Хасэ Марці
У гэтага паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Марці.
Хасэ Хуліян МАРЦІ́ (Марці-і-Перэс, ісп.: José Julián Martí y Pérez; 28 студзеня 1853, Гавана, Куба — 19 мая 1895, Дос Рыяс, Куба) — кубінскі паэт , празаік , журналіст, рэвалюцыянер, нацыянальны герой Кубы.
Біяграфія
За ўдзел у нацыянальна-вызвольнай барацьбе ў 1870 арыштаваны іспанскімі ўладамі і высланы ў Іспанію, дзе вывучаў філасофію, літаратуру і права ва ўніверсітэтах Мадрыда і Сарагосы. 3 1875 жыў у Мексіцы, Гватэмале, у 1879 вярнуўся на Кубу. За ўдзел у падрыхтоўцы антыіспанскага паўстання зноў высланы ў Іспанію. 3 1880 у ЗША, карэспандэнт лаціна-амерыканскіх газет. У 1892 з разрозненых эмігранцкіх груповак стварыў Кубінскую рэвалюцыйную партыю, якая адыграла галоўную ролю ў падрыхтоўцы паўстання на Кубе (пачалося 24.2.1895), заснаваў яе цэнтральны орган газету «Pátria» («Радзіма»). Выступаў за стварэнне незалежнай рэспублікі Кубы, заклікаў лаціна-амерыканскія народы аб’яднацца супраць гегеманісцкай палітыкі ЗША. У красавіку 1895 вярнуўся на Кубу, каб прыняць удзел у паўстанні, і праз месяц загінуў у баі з іспанцамі.
У кубінскай і лаціна-амерыканскай літаратуры Хасэ Марці выступіў як адзін з пачынальнікаў мадэрнізму, арыгінальны стыліст і рэфарматар іспанскай літаратурнай мовы. Аўтар прасякнутай пратэстам супраць нявольніцтва драмы ў вершах «Абдала» (1869), паэтычных зборнікаў «Ісмаелільё» (1882), «Простыя вершы» (1891), «Кветкі выгнання», «Свабодныя вершы» (абодва выд. 1913), у якіх апеў шчырыя і простыя чалавечыя пачуцці, рамана «Згубнае сяброўства» (1885), п’ес «Пралюбадзейка» (1874) і «За каханне плацяць каханнем» (1875), публіцыстычных і літаратурна-крытычных артыкулаў.
Гл. таксама
Зноскі
- 1 2 Jose Marti // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- 1 2 José Martí // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118578235 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 24 чэрвеня 2015.