўся ў Берліне 24 студзеня 1712 года, пры хрышчэнні атрымаў імя Карл-Фрыдрых. Яго бацька — кароль Прусіі Фрыдрых Вільгельм I з дынастыі Гогенцолернаў, маці — Сафія Даратэя Гановерская, дачка караля Англіі Георга I. Фрыдрых быў трэцім і самым старэйшым (два яго старэйшыя браты памерлі ў маленстве) сынам у гэтай шматдзетнай каралеўскай сям’і, дзе агулам нарадзілася 14 дзяцей. Найбольшае сяброўства маленькі прынц меў са сваёй старэйшай сястрой Вільгельмінай, будучай маркграфіняй Байрэйцкай.
Першай яго выхавацелькай была французская эмігрантка мадэмуазель дэ Ракуль, якая зарадзіла ў ім любоў да французскай літаратуры. На сёмым годзе Фрыдрыха аддалі пад нагляд настаўніка Дзюгана, які яшчэ больш умацаваў яго схільнасць да ўсяго французскага. Бацька імкнуўся выхаваць з Фрыдрыха ваяра, аднак прынц цікавіўся музыкай, філасофіяй і танцамі. У выніку, Фрыдрых Вільгельм палічыў яго нікчэмным спадкаемцам і доўгі час імкнуўся перадаць сталец свайму малодшаму сыну Аўгусту-Вільгельму, больш задавальняламу яго густам.
Маладосць. Канфлікт з бацькам
Канфлікт з дэспатычным бацькам выліўся ў спробу ўцёкаў у Англію ў васемнаццацігадовым узросце, на якую ён вырашыўся разам з лейтэнантам Гансам Германам фон Катэ. Спроба не ўдалася, Фрыдрых і Катэ былі заключаны ў крэпасць (Фрыдрых — у Кюстрыне), пасля чаго Фрыдрых Вільгельм выказаў намер судзіць абодвух за дэзерцірства і пакараць смерцю. Зрэшты, Фрыдрыху было абяцана прабачэнне на ўмовах адмовы ад правоў на сталец, чаго ён аднак не прыняў. Катэ быў сапраўды асуджаны і абезгалоўлены, аднак датычна Фрыдрыха яго бацька сутыкнуўся з рэзкай апазіцыяй свайму намеру спачатку з боку суда, які адмовіўся судзіць кронпрынца, а затым і Ваеннай рады; да гэтага дадаўся і дыпламатычны ціск з боку іншых еўрапейскіх двароў. Урэшце Фрыдрых быў вызвалены, але некаторы час прабыў у ссылцы ў Кюстрыне, быў прызначаны членам ваенна-судной рады Неймаркскай акругі (але з правам толькі дарадчага голасу). Заключэнне і ссылка працягнуліся больш за два гады (жнівень 1730 — лістапад 1732), пасля чаго Фрыдрых быў канчаткова дараваны і прызначаны шэфам пяхотнага палка.
У 21 год ён па бацькоўскай волі ажаніўся з Лізаветай Крысцінай Браўншвейгскай і атрымлівае баявое хрышчэнне ў вайне за польскую спадчыну (1733—1735), служачы пад камандаваннем знакамітага палкаводца Яўгена Савойскага, пахвалы якога ён удастоіўся.
У маладосці Фрыдрых піша палітычны трактат «Антымакіявелі», у якім з пазіцыі асвечанага абсалютызму крытыкуе цынізм вядомага твора Н. Макіявелі «Уладар». Трактат быў адрэдагаваны і выдадзены (ананімна) Вальтэрам, з якім Фрыдрых тады ўжо быў у ажыўленай перапісцы.
Зноскі
- 1 2 Frederick the Great // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 Frederick II // International Music Score Library Project — 2006. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118535749 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
- ↑ verschiedene Autoren Allgemeine Deutsche Biographie / Hrsg.: Historische Commission bei der königl. Akademie der Wissenschaften — Duncker & Humblot, 1875.
- ↑ (unspecified title) Праверана 7 жніўня 2020.