Юльян Іосіфавіч Сергіевіч
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сергіевіч.
Юльян Іосіфавіч Сергіевіч (23 верасня 1910, в. Юраўшчына, Ашмянскі павет, Віленская губерня, цяпер Маладзечанскі раён, Мінская вобласць — 7 кастрычніка 1976, в. Ленкаўшчына, Маладзечанскі раён) — беларускі паэт і настаўнік, самадзейны мастак.
Біяграфія
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў пачатковай школе, а далей займаўся самаадукацыяй. Працаваў на сельскай гаспадарцы. Пасля службы ў польскай арміі (1932—1933) скончыў сельскагаспадарчыя курсы. У сярэдзіне 1920-х быў актывістам БСРГ і ТБШ. З нападам Германіі на Польшчу ў верасні 1939 мабілізаваны ў польскую армію. Трапіў у нямецкі палон. Знаходзіўся ў лагерах для ваеннапалонных (разам з Я. Брылём), на рабоце ў нямецкага баўэра. Працаваў у Камітэце беларускай самапомачы ў Берліне. Вярнуўшыся на Радзіму пасля вайны, настаўнічаў у в. Ленкаўшчына і Манішчыцы Маладзечанскага раёна. Арыштаваны ў 1946. Да 1956 знаходзіўся ў лагерах Поўначы, Сібіры, Казахстана. Потым працаваў у калгасе імя Леніна Маладзечанскага раёна.
Творчасць
Дэбютаваў вершам «Дуб» у 1922 (часопіс «Маладое жыццё»). Друкаваўся ў перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, найперш у часопісе «Маланка» і газеце «Шлях моладзі»; у калектыўным зборніку заходнебеларускіх пісьменнікаў «Рунь веснаходу» (Вільня, 1928). Пісаў сцэнарыі для самадзейных калектываў. У 1939 меў выйсці падрыхтаваны да друку зборнік паэзіі, але пачатак вайны не дазволіў ажыццявіцца гэтым планам, а 17.9.1939 набор кнігі быў раскіданы. Пасля вайны і лагераў друкаваўся мала, пераважна ў маладзечанскай раённай газеце. Некаторыя творы былі апублікаваны ўжо пасля яго смерці. Асобныя творы ўключаны ў зборнік «Ростані волі» (1990).
Як мастак размалёўваў насценныя кілімы, пісаў тэматычныя карціны з жыцця вёскі. Мастацкія творы Ю. Сергіевіча экспанаваліся на рэспубліканскай выставе ў 1978.
Вобраз Ю. Сергіевіча стаў прататыпам аднаго з герояў рамана Я. Брыля «Птушкі і гнёзды», таксама вобраз Ю. Сергіевіча як настаўніка створаны ў кнізе польскага празаіка З. Жакевіча «Воўчыя лугі».
Бібліяграфія
- Музыка // Рунь веснаходу. Вільня, 1928;
- За волю нашых родных хат: (Вершы) // Полымя. 1991, № 7;
- Вершы з фашысцкай няволі // Полымя. 1992, № 9.
Зноскі
Літаратура
- Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Сергіевіч Юльян // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 2 / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003.
- Літ. з даведн. Л. У. Маракова: Чаркасава Д. Люблю. Мн., 1978. С. 72—74
- Брыль Я. З любоўю да слова // Голас Радзімы. 1980, 21 лют.
- Гардзіенка А. Юльян Сергіевіч // Наша ніва. 2001, 3 вер.