wd wp Пошук:

Язэп Зазека

Язэп Зазека, сапр.: Іосіф Васілевіч Зазека (24 чэрвеня 1907, в. Восаў, цяпер Клічаўскі раён, Магілёўская вобласць — 27 жніўня 1977) — беларускі пісьменнік, навуковец і педагог.

Біяграфія

Нарадзіўся ў сям’і батрака. Скончыў у 1936 годзе літаратурны факультэт Вышэйшага педагагічнага інстытута ў Мінску, у 1940 годзе — аспірантуру пры гэтым інстытуце. Працаваў намеснікам дырэктара Беластоцкага педагагічнага інстытута. У першыя гады Вялікай Айчыннай вайны ў падполлі на тэрыторыі заходніх абласцей БССР, з красавіка 1943 — рэдактар газеты «Свіслацкая праўда» пры партызанскай брыгадзе імя Чапаева Беластоцкага злучэння. Пасля вызвалення Беларусі працаваў намеснікам дырэктара, дэканам Мінскага педагагічнага інстытута. У 1949—1952 загадваў кафедрай рускай літаратуры ў Адэскім педагагічным інстытуце. У 1952—1973 — дацэнт БДУ. Кандыдат філалагічных навук. Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1967).

Творчасць

Друкавацца пачаў у 1930. Выдаў зборнік апавяданняў «Рукою ворага» (1932), зборнік нарысаў «Партызанскія сцежкі» (1959), кніжкі апавяданняў для дзяцей «Лясныя сябры» (1966), «Сонечны алень» (1969), «Трывожная ноч» (апавяданні і нарысы, 1972). Аўтар брашуры «Вялікі і вечна жывы: Вобраз У. І. Леніна ў беларускай народнай творчасці» (1968), паасобных артыкулаў пра беларускі фальклор. Укладальнік зборнікаў партызанскай творчасці «Песні барацьбы» (з М. Меяровіч і С. Карабанам, 1946), «Лясныя песні» (1970, 2-е дапоўненае выданне ў 1974).

Прызнанне

Узнагароджаны польскім ордэнам Крыж партызанскі, медалямі.

Зноскі

Літаратура

  • Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
  • Зазека Язэп // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: БелЭн, 1992—1995.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі Катэгорыя·Беларускамоўныя пісьменнікі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be