wd wp Пошук:

Чарлз Букоўскі

У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Букоўскі.

Чарлз Букоўскі, сапр.: Генрых Карл Букоўскі (англ.: Charles Bukowski; 16 жніўня 1920, г. Андэрнах, Германія — 9 сакавіка 1994) — амерыканскі паэт і празаік.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і амерыканскага вайскоўца польскага паходжання Генрыха Букоўскі і немкі Катарыны Фэт. У 1922 годзе сям’я з маленькім Генры, як пазней на амерыканскі манер пачалі яго называць бацькі, пераязджае ў ЗША і з 1926 года пасяляецца ў Лос-Анджэлесе, дзе Букоўскі пражыве амаль усё жыццё.

Пасля заканчэння сярэдняй школы Букоўскі год правучыўся ў гарадcкім каледжы Лос-Анджэлеса на факультэце англійскай мовы і журналістыкі, спадзеючыся стаць пісьменнікам. У 1941 годзе Чарлз сыходзіць з дому, пасля таго, як бацька, прачытаўшы яго апавяданні, літаральна выкідвае рэчы сына на двор.

Першае апавяданне Букоўскі было надрукаванае ў 1944, праз два гады наступнае. Але Букоўскі расчароўваецца ў пісьменніцкай дзейнасці і амаль дзесяць гадоў нічога не піша. У 1955 Букоўскі трапляе ў клініку з дыягназам крываточная язва, прычына якой — празмернае ўжыванне алкаголю. Яго выратоўваюць ад смерці, але забараняюць піць. Забарону Букоўскі ігнаруе.

Пасля выпіскі з клінікі ён зноў пачынае пісаць, у асноўным вершы. Яго першы паэтычны зборнік «Кветка, кулак і пажадлівае выццё», накладам 200 асобнікаў, пабачыў свет у 1960 годзе, затым «Вершы на доўгую дыстанцыю для гульцоў, што прайграліся» — у 1962 г. Першы зборнік апавяданняў «Усе сракі ў свеце і мая» з’явіўся ў 1966 годзе.

Асноўныя паэтычныя зборнікі Букоўскі, якія зацікавілі яго крытыкаў і чытачоў, былі надрукаваныя ў выдавецтве Loujon Press. У пачатку 1960-х Loujon Press таксама выдаваў літаратурны часопіс The Outsider, дзе друкаваліся творы Джэка Керуака, Алена Гінзберга, Генры Мілера, Уільяма Бероуза і іншых. У першым нумары часопіса з’яўляецца падборка вершаў і Чарлза Букоўскі. У 1966 па выніках апытання часопіса «Бук» прызнаны «Аўтсайдарам года».

З 1967 года Букоўскі вядзе калонку «Нататкі старога распусніка» (Notes of A Dirty Old Man) у газеце Open Air, а затым у Los Angeles Free Press. Гэтыя тэксты былі выдадзеныя асобнай кнігай у 1969 годзе. У 1960-1970-х Чарлз Букоўскі робіцца надзвычай папулярным, асабліва ў Еўропе. Гэтым поспехам ён у вялікай ступені абавязаны свайму прыхільніку і выдаўцу Джону Марціну, які ў 1969 годзе прапануе выплочваць пісьменніку 100 долараў штомесяц, каб той мог увесь час прысвячаць творчасці. Букоўскі пагаджаецца і кідае працу на пошце. Менш чым праз месяц пасля звальнення ён піша свой першы раман «Пошта», які пабачыў свет у выдавецтве Марціна Black Sparrow Press.

Усе раманы Чарлза Букоўскі ў многім аўтабіяграфічныя. Яго альтэр эга, Генры Чынаскі, — алкаголік, валацуга і бабнік, які жыве сярод злачынцаў і адкідаў грамадства, але часам трапляе з дапамогай жанчынаў і ў высокія колы. Упершыню Чынаскі з’яўляецца ў аповесці «Прызнанні чалавека, звар’яцелага настолькі, каб жыць са звярамі», потым у раманах: вышэйзгаданая «Пошта», «Фактотум», «Жанчыны», «Хлеб з вяндлінай».

Апошні зборнік вершаў, які выходзіць пры жыцці паэта, — «Вершы апошняй ночы на Зямлі».

Чарлз Букоўскі памёр 9 сакавіка 1994 года ад лейкеміі, у хуткім часе пасля таго, як скончыў свой апошні раман «Макулатура». Цырымонію пахавання ажыццявілі будысцкія манахі. На яго магільнай пліце напісана «Не спрабуй» (Don’t try).

Творы

Паэзія

Проза

Зборнікі апавяданняў

Раманы

Беларускія пераклады

Творы Ч. Букоўскі на беларускую пераклалі Н. Бінкевіч, Н. Гвоздзева, Г. Комар, І. Кулікоў, Ю. Цімафеева, М. Шчур, А. Явар.

  • Чарльз Букоўскі. Святло, і паветра, і месца, і час / Укл. і перакл. з англ. Ю. Цімафеева, Н. Бінкевіч, Г. Комар. — Мн.: Харвест, 2017.

Зноскі

  1. 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. 1 2 Charles Bukowski // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  3. Deutsche Nationalbibliothek, Staatsbibliothek zu Berlin, Bayerische Staatsbibliothek et al. Record #11851735X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 10 снежня 2014.
  4. Henry Charles Bukowski Праверана 10 сакавіка 2021.
  5. Першы паэтычны зборнік Букоўскі.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі ЗША Катэгорыя·Пісьменнікі ЗША XX стагоддзя Катэгорыя·Паэты ЗША
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be