Фёдар Іванавіч Цютчаў
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Цютчаў.
Фёдар Іванавіч Цютчаў (руск.: Фёдор Ива́нович Тю́тчев; (23 лістапада (5 снежня) 1803, Аўстуг, Бранскі павет, Арлоўская губерня — 15 (27) ліпеня 1873, Царскае Сяло) — рускі паэт, дыпламат, кансерватыўны публіцыст, член-карэспандэнт Пецярбургскай АН з 1857 г.
Біяграфія
Жыў у Мюнхене, Турыне, Парыжы, быў знаёмы з Г. Гейнэ і Ф. В. Шэлінгам. Удзелу ў літаратурным жыцці не браў і ніколі сам сябе не зваў літаратарам. Захавалася каля 400 ягоных вершаў, некаторыя радкі з якіх вельмі часта цытуюцца ў Расіі.
Ягоныя раннія вершы належаць паэтычнай традыцыі XVIII стагоддзя. У 1830-х гадах у іх асабліва моцныя традыцыі еўрапейскага, асабліва нямецкага, рамантызму. Гэта ў большасці філасофская, медытатыўная, лірыка, асноўныя тэмы якой — разважанні аб светабудове, чалавечым лёсе, натуры. У 1840-я гады ён піша некалькі палітычных артыкулаў, прысвечаных праблеме ўзаемаадносінаў Расіі і Заходняй цывілізацыі. У 1850-х гадах Цютчаў стварае шмат пранізлівых любоўных вершаў, у якіх каханне асэнсоўваецца як трагедыя. Пазней яны былі аб’яднаныя ў гэтак званае «Дзянісьеўскае кола», г. зн. цыкл вершаў, прысвечаных палюбоўніцы паэта Алене Аляксандраўне Дзянісьевай. У 1860-я і 1870-я гады ў творчасці Цютчава пераважаюць палітычныя вершы.
Найбольш знакаміты ягоны верш — «Silentium!» («Маўчанне»), горкі заклік да маўчання, шкадаванне аб тым, што адзін чалавек ніколі не можа цалкам зразумець іншага. Радок «Мысль изреченная есть ложь» («Думка сказаная ёсць хлуснёю») — адзін з тых афарызмаў Цютчава, што цытуюцца часцей за іншыя, таксама як «Умом Россию не понять» («Розумам Расею не зразумець») і «Нам не дано предугадать, как слово наше отзовется» («Нам ня дадзена прадбачыць, як адгукнецца наша слова»).
Даследаваннем цютчаўскай паэзіі як неад’емнай часткі паэтыка-медытатыўнай культуры займаецца беларускі літаратуразнаўца Ю. С. Пятачкоў (Мінск) [3]. Ім паказаны своеасаблівы і арыгінальны ўклад рускага філосафа ад паэзіі ў развіццё паэтычнай медытацыі як асобага рода лірыкі, рэпрэзентантам якога з’яўляецца неад’емнае злучэнне ў паэтыка-мастацкім слове філасофіі, паэзіі і рэлігіі. У Рэспубліцы Беларусь вывучэнне Ф. І. Цютчава надта лакальнае, амаль пункцірнае (Г. М. Юсцінская (Мінск), Н. Баршчэўская (Брэст), В. Вільхавая (Брэст) і інш.). Беларускіх цютчаведаў з цяжкасцю можна вызначыць. За выключэннем хіба што Л. В. Пумпянскага (беларуса па паходжанні, вядомага рускага літаратуразнаўцу і цютчаведа). Сярод украінскіх ураджэнцаў — асабліва вызначаюцца А. Э. Палонскі, кандыдат тэхналагічных навук і кібернетык, Л. У. Тодараў (вядомы савецка-рускі літаратуразнаўца).
Зноскі
- 1 2 3 4 Пигарёв К. В. Тютчев // Краткая литературная энциклопедия — М.: Советская энциклопедия, 1962. — Т. 7.
- 1 2 3 А. Горнфельд Тютчев, Федор Иванович // Энциклопедический словарь — СПб.: Брокгауз — Ефрон, 1902. — Т. XXXIV. — С. 370–374.
- ↑ Пятачкоў, Ю. С. Немецкая классическая философия и философские учения Востока как основа поэтического творчества Ф. И. Тютчева и Э. Э. Дикинсон: магистерская диссертация [Текст] / Ю. С. Пятачкоў. — Мінск, БДПУ, 2014. — 88 с.
Спасылкі
Фёдар Іванавіч Цютчаў у Вікіцытатніку | |
Фёдар Іванавіч Цютчаў у Вікікрыніцах | |
Фёдар Іванавіч Цютчаў на Вікісховішчы |