Цэзура (літаратура)
Цэзу́ра (лац.: caesura — рассячэнне) — пастаянная ўнутрырадковая паўза, якая звычайна праходзіць праз адно і тое ж месца ўсіх вершарадоў паэтычнага твора, напісанага антычным, сілабічным ці сілаба-танічным вершам. У антычным вершы цэзура дзяліла (рассякала) стапу (адсюль і назва), у сілаба-танічным яна, як правіла, супадае з заканчэннем слова і стапы. Часам, аднак, і рассякае стапу. У чатырохстопным і пяцістопным вершы цэзура звычайна знаходзіцца пасля другой стапы, у шасцістопным — пасля трэцяй, у сямі- і васьмістопным — пасля чацвёртай.
Літаратура
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.