wd wp Пошук:

Юльян Урсын Нямцэвіч

Юльян Урсын Нямцэвіч (16 лютага 1757, вёска Скокі, Берасцейскі павет, цяпер Брэсцкі раён — 21 мая 1841, Парыж) — польскі пісьменнік, палітычны дзеяч, гісторык.

Біяграфія

Юльян Урсын Нямцэвіч нарадзіўся 16 лютага 1758 года ў сям’і Марцэлія Нямцэвіча і Ядвігі з Сухадольскіх у старым драўляным маёнтку за два кіламетры на поўнач ад Скокаў.

Вучыўся ў Брэсцкім езуіцкім калегіуме, у 1770—1777 гадах у Рыцарскай школе (Кадэцкім корпусе) у Варшаве.

Абраны паслом на Чатырохгадовы сойм 1788—1792, удзельнічаў у распрацоўцы Канстытуцыі 3 мая 1791. З 1791 года член Адукацыйнай камісіі. Пасля перамогі прарасійскай Таргавіцкай канфедэрацыі эміграваў, жыў у Саксоніі, Аўстрыі, Італіі.

Падчас паўстання 1794 г. ад’ютант і сакратар Т. Касцюшкі. Паранены ў Мацяёвіцкай бітве, трапіў у палон; зняволены ў Петрапаўлаўскай крэпасці ў Пецярбургу.

Пасля амністыі ў 1796 годзе разам з Касцюшкам выехаў у ЗША.

Вярнуўся ў Варшаву ў 1807 годзе, заняў пасаду сакратара Сената Варшаўскага княства. З 1813 года сакратар Сената Каралеўства (Царства) Польскага. У сваім маёнтку Урсынаў пад Варшавай сабраў вялікую бібліятэку. У 1809, 1816 і 1819 зрабіў некалькі падарожжаў па Беларусі з мэтай апісання помнікаў. У 1820 годзе ў Віцебску ставілася камедыя Ю. Нямцэвіча «Пан Навіна». З 1827 года старшыня Таварыства сяброў навук у Варшаве.

Падчас паўстання 1830—1831 увайшоў у склад Часовага ўрада, абраны сенатарам-кашталянам. Пасля задушэння паўстання маёмасць Ю. Нямцэвіча канфіскавана, у тым ліку і бібліятэка, якую прадалі на аўкцыёне. Ю. Нямцэвіч эміграваў у Парыж. У 1838 годзе заснаваў у Парыжы Польскую бібліятэку.

Адзін з найвыдатнейшых польскіх пісьменнікаў эпохі Асветніцтва. Ініцыятар і рэдактар выдання «Збор гістарычных мемуараў пра старажытную Польшчу» (т. 1—7, 1822—1836).

Памёр 21 мая 1841 года.

Бібліяграфія

  • Dzieіa poetyckie wierszem i prozа. T. 1-12. Lipsk, 1838-43.

Зноскі

  1. https://books.google.pl/books?id=dSoEAAAAYAAJ&pg=PA9&dq=niemcewicz+skokach&hl=pl&ei=VFycTO_0MoWV4gacmvW0DQ&sa=X&oi=book_result&ct=result&resnum=1&ved=0CCcQ6AEwAA#v=onepage&q=niemcewicz%20skokach&f=false Праверана 31 снежня 2021.
  2. Polish Theater Encyclopedia — Instytut Teatralny im. Zbigniewa Raszewskiego. Праверана 31 снежня 2021.
  3. Julian Ursyn Niemcewicz // Brockhaus Enzyklopädie / Hrsg.: Bibliographisches Institut & F. A. Brockhaus, Wissen Media Verlag Праверана 9 кастрычніка 2017.
  4. Bibliothèque nationale de France Julian Ursyn Niemcewicz // data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011.
  5. 1 2 http://www.britannica.com/EBchecked/topic/414616/Julian-Ursyn-Niemcewicz
  6. Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  7. Julian Ursyn Niemcewicz // SNAC — 2010. Праверана 9 кастрычніка 2017.

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be