Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі
Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (Еўлашэўскі) (7 лютага 1546, Ляхавічы, Навагрудскае ваяводства, цяпер у Брэсцкай вобласці — 1616) — пісьменнік і грамадскі дзеяч у Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай.
Аўтар аднаго з першых узораў старабеларускай мемуарнай літаратуры — «Дзённіка» (1603—1604). Падсудак наваградскага земскага суда (з 1592), пасол ад шляхты Наваградскага павета на Варшаўскі вальны сойм (1576). Аўтар вядомага азначэння «Залаты век», якое адносіў, пераважна, да 3-й чвэрці 16 ст.[1]
Біяграфія
3 дробнапамеснай шляхты. Самаадукацыяй набыў значныя веды ў матэматыцы, справаводстве і юрыспрудэнцыі, дзякуючы чаму карыстаўся павагай у сучаснікаў. У час Лівонскай вайны 1558—1583 гадоў браў удзел у бітве на Уле (1564), пасля ўдзельнічаў у шэрагу войнаў, але быў перакананы ў бязглуздасці войнаў агулам. Стаў прыхільнікам пратэстантызму. Адукаваны юнак хутка звярнуў на сябе ўвагу магнатаў, М. К. Радзівіла Сіроткі, Я. Хадкевіча, К. Астрожскага, якія даручалі яму весці важныя судовыя справы. У Вільні ў час эпідэміі захварэў хранічнай хваробай (магчыма, т.зв. англіскай гарачкай).
Прымаючы пад увагу юрыдычныя здольнасці і багаты практычны вопыт свайго земляка, яго вядомасць пры каралеўскім двары, а таксама ўдзел у Люблінскім сойме 1569 года, навагрудская шляхта ў 1579 паслала Ф. Еўлашоўскага сваім павятовым паслом на Варшаўскі вальны сойм. 3 гэта часу Ф. Еўлашоўскі на службе ў Жыгімонта II Аўгуста, з 1572 у М. К. Радзівіла Сіроткі. У 1576 у Торуні сустракаўся са Стафанам Баторыем. Паводле каралеўскага прывілея з 1577 займаў пасаду пінскага і сервецкага мастаўнічага. Разам з навагрудскім суддзёй А. Трызнам яму было даручана прыняць удзел у выпрацоўцы тэксту «Трыбунала» — статута вышэйшага апеляцыйнага суда Вялікага Княства Літоўскага. У 1584 годзе прымаў удзел у сесіях Ваўкавыскага, Мінскага, Навагрудскага і Слонімскага паветаў, запрошаны на пасаду судовага абвінаваўцы. Калі ў 1592 годзе ў новагародскім земскім судзе аказалася вакантным месца падсудка, у ліку чатырох іншых прэтэндэнтаў ваяводская шляхта абрала яго сваім кандыдатам. Ф. Еўлашоўскі займаў гэту пасаду да 1613 года.
Мемуары
Асноўны артыкул: Дзённік Фёдара Еўлашоўскага Ф. Еўлашоўскі вядомы як аўтар першых мемуараў на беларускай мове. Дзённік быў пачаты ў 1603 магчыма, пад уплывам дыярыуша М. К. Радзівіла Сіроткі «Паломніцтва да святой зямлі». Апошні запіс у творы датуецца 1604. Першая старонка рукапісу з загалоўкам не захавалася, таму мемуары даследчыкі называюць «дзённікам», «успамінамі», «гістарычнымі запіскамі» (у найбольшай ступені адпавядае зместу). «Гістарычныя запіскі» — адзіны вядомы твор з літаратурнай спадчыны пісьменніка.
У жанравым плане гэта класічны мемуарны твор з элементамі мастацка-літаратурнага вымыслу. Мемуары носяць аўтабіяграфічны характар, факты ў іх пададзены ў строгай храналагічнай паслядоўнасці. Пераважна, аўтар запісваў звесткі пра сваё жыццё, пра асабістыя ўражанні. Між іншым, падаюцца звесткі пра асобныя гістарычныя падзеі 16—17 ст.: асобныя бітвы Лівонскай вайны (1558—1583), прыёмы каралямі Рэчы Паспалітай замежных паслоў, заключэнне Люблінскай уніі (1569), выбары каралёў. Але буйнейшыя пытанні палітыкі не закранаюцца, бо аўтар лічыў гэта прэрагатывай магнатаў.
Зноскі
- ↑ Паводле (Падокшын 2002).
Літаратура
-
І. Щоденник новгородського підсудка Федора Євлашевського. 1564–1604 // Мемуари до історії Південної Русі: Випуск 2 (перша половина XVII ст.). Ф. Євлашевський, Я. Собеський, походи 1625 та 1628 рр., С. Окольський, Г. Боплан, звільнення невільників, Б. Машкевич / За редакціею В.Антоновича, пер. з рос. І.С. Голуб; передм. В.С. Мороза; худож.оформ. А.П. Дерев’янка. - Дніпропетровськ: Січ, 2006. - 439 с. – ISBN 966-511-294-5 – С. 7-44.
- Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі «Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы». — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. ISBN 985-417-858-7. С. 56-57;
- Беларуская энцыклапедыя. Т. 6. — Мн., 1998;
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі. Т.2. — Мн., 1985;
- Свяжынскі У. Еўлашоўскі Фёдар Міхайлавіч // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. — Т. 3. — Мінск, 1996. — С. 357;
- Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн. Т. 2. — Мн., 1993;
- Асветнікі зямлі беларускай: Х — пачатак ХХ ст.: энцыкл. давед. — Мн., 2001;
- Енциклопедія українознавства. Т. 2. — Львів, 1993;
- Свяжынскі У. Дыярыуш і Еўлашоўскі: [пра грамадскага дзеяча і пісьменніка эпохі Вялікага Княства Літоўскага Фёдара Еўлашоўскага] // Краязнаўчая газета. — 2006. — Сак. (№ 12);
- Саверчанка І. Фёдар Еўлашоўскі — класік мемуарыстыкі: [пра пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча XVI—XVII стст.] // Літаратура і мастацтва. — 2006. — 23 чэрв. (№ 25). — С. 14;
- Свяжынскі У. М. «Гістарычныя запіскі» Ф. Еўлашоўскага / АН БССР, Ін-т мовазнаўства імя Я. Коласа. — Мн.: Навука і тэхніка, 1990. — 121, [2] с.;
- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мінск: Кнігазбор, 2007. — («Беларускі кнігазбор»)— С. 334—349;
- Таранеўскі В. У. Штрыхі да «Успамінаў» Ф. Еўлашоўскага і «Реестра списань…» Ф. Кміты-Чарнабыльскага: [прысвечана мемуарнай літаратуры Беларусі другой паловы XVI — пачатку XVII ст.] // Ученые записки УО «ВГУ им. П. М. Машерова»: сборник научных статей / Министерство образования Республики Беларусь, Витебский государственный университет им. П. М. Машерова; [редколлегия: А. В. Русецкий (главный редактор) и др.]. — Т. 6. — С. 177—190.