Хаім Ізраілевіч Мальцінскі
Хаім Ізраілевіч Мальцінскі (7 жніўня 1910, Панявежыс, Літва — 8 лютага 1986, Тэль-Авіў) — беларуска-ізраільскі паэт, празаік, драматург.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сям’і рамесніка. Вучыўся ў Віцебскім яўрэйскім педагагічным тэхнікуме (1927—1929). Скончыў Кіеўскі інстытут народнай адукацыі (1931). Працаваў у яўрэйскіх газетах «Юны ленінец» (1932—1933) і «Акцябэр» (1935—1937) у Мінску. Служыў у Чырвонай Арміі (1933—1934). У 1939 г. накіраваны ў Пінск, дзе працаваў у абласной газеце. З 1940 г. зноў у Мінску, у газеце «Чырвоная змена». З пачатку Вялікай Айчыннай вайны на фронце. Удзельнічаў у Сталінградскай бітве, у вызваленні Беларусі, Польшчы, над Берлінам быў цяжка паранены. Пасля вайны быў рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва (1946—1947), выдавецтва Яўрэйскай аўтаномнай вобласці (Бірабіджан, 1947—1951). У 1951 г. рэпрэсіраваны. У 1956 г. рэабілітаваны. Жыў у Намангане (Узбекістан), з 1960 г. — у Мінску. У 1975 г. выехаў у Ізраіль. Член Саюза пісьменнікаў СССР (1934—1974).
Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I і II ступеняў, Чырвонай Зоркі, медалямі.
Творчасць
У рэспубліканскім друку выступаў з 1929 г. Пісаў на мове ідыш. Аўтар зборнікаў паэзіі «Як жыццё, дарагое» (Кіеў, 1931), «Бадзёрым крокам» (1936), «Без ценю» (1936), «Гады, гады мае» (Масква, 1973), кніг драматургіі «На вышцы» (1934), «Наш фарпост» (1935), «Каля саду» (1936), апавяданняў для дзяцей «Дзеці» (1933), кніжак вершаў для дзяцей «Наш хор» (1933), «Юны ленінец» (1934), «Брацікам і сястрычкам» (1939, 1962). На беларускай мове выйшлі кнігі вершаў і паэм «Поплеч з сынам усталі» (1963), «Родны дом» (1965), вершаў «На сонечным баку» (1967), «Мой добры голуб» (1970), паэма «Ёлка пад акном» (1967), «Аднаактовыя п’есы» (1964), кніжкі паэзіі для дзяцей «Навагодняя ёлка» (1939, 1948), «Вясёлыя вароты» (1972), «Кола дружбы» (1973).
Зноскі
Літаратура
- Хаім Ізраілевіч Мальцінскі // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.