wd wp Пошук:

Хведар Жычка

Хве́дар Жы́чка (20 сакавіка 1927, пас. Марс1962 годзе зліўся з в. Гелін), Жлобінскі раён, Гомельская вобласць — 25 ліпеня 2007, Мінск) — беларускі пісьменнік, перакладчык.

Біяграфічныя звесткі

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У 1944-51 г. служыў на Балтыйскім Ваенна-Марскім Флоце, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны. Потым працаваў літработнікам у рэдакцыях газет «Чырвоная змена», «Піянер Беларусі», адказным сакратаром рэдакцыі часопіса «Бярозка». У 1959 г. скончыў Літаратурны інстытут у Маскве. Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Беларусь», галоўным рэдактарам газеты «Літаратуры і мастацтва» (1972—1976). З 1976 года — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1960 г.

Творчасць

Дэбютаваў вершам у 1947 г. (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Стой на вахце, сэрца» (1961), «Росныя лілеі» (1965), «Настой» (1968), «Абеліск» (1973), «Абавязак» (1979), «Карэц калодзежнай вады» (вершы і паэмы, 1984), «Абрус» (1985), «Абдымкі сонца» (1988) і паэмы «Партызанскі праспект» (1975).

У сааўтарстве з П. Беразняком напісаў кнігі апавяданняў і фельетонаў «Сукенка ў крапінку» (1956) і «Лясныя страхі» (1959). У вострасюжэтных апавяданнях і аповесцях для дзяцей раскрывае сталенне характару юнага героя: “Каштанавы «Масквіч» (1959), «Піфагоравы штаны» (1961), «Зброю бяруць сыны» (1964), «Зорачка-пяцёрачка» (1965), «Дзе растуць бяссмертнікі» (1967), «Дзень будзе ясны» (1981). Выйшлі зборнікі апавяданняў «Паспелі суніцы» (1966), «Букет вяргіняў» (1970), навукова-папулярныя нарысы «Мая вуліца» (1970), «Мы па вуліцы ідзём» (з І. Чыжэўскім, 1973), «Старонкі піянерскай гісторыі» (1975), зборнік вершаў «Сонца скача па траве» (1989). У 1977 г. выдаў зборнік гумарэсак «Спагадлівыя людзі». У 2014 годзе асобнай кнігай выйшла аповесць «Косць твая і плоць твая».

Пераклаў творы чэшскіх, украінскіх, славацкіх, польскіх аўтараў. У яго перакладзе на беларускую мову выйшлі кнігі Т. Масэнкі «Казка нашага лесу» (1962), М. Алейніка «Леся» (з В. Крайко, 1967) і «Жылюкі» (1983), Л. Украінкі «Лясная песня» (1971), Б. Ногейла «Паводка» (1977), В. Нэзвала «Васількі і гарады» (1986). Выдаў зборнік выбраных паэтычных перакладаў «Вокны ў сад» (1987). Склаў анталогію сучаснай чэшскай паэзіі «Высокае неба» (1980).

Узнагароды і прэміі

  • Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны» і медалямі.
  • Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Віцезслава Нэзвала (1983) за пераклады і прапаганду чэшскай і славацкай паэзіі.
  • Узнагароджаны Дыпломам і медалем Славацкага літаратурнага фонду (1984).

Зноскі

Літаратура

  • Беларускія пісьменнікі: 1917—1990 / Уклад.: А. Гардзіцкі. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. ISBN 5-340-00709-X
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі Катэгорыя·Перакладчыкі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be