Юозас Балтушыс
Юозас Балту́шыс (літ.: Juozas Baltušis, сапраўднае імя Альбяртас Юазенас (літ.: Albertas Juozėnas); 14 красавіка 1909, Рыга — 4 студзеня 1991, Вільнюс) — літоўскі савецкі пісьменнік і сцэнарыст, публіцыст, грамадскі і дзяржаўны дзеяч; Заслужаны дзеяч мастацтваў Літоўскай ССР (1954); народны пісьменнік Літоўскай ССР (1969), лаўрэат рэспубліканскіх прэмій.
Біяграфія
Нарадзіўся і жыў у Рызе; у час Першай сусветнай вайны разам з бацькамі жыў у Расіі (Масква, Ніжні Ноўгарад, Царыцын). З 1918 года жыў у Літве. Працаваў у вёсцы парабкам. У 1929 годзе перабраўся ў Каўнас, працаваў у тыпаграфіі. У час Другой сусветнай вайны працаваў рэдактарам перадач на літоўскай мове Маскоўскага радыё, пісаў апавяданні і радыёп’есы.
З 1944 года жыў у Вільнюсе. У 1944—1946 гадах быў старшынёй Радыёкамітэта Літоўскай ССР. У 1946—1954 гадах сакратар партыйнай арганізацыі Саюза савецкіх пісьменнікаў Літоўскай ССР і галоўны рэдактар літаратурнага часопіса Пяргале („Pergalė“). У 1947—1975, 1980—1986 гадах дэпутат Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР, у 1959—1967 гадах намеснік старшыні Прэзідыума Вярхоўнага Савета Літоўскай ССР. Кандыдат у члены ЦК КПЛ (1958—1961). Старшыня Камітэта абароны міру Літоўскай ССР (1970—1975, 1980—1986). Узнагароджаны савецкімі ордэнамі і медалямі. Быў праціўнікам аднаўлення незалежнасці Літвы.
Творчасць
Аўтар кніг апавяданняў і нарысаў «Тыдзень пачынаецца добра» (1940), «Дзяцеліна» (1943), «Пра што ў песні не пяецца» (1959), «Валюсе патрэбны Алексас» (1965), «Па сцяжынах бацькоў і братоў» (1967), «Вялікая луста хлеба» (1974), п’ес «Спяваюць пеўні» (1947), «Раннім ранкам» (1953), раманаў «Прададзеныя гады» (т. 1, 1957; Дзяржаўная прэмія Літвы 1957; т. 2, 1969), «Сказанне пра Юзаса» (1979; Дзяржаўная прэмія Літвы 1980) і інш. Гал. тэматыка яго твораў — гістарычны лёс, жыццё літоўскага сялянства, яго духоўнае багацце. Па творах Балтушыса створаны фільмы «Жывыя героі», «Вянок з дубовых лістоў» (1976).
Зноскі
- 1 2 Czech National Authority Database Праверана 23 лістапада 2019.
- ↑ Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #122520068 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 17 верасня 2021.
- ↑ Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 17 верасня 2021.
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 2: Аршыца — Беларусцы. — 480 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0061-7 (т. 2), ISBN 985-11-0035-8.
Беларускія пераклады
- Праданыя годы : раман-навела / Юозас Балтушыс. Пер. з літоўс. мовы О. Главацкене, А. Астрэйкі — Мінск, 1961.