Эліа Вітарыні
Эліа Вітарыні (італ.: Elio Vittorini; 23 ліпеня 1908, Сіракуза — 12 лютага 1966, Мілан) — італьянскі пісьменнік-самавук, перакладчык.
Нарадзіўся ў Сіракузе. У дзяцінстве разам з бацькам-чыгуначнікам вандраваў па Сіцыліі. Пасля заканчэння сярэдняй школы без жадання наведваў бухгалтарскую школу, пакуль, пасля некалькіх уцёкаў з дому, у 1924 годзе не з’ехаў з Сіцыліі.
Некаторы час працаваў рахункаводам на будаўнічым прадпрыемстве ў Венецыі Джуліі, а пасля пераехаў у Фларэнцыю, дзе працаваў карэктарам у газеце «Nazione».
У гэты час пачаў пісаць артыкулы і празаічныя творы, якія дасылаў Курцыа Малапартэ, а той друкаваў у часопісе «Conquista dello Stato».
У 1927 годзе ў «La Fiera Letteraria» публікуе першы значны празаічны твор «Ritratto di re Gianpiero» («Партрэт караля Джанп’ера»).
У 1933—1934 гадах у выдавецтве «Solaria» па частках выходзіць раман «Чырвоны гваздзік», які праз фашысцкую цэнзуру мог выйсці цалкам толькі ў 1948 годзе.
У 1934 годзе з прычыны атручання волавам быў вымушаны пакінуць сваю працу карэктара і зарабляў на жыццё перакладамі з англійскай (вядомыя яго пераклады Фолкнера, По, Лоўрэнса).
У 1938—1939 гадах выходзіць па частках у часопісе «Letteratura» раман «Conversazione in Sicilia» («Размова на Сіцыліі»), які быў выдадзены адной кнігай у 1941 годзе.
У 1939 годзе Вітарыні пераязджае ў Мілан, дзе займаецца выданнем серыі «La Corona» і з’яўляецца куратарам анталогіі амерыканскай літаратуры, якая праз фашысцкую цэнзуру была выдадзеная толькі ў 1942 годзе.
У 1942 годзе пісьменнік збліжаецца з падпольнай камуністычнай партыяй і актыўна ўдзельнічае ў супраціве.
У 1945 годзе засноўвае часопіс «Il Politecnico», прысвечаны сучаснай культуры, а таксама публікуе раман «Uomini e no» («Людзі і нелюдзі»).
У апошнія гады жыцця працуе кансультантам у вядомым выдавецтве «Einaudi». Памёр у Мілане ў 1966 годзе.
Бібліяграфія
- «Conversazione in Sicilia» («Размова на Сіцыліі»)
- «Uomini e no» («Людзі і нелюдзі»)
- «Il garofano rosso» («Чырвоны гваздзік»)
- «Erica e suoi fratelli» («Эрыка і яе браты»)
- «Le donne dі Messina» («Жанчыны Месіны»)
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Elio Vittorini // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #11876876X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 17 кастрычніка 2015.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #11876876X // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 31 снежня 2014.
Літаратура
- Addamo S., Vittorini e la narrativa siciliana contemporanea, Caltanisseta — Roma, [1962];
- Salinari C., Preludio e fine del realismo in Italia, Napoli, 1967;
- Calvino I., Vittorini. Progettazione e letteratura. Mil., 1968;
- Heiney D., Three Italian novelists. Moravia, Pavese, Vittorini, Ann Arbor, [1968].