wd wp Пошук:

Хаймэ Мендоса Гансалес

Ха́ймэ Мендо́са Ганса́лес (ісп.: Jaime Mendoza Gonzáles; 25 ліпеня 1874, Сукрэ, Балівія — 26 студзеня 1939) — балівійскі ўрач, паэт, філантроп, пісьменнік і географ.

Скончыўшы універсітэт Святога Франсіска Хаўера (ісп.: Universidad Mayor Real y Pontificia San Francisco Xavier de Chuquisaca) у 1901 годзе і стаўшы ўрачом, Мендоса заўсёды вылучаўся гуманістычным аспектам у сваёй дзейнасці. Гэта праявілася ў працы, якую ён выконваў у некалькіх горных раёнах краіны, дзе акрамя сваёй медыцынскай працы ён праводзіў і дадатковую сацыяльную работу. Апроч таго, ён бесперапынна дапаўняў свае медыцынскія даследванні падчас паездак у іншыя краіны.

Хаймэ Мендоса таксама служыў у такіх галінах, як ваенная (быў хірургам батальёна), выкладчыцкая (быў прафесарам, дэканам і рэктарам універсітэта), палітычная (быў намеснікам сенатара Рэспублікі і кандыдатам у прэзідэнты) і карэспандэнцкая (працаваў у некаторых газетах).

Мендоса зрабіў вялікую колькасць публікацый як літаратурнага, так і навуковага характару (напрыклад, «У зямлі Патасі» (ісп.: En las tierras de Potosí) і «Запіскі лекара» (ісп.: Apuntes de un médico)). Ён лічыцца папярэднікам апісальнага рэалізму, які стаў папулярным у ХХ стагоддзі. За сваю працу Хаймэ Мендоса атрымаў некалькі ўзнагарод і прэмій як пры жыцці, так і пасмяротна.

Біяграфія

Хаймэ Мендоса нарадзіўся 25 ліпеня 1874 года ў Сукрэ. Сын Хасэ Марыі Мендосы, які быў адвакатам і паэтам, і Габіны Гансалес[1]. Ён атрымаў ступень доктара медыцыны ва ўніверсітэце Святога Франсіска Хаўера 2 ліпеня 1901 года. Яго дысертацыя на тэму «Туберкулёз у Сукрэ» (ісп.: «La Tuberculosis en Sucre»), якая была напісана 22 чэрвеня, была выдатнай работай як з медыцынскай, так і з сацыяльнай кропак гледжання[1]. Пасля гэтага Мендоса пераехаў у шахцёрскія гарады горнага раёнаː Унцыю і Лалагуу, дзе ён пачаў практыку ў якасці бальнічнага лекара. Яго праца была цесна звязана з барацьбой супраць туберкулёзу. Знаходзячыся там, ён заснаваў некалькі школ, бальніц і спартыўных цэнтраў[1][2][3]. Гэты вопыт натхніць яго на публікацыю «У зямлі Патасі» (ісп.: «En las tierras de Potosí») некалькімі гадамі пазней[4].

У 1903 годзе ён далучыўся да ваеннага жыцця сваёй краіны ў якасці хірурга экспедыцыйнага батальёна падчас вайны за Акры супраць Бразіліі[1][2].

У 1906 годзе Мендоса адправіўся ў Чылі з мэтай дапоўніць свае медыцынскія даследаванні. Па дарозе туды ён пазнаёміўся і пасябраваў з пісьменнікам Габрыэлем Рэнэ Марэнам.[1] Праз некалькі гадоў, з 1911 па 1914, ён падарожнічаў па розных еўрапейскіх краінах — Іспаніі, Францыі, Германіі і Англіі — каб працягнуць вывучэнне сваёй прафесіі. У гэтых падарожжах ён сустрэў шмат пісьменнікаў, амерыканскіх і еўрапейскіх, такіх як Рубэн Дарыа, Эмілія Бабадылья, Руфіна Бланка Фамбона і іншыя[1][2].

Вярнуўшыся ў Балівію, Мендоса быў дэканам медыцынскага факультэта ўніверсітэта Святога Франсіска Хаўера, у якім вучыўся сам, а таксама быў там прафесарам агульнай паталогіі, унутранай паталогіі і псіхіятрыі. Ён таксама з’яўляўся прафесарам судовай медыцыны ў юрыдычнай школе, а пасля стаў рэктарам універсітэта[1]. Пазней Хаймэ Мендоса заняўся палітыкай, дзе заняў пасаду намесніка, а пазней сенатара Рэспублікі, прадстаўляючы дэпартамент Чукісака ў 1931 годзе. У парламенце ён вылучаўся актыўнымі спробамі знайсці рашэнне чакскага канфлікту з Парагваем[3]. Пазней ён таксама балаціраваўся ў прэзідэнты, але не быў абраны[1].

Мендоса таксама меў журналісцкі вопыт, працуючы ў газетах «Рэспубліка» (ісп.: «La República») і «Новыя маршруты» (ісп.: «Nuevas Rutas») у 1917 і 1919 гадах адпаведна[5]. Апроч таго, ён пісаў і для іншых газет у Ла-Пасе («El Diario», «La Razón», «La Opinión y Fígaro») і ў Сукрэ («La Mañana», «La Prensa y El País»)[1][5][6].

Літаратурная праца

Балівійскую тэрыторыю можна параўнаць з вялікай сілай, чые вежы падымаюцца вакол плато, але чые ногі з аднаго боку тонуць у моры, а з другога — абапіраюцца на цэнтральныя раўніны кантынента. / Такім чынам, Балівія з'яўляецца простым кангламератам. Аднак, гэты захапляльны сінтэз фізічных фактараў робіць балівійскую тэрыторыю прыдатнай для таго, каб пабудаваць вялікую нацыю. (ісп.: Se podría comparar el territorio boliviano con una gran fortaleza cuyos torreones se levantan en torno de la altiplanicie, pero cuyos pies llegan por un lado a mojarse en el mar, y por otro a apoyarse en las llanuras centrales del continente. / No es, pues, Bolivia un simple 'conglomerado'. Es, por el contrario, una admirable síntesis de factores físicos que hacen de su territorio un terreno apropiado para construir, con él, una gran nación.)[2].
Хаймэ Мендоса

Хаймэ Мендоса лічыцца адным з асноўных папярэднікаў апісальнага рэалізму, які ў ХХ стагоддзі меў вялікі поспех ў лацінаамерыканскай літаратуры[4]. Рубэн Дарыа называў яго «балівійскі Горкі», намякаючы на ўплыў Максіма Горкага на яго творы[1].

Некаторыя з яго літаратурных твораў ніколі не былі апублікаваныя[3].

«У зямлі Патасі»

Мендоса апублікаваў «У зямлі Патасі» ў 1911 годзе. Назву да гэтай працы яму прапанаваў пісьменнік Альсідэс Аргедас, які таксама напісаў прадмову да твора, які першапачаткова меў назву «Марцін Марцінэс» (ісп.: Martín Martínez)[3].

Твор з’яўляецца хронікай жыцця Марціна Марцінэса, студэнта юрыдычнага факультэта, які адпраўляецца ў Лалагуу працаваць у шахтах, у якіх, паводле чутак, знаходзіцца вельмі шмат каштоўных металаў. Аднак, там ён сутыкаецца з цяжкім жыццём, поўным няшчасных выпадкаў, хвароб, наркаманіі, несправядлівасці і карупцыі[3].

Раман уключае ў сябе некалькі цікавых персанажаў, такіх як Лукас, хлопчык, які крадзе волава і перапрадае яго, каб дапамагчы бедным, Кладзіна, метыска, з якой Марцін заводзіць раман, але ў выніку здраджвае ёй і ўцякае з палюбоўніцай, а таксама лекар на шахце, які, відавочна, з’яўляецца правобразам аўтара твора[3].

Асноўным лейтматывам рамана з’яўляецца публічная дэманстрацыя промыслу ў балівійскіх шахтах і існавання, якое павінны былі цягнуць шахцёры, у асноўным індзейцы, якія падвяргаліся бесчалавечным умовам працы без годнай аплаты і гарантый. Раман фактычна быў папераджальным сігналам аб гэтай праблеме да грамадскасці і стаў адпраўной кропкай балівійскай «горнай літаратуры» і кампаніі па паляпшэнню ўмоў працы індзейцаў[1]. Ён лічыцца «адным з самых надзейных гісторыка-літаратурных дакументаў, калі-небудзь напісаных пра балівійскіх шахцёраў»[4].

Раман «У зямлі Патасі» атрымаў змешаныя водгукі. Гісторык Энрыке Фіна назваў працу пасрэднай, але цяжкай і рэалістычнай, сцвярджаючы, што «твор з’яўляецца анты-літаратурным, але моцна выклікае спачуванні». Паэт Франц Тамая заявіў, што яму не спадабалася кніга з-за тэмы апісання, але адзначыў, што жыццё апісана ў творы вельмі балюча. У сваю чаргу, Альсідэс Аргедас сказаў, што раман з’яўляецца вельмі аб’ектыўным, а яго рэалізм, магчыма, не быў перасягнуты ні ў адным лацінаамерыканскім літаратурным творы, у той час як Фернанда Діез дэ Медзіна назваў працу раманам, узятым з рэальнасці, а стыль моцным і прамым і толькі трохі мастацкім[1]. Увогуле, асноўная сіла кнігі заключаецца ў апісаннях балівійскай прыроды, для якіх Мендоса меў выдатны патэнцыял[4]. У рамане супастаўляюцца суб’ект і драматычная інтэнсіўнасць, але адсутнічае эмацыйнасць і мастацкая вышыня[7].

«Балівійская моц»

Пра характар самога Мендосы можна судзіць па яго твору «Балівійская моц» (ісп.: El macizo boliviano), які быў апублікаваны ў 1935 годзе. Па ім можна сказаць, што нацыяналізм Мендосы быў хутчэй вынікам яго інтэлекта, а не эмоцый, і быў заснаваны на ідэі таго, што сутнасць балівійскай ідэнтычнасці складаецца з адносін паміж людзьмі з Кардыльеры-Аксідэнталі, Ціўанакі, Верхняга Перу і Сукрэ[4].

Сярод іншага, у «Балівійскай моцы» Мендоса заяўляе, што «асяроддзе робіць чалавека», і што горная мясцовасць з’яўляецца важным фактарам у стварэнні Балівіі, а таксама ва ўвасабленні яе гістарычнага лёсу[8]. У тэксце кнігі таксама моцны акцэнт робіцца на праблеме дарожнай сувязі ў Балівіі, пра якую аўтар заяўляе, што адсутнасць сродкаў сувязі была галоўнай праблемай краіны[9].

Іншыя літаратурныя творы

  • «Варварскія старонкі» (ісп.: Páginas bárbaras, 1914), дзеянне рамана адбываецца ў сельвах, а сюжэт канцэнтруецца на жыцці сялян, якія працуюць на здабычы каўчука ў рэгіёне Бені. Асноўнымі персанажамі з’яўляюцца доктар Вердуга, ваенны ганізонны лекар, які адказвае за абарону гуму, і Лалан, прагны і беспрынцыпны начальнік і кіраўнік здабычы, які занявольвае індзейцаў, вымушаючы іх працаваць[3].
  • «Вершы» (ісп.: Poesías, 1916), зборнік вершаў.
  • «Благія думкі» (ісп.: Los malos pensamientos, 1916), пратаганістам рамана з’яўляецца Нара, малады святар, які закахаўся ў дачку ўладальніка дома. Твор змяшчае шмат апісанняў жыцця сярэдняга класа і погляды аўтара па розных пытаннях[3].
  • «Мемуары студэнта» (ісп.: Memorias de un estudiante, 1918), складаецца з трох навел: «Гісторыя хваробы» (ісп.: Una historia clínica), вывад якой у тым, што медыцына не можа вырашаць некаторыя праблемы псіхалагічнага характару, «Каханне маладой Кандзіды» (ісп.: Los amores de un joven cándido), эратычнае апавяданне, і «Студэнты» (ісп.: Los estudiantes), якая апісвае студэнцкае жыццё ў час незалежнасці[3].
  • «Грыгорыя Пачэка» (ісп.: Gregorio Pacheco, 1924), біяграфія балівійскага экс-прэзідэнта.
  • «Чаркаскі ўніверсітэт і ідэя рэвалюцыі» (ісп.: La Universidad de Charcas y la idea revolucionaria, 1924)
  • «Аякуча і Верхняе Перу» (ісп.: Ayacucho y el Alto Perú, 1925)
  • «Роля геаграфічнага фактару ў балівійскай нацыянальнасці» (ісп.: El factor geográfico en la nacionalidad boliviana, 1925)
  • «Паўднёвае мора» (ісп.: El mar del Sur, 1926)
  • «Атлантычны маршрут» (ісп.: La ruta atlántica, 1927)
  • «Ананімныя героі» (ісп.: Los héroes anónimos, каля 1928), раман, які вядзе хроніку ходу балівійскага батальёна па нязведаных джунглях.
  • «Тэзіс альпініста: Балівія і Парагвай» (ісп.: La tesis andinista: Bolivia y el Paraguay, 1933)
  • «Трагедыя Чака» (ісп.: La tragedia del Chaco, 1933)
  • «Загадкавае возера» (ісп.: El lago enigmático, 1936), трагічны раман, дзеянне якога адбываецца на возеры Паапо[3].
  • «Чака напярэдадні заваёвы» (ісп.: El Chaco en los albores de la conquista, 1937)
  • «Галасы мінулага» (ісп.: Voces de antaño, 1938)
  • «Чукісака» (ісп.: Chuquisaca, 1939)

Медыцына

Медыцынская філасофія Хаймэ Мендосы адпавядае яго гуманістычнай асобе і лічыцца рухам да сацыяльнай медыцыны. Гэта моцна кантрастуе са звычаямі таго часу, у якім медыцына разглядалася са строга біялагічнай і навуковай кропак гледжання[10]. Сапраўды, Мендоса цвёрда верыў, што лекары павінны спалучаць навуковы і сацыяльны фактары, каб не забывацца на пакуты хворага і псіхалагічныя наступствы, да якіх хвароба можа прывесці самога хворага і членаў яго сям’і. Ён асабліва падкрэсліваў гэта ў дачыненні да псіхічнай сферы, дзе, на яго думку, хваробы варта вывучаць з яшчэ большым акцэнтам на біялагічныя і сацыякультурныя фактары[10].

У 1923 годзе Мендоса быў прызначаны дырэктарам вар’ятні ў Сукрэ. У адпаведнасці з сваім мысленнем ён скасаваў розныя сілавыя метады, якія выкарыстоўваліся ў дачыненні да пацыентаў. Замест іх, ён аддаваў перавагу псіхатэрапіі[10].

Будучы ў сенаце, Мендоса спрабаваў данесці там важнасць грамадскай аховы здароўя, але гэта атрымлівалася ў яго з цяжкасцю, бо ён быў там адзіным лекарам[10].

Мендоса распрацаваў канцэпцыю «псіхічны штатыў» (ісп.: trípode psíquico), у якой прадставіў трохпавярховую схему, размясціўшы ў ёй знізу ўверх інстынкт, эмоцыі і інтэлект. Гэтая схемы дапамагала яму аналізаваць і даследваць некаторыя захворванні. Ён таксама ўзняў паняцце «маральнай інтаксікацыі», калі саматычныя або псіхічныя траўмы маюць фізічныя праявы і могуць прывесці нават да сур’ёзных пашкоджанняў цела[10].

Такім чынам, улічваючы накіраванасць некаторых яго публікацый, Хаймэ Мендоса можа лічыцца адным з першапачынальнікаў геамедыцыны — навукі, якая займаецца праблемай распаўсюджвання захворванняў у свеце[10].

Медыцынскія публікацыі

У часопісе медыцынскага інстытута Сукрэ Мендоса апублікаваў каля 17 эсэ, некаторыя з якіх былі прысведчаны туберкулёзу і псіхіятрычным праблемам. У 1936 годзе ён апублікаваў «Запіскі лекара» (ісп.: Apuntes de un médico). У гэтую кнігу ўвайшлі нарысы «Туберкулёз у Балівіі» (ісп.: La tuberculosis en Bolivia), «Балівійская медыцына» (ісп.: La medicina boliviana), «Эпідэмія туберкулёзу» (ісп.: Epidemia tuberculosa), «Псіхічны штатыў» (ісп.: El trípode psíquico), «Маральная інтаксікацыя» (ісп.: La intoxicación moral) і «Псіхіятрычныя нататкі» (ісп.: Notas psiquiátricas)[10].

Як і ў выпадку з літаратурнымі творамі, некаторыя навуковыя працы Мендосы былі апублікаваныя ўжо пасля яго смерці[1].

Узнагароды

Хаймэ Мендоса атрымаў шмат розных прэмій і ўзнагарод як пры жыцці, так і пасмяротна. Ніжэй прадстаўленыя некаторыя з іх:

Зноскі

  1. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 11 12 13 14 15 16 17 18 19 Амар Кампахермоза і Вайлдар Сільва Славуты доктар Хаймэ Мендоса Гансалес(ісп.) .
  2. 1 2 3 4 Энцыклапедыя балівійскай літаратуры. 2005. pp. 115-116.
  3. 1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 Кол (1992). Інфармацыйны індэкс лацінаамерыканскіх раманаў, частка 5. pp. 90-93.
  4. 1 2 3 4 5 MCN Biografías Мендоса, Хаймэ (1874-1939)(ісп.) .
  5. 1 2 3 4 Editorial Pasanaku Двухсотгадовая калекцыя(ісп.)  (2011).
  6. 1 2 3 Антоніа Дубравчыч Лукшыч Мендоса Гансалес Хаймэ(ісп.)  (недаступная спасылка) (2011). Архівавана з першакрыніцы 23 ліпеня 2008. Праверана 7 кастрычніка 2014.
  7. Biografías y Vidas Біяграфія Хаймэ Мендосы(ісп.)  (2011).
  8. Паз Салдан; Вайхюхтэр; Орціц; Роха (2002). На шляху да крытычнай гісторыі літаратуры ў Балівіі, частка 2. pp. 69.
  9. Кальва (1957). Прадмова да рамана «Балівійская моц».
  10. 1 2 3 4 5 6 7 Альфонса Гамара Дзюрана - Архівы гісторыі балівійскай медыцыны Уплыў мыслення Хаймэ Мендосы ў пачатку стагоддзя(ісп.)  (недаступная спасылка) (2011). Архівавана з першакрыніцы 5 сакавіка 2016. Праверана 8 кастрычніка 2014.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Балівіі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be