Юзаф Казімір Касакоўскі
Юзаф Казімір Касакоўскі[4] (польск.: Józef Kazimierz Korwin Kossakowski; 16 сакавіка 1738, Шылы, Ковенскі павет, цяпер Ёнаўскі раён, Каўнаскі павет, Літва — 9 мая 1794, Варшава, цяпер Польшча) — рымска-каталіцкі і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай. Пісар вялікі літоўскі (з 1775), тытулярны біскуп цыненскі і біскуп-суфраган троцкі (1775—1781), біскуп інфлянцкі (з 1781).
Сям’я
З шляхецкага роду Касакоўскіх герба «Слепаўрон», сын Дамініка і Марыяны з Забелаў. Меў братоў: гетмана Шымана, кашталяна Антонія і ваяводу Міхала.
Дзейнасць
Скончыў Ковенскі езуіцкі калегіум. Падчашы ковенскі ад 1758, потым суддзя земскі, пасол на сойм. У 1761 высвечаны на святара, навучаўся ў Віленскай акадэміі, дзе атрымаў ступень доктара філасофіі, і Варшаве. Выконваў абавязкі пробашча ў Воўпе і каноніка ў Вільні. Ад 1764 кусташ віленскі. Прыхільна ставіўся да Барскай канфедэрацыі, для яй падтрымкіразам з братам Шыманам спрабаў стварыць Генеральную канфедэрацыю Вялікага Княства Літоўскага, за што яго ўзялі пад арышт расійскія ўлады.
13 сакавіка 1775 прызначаны тытулярным біскупам Цыну з абавязкамі біскупа-суфрагана троцкага Віленскай дыяцэзіі, адначасна — пісар вялікі літоўскі. Варагаваў з Антоніем Тызенгаўзам, пасля адстаўкі якога перавёў шмат рамеснікаў з Гродна ў свае маёнткі. 17 верасня 1781 прызначаны інфлянцкім біскупам, быў таксама адміністратарам Курляндскай дыяцэзіі. У 1783 інфлянцкая дыяцэзія на кароткі час увайшла ў склад Магілёўскай архідыяцэзіі.
У 1778 годзе атрымаў Ордэн святога Станіслава, а ў 1781 годзе — Ордэн Белага Арла.
Для ўласнага ўзбагачэння шмат займаўся фінансавымі махінацыямі і ашуканствам. Быў прыхільнікам прарасійскай партыі, у 1787 пачаў атрымліваць сталую пенсію з расійскае пасольства, быў пратэжэ пасла Ота Магнуса фон Штакельберга, з яго намінацыі засядаў у 1782—1786 у Пастаянным Савеце (у 1784—1786 старшыня дэпартамента справядлівасці). Удзельнічаў у працы Чатырохгадовага сойма 1788—1792. 19 снежня 1791 прызначаны біскупам-каад’ютарам віленскім.
Супрацьстаяў Канстытуцыі 3 мая, разам з братам Шыманам узначальваў Таргавіцкую канфедэрацыю ў Вялікім Княстве Літоўскім. З дапамогай расійскіх войскаў фактычна атрымаў уладу на Літве, якую намагаўся далучыць да Расіі. Для адарвання Вялікага Княства ад Кароны спрыяў утварэнню асобных дзяржаўных камісіяў ВКЛ, якімі фактычна кіраваў[5].
Падчас паўстання на чале з Касцюшкам 22 красавіка 1794 яго маёнтак канфіскаваў паўстанцкі ўрад[6], а самога яго неўзабаве асудзілі і павесілі ў Варшаве як здрадніка.
Творчасць
Займаўся літаратурнай творчасцю. У 1786 надрукаваў два раманы Ксёндз Плябан (польск.: Ksiądz Pleban), у якім паказаў найдасканальнейшую парафію эпохі Асветніцтва, і «Паніч гаспадар» (польск.: Panicz gospodarz). У 1787 напісаў раман «Абывацель» (польск.: Obywatel), а ў 1791 — Czarownica (Чараўніца). Перакладаў з французскай мовы, аўтар мемуараў.
Зноскі
- 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1032807490 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 4 мая 2014.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #1032807490 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 1 студзеня 2015.
- ↑ Catholic-Hierarchy.org — USA: 1990. Праверана 18 кастрычніка 2020.
- ↑ Таксама Язэп Казімір Касакоўскі — Крыніца: Алег Дзярновіч. Плач па Вялікім Княстве Архівавана 11 снежня 2007. // METRICIANA: Даследаванні і матэрыялы Метрыкі Вялікага Княства Літоўскага. Том II. — Мн.: Athenaeum — Аддзел спецыяльных гістарычных навук ІГ НАНБ, 2003. — 260 с. (Athenæum VIII)
- ↑ ЭнцВКЛ, 2005
- ↑ Kronika powstań polskich 1794—1944. — Warszawa: Wydawnictwo Kronika, 1994. ISBN 83-86079-02-9. — S. 30.
Літаратура
- Пазднякоў В. Касакоўскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — С. 69. — 792 с. — ISBN 985-11-0378-0 (т. 2), ISBN 985-11-0315-2.