wd wp Пошук:

Язэп Фларыянавіч Ціхінскі

Язэп Ціхінскі (28 верасня 1842, Антушаўская парафія, Рагачоўскі павет, Магілёўская губерня — 1922?); псеўданімы: Язэп Бурачок, Бурачок) — беларускі лексікограф, карэспандэнт газеты «Наша ніва». Стваральнік самага вялікага слоўніка новай беларускай мовы XIX — сярэдзіны XX стагоддзя.

Біяграфія

Язэп Ціхінскі нарадзіўся ў 1842 г. у шляхецкай сям’і на Рагачоўшчыне (у той час — Магілёўская губерня). Яго бацькамі былі Фларыян і Антаніна (у дзявоцтве Ціхінская) Ціхінскія, парафіяне невялікага Антушаўскага касцёла. Маці будучага навукоўца была ўладальніцай спадчыннага маёнтка Мазалаў. Гэты род, вядомы з XVI стагоддзя, з’яўляўся адгалінаваннем сям’і Зянкевічаў (Зянковічаў) герба «Сякера» (Siekierz).

Вядома, што Язэп Фларыянавіч скончыў нейкую навучальную ўстанову, атрымаўшы атэстат за № 11 670. У 1862—1864 гг. служыў у Магілёўскай палаце дзяржаўных маёмасцей памочнікам у гаспадарчым аддзеле, маючы чын калежскага рэгістратара. Згодна з тагачаснымі правіламі, каб атрымаць чарговы — губернскага сакратара, трэба было выслужыць тры гады, пры бездакорнай службе — паўтары. Ціхінскі яго атрымаў, але хутка трапіў у адстаўку, магчыма звязаную з яго «польскім» паходжаннем.

25 студзеня 1867 г. Магілёўская кантрольная палата пасылае прашэнне магілёўскаму губернатару «допустить к занятиям по найму» адстаўнога губернскага сакратара Ціхінскага. Згода магілёўскага губернатара, а потым і міністэрства ўнутраных спраў была атрыманая. Але ніякіх звестак пра яго далейшую чыноўніцкую кар’еру пакуль не выяўлена.

У 1868 годзе, 25-гадовы Ціхінскі бярэ шлюб з нашмат маладзейшай за яго Людмілай Яноўскай з маёнтка Прусін, Камаровіцкай воласці Чэрыкаўскага павета. У 1869 г. у Ціхінскіх нарадзілася дачка Ядвіга, а ў 1871 г. — сын Казімір. Абодва атрымалі добрую адукацыю ў расійскіх сталіцах — Ядвіга скончыла Бястужаўскія курсы ў Пецярбургу, Казімір — Пецярбургскі Аляксандраўскі кадэцкі корпус і Імператарскае Маскоўскае тэхнічнае вучылішча.

Biełaruska-polska-rasijski sloŭnik

Гісторыя ўзнікнення слоўніка

Працу па збіранні лексікі беларускай мовы для вялікага трохмоўнага «Biełaruska-polska-rasijskaga sloŭnika» дробны памешчык Магілёўскай губерні Я. Ціхінскі распачаў яшчэ ў 70-х гг. XIX ст. Яна была завершана аўтарам толькі ў пачатку XX ст. (у 1900-х гадах). Аб гэтым сведчаць надпісы, зробленыя на старонках рукапісу: над літарай Д (daliczania − dalikacicca) складальнік пазначыў алоўкам «1 styc. 1906», над літарай К (kaczacca — kaczan) «4 listap. 1906» (933, 3r). Даследчык М. Ф. Гуліцкі ўказвае на своеасаблівасць слоўнікавай працы, паколькі ў ёй выкарыстоўваецца трохмоўе, што абумоўлена грамадска-палітычнымі ўмовамі Беларусі таго часу. «Развіццё слоўнікавага саставу беларускай літаратурнай мовы ў XIX ст. адбывалася ва ўмовах існавання на Беларусі так званага полілінгвізму, калі рускія і польскія словы мелі шырокі доступ і ўзбагачалі яе моўна-стылістычныя сродкі» . Ціхінскі імкнуўся адштурхнуцца пэўным сэнсе ад гэтых моў, пераважна абапіраючыся на наяўныя сродкі беларускай мовы.

Праца над слоўнікам адбывалася на працягу 40 гадоў, з гэтай прычыны аўтар страціў зрок. (Аб тэмпе яго працы сведчаць некаторыя факты. З 1904 г. пачаў пісаць у наступным тэмпе: том А на кожным з 11 аркушаў па 16 старонак мае даты: 1, 7, 9, 12, 16, 18, 20, 25 верасня, 8, 9, 19 кастрычніка 1905 г., 37 аркушаў тома К напісаны з 1 лістапада 1906 г. па 26 мая 1907 г.; 96 аркушаў тома Т (каля 30 тыс. слоў) напісаны за год і г.д.). Пасля 1917 г. Ціхінскі цяжка хварэў і ў новых эканамічных умовах не меў магчымасці выдаць слоўнік за ўласныя сродкі. У 1921 г. рукапіс трапіў прадстаўніку навукова-літаратурнага аддзела Народнага камісарыята асветы Беларусі. Пасля заснавання Інбелкульта перададзены ў бібліятэку Інстытута. 16-томны рукапіс перакладнога «Biełaruska-polska-rasijskaga sloŭnika» Ціхінскага ў 641 аўтарскі аркуш прадстаўляў на той час галоўную каштоўнасць Інстытута. Я. Байкоў добра быў знаёмы з рукапісам слоўніка і адзначаў памер працы прыкладна ў 10 250 старонак на 150 тысяч слоў беларускай мовы.

Мегаструктура слоўніка

У мегаструктуру слоўніка Ціхінскага ўваходзяць аўтарская прадмова і корпус лексічных адзінак. У якасці прадмовы да рукапісу аўтар падае шэсць кароткіх заўваг, якія датычаць напісання беларускіх слоў і ілюстрацыйнага матэрыялу:

  1. Każde «О», na które nie pada akcent, zamienia się na «А».
  2. W niektórych odcieniach tej mowy, a mianowicie w ziemiach północno-wschodnich «О», na które nie pada akcent, przechodzi w tępy odgłos, jak by w «У» (myłydaja).
  3. Każde «О», na które nie pada akcent, zamienia się w «JA».
  4. W ziemiach polodniowo-zachodnich w wielu wyrazach nieakcentowane «E» zamienia się na «I» (cipier, nima, nijaki).
  5. W powiecie Wołkowyskim od Świsłoczy mówią: poŭchodzili, poŭspadali, poŭmierali.
  6. Forma CCA używana w cześciach ziem północno-wschodnich, wschodnich i środkowych, widąc na zachód zmienia się na CSIA lub ną CCIA, a więcej wszystkiego na CSA i ta ostatnia forma wypiera pierwsze z używania

З прадмовы зразумела, што аўтар карыстаецца фанетычным прынцыпам у перадачы беларускіх рэестравых слоў. У слоўніку паслядоўна перадаецца

  • аканне: paradkam, pa paradku, ażanicca, z rozumam, litar, wokam, razhladać, jakoha, padaszwa, astarożna, stalica.
  • яканне: jadomy, biareznikach, pryniasli, lanicca, hladzieć, ziamli, niapraŭda, apiakunstwa, piata, lażyć, ciakawaści, hladzieć, ahladna.
  • дзеканне: адлюстравана паслядоўна пры дапамозе спалучэнняў dz і дз адпаведна: zwadzić (зваздиць), wadzić, zdziełacca, pachodzić, ludziej, bazhluzdzić.
  • цеканне: адлюстравана паслядоўна незалежна ад месца ў слове.
  • напісанне у нескладовага : гэтая фанетычная з’ява беларускай мовы адлюстроўваецца ў графіка-арфаграфічнай сістэме слоўніка пры дапамозе графемы ŭ у большасці выпадкаў у пазіцыі сярэдзіны ці канца слова пасля галоснага: ababkaŭ, ażaniŭszysia, paczaŭ, doŭha, nasiŭszy, daŭsia, kroŭju, Prusakaŭ, Palakaŭ, abazachociŭsia. У пазіцыі пачатку слова нават пасля папярэдняга галоснага аўтар ставіць звычайнае u: i udow, zapaczkany u krowi, mnie u znaki, na usiakam dzieli, nia uczynić.
  • гук і: як ужо было відаць з вышэйпрыведзеных прыкладаў, Ціхінскі пры кірылічным запісе беларускіх лексем ужываў графему и: абабицца, абацадляникъ, абачиць, абачиваць, абдзирацца, злыдникъ, абакулиць. Гэтая ж графема ўжывалася і для абазначэння гука [ы]: адуриць (параўн. запіс лацінкай aduryć).
  • фрыкатыўны г: перадаецца дастаткова паслядоўна пры дапамозе знака h: hety, abahrawać, hreć, jaho, hetyja, darohi, uhniatania, (w) hrawstwi, zhnusnieć.

Корпус слоўніка

Корпус слоўніка Ціхінскага змяшчае 125 тыс. рэестравых слоў. Супраць іншых беларускіх перакладных прац XIX — пачатку XX ст., названы слоўнік самы абʼëмны. Крыніцы матэрыялу слоўніка пакуль што дакладна не высветленыя. «Вядома, Я. Ціхінскі прымаў актыўны ўдзел у дваранскіх выбарах і такім чынам быў знаёмы з шматлікімі валаснымі, павятовымі і губернскімі пісарамі, якія маглі дапамагаць яму збіраць картатэку, ад якой пакуль што нічога не знойдзена»[1].

Словы ў корпусе размешчаны паводле лацінскага алфавіту, з выкарыстаннем часткова алфавітна-гнездавога спосабу, у выніку чаго слоўнік дасягнуў найбольшага ахопу лексікі, адлюстраваў яе сістэмныя сувязі, бо ў гняздо ўключаліся многія вытворныя словы: dár, darénia, dareawánia, darawá́́́ć, darýe, padarúnak, abdárany, abdarénie, abdarawány, abdarawánia, abdarawánie, abdarówywanie, abdarawá́́́ ć, abdarówywá́́́ ć,abdarýć, abdarýcial, abdarýcialka, abdarýwać. Нават у параўнанні са слоўнікам Насовіча, у слоўніку Ціхінскага больш дасканала выпісаны дэрываты: kachá́ć, pakacháć, zakacháć, kachácca, pakachácca, zakachácca, kachánaczak, kachánaczka, kachának, kachánka, kachánia, pakachánia, zakachánia, kachány, zakachány, kachánianki; коха́́ненький, коха́́нка, коха́́нне, коха́́нокъ, коха́́ный, коха́́ць, коха́́цься.

Слоўнікавыя артыкулы складаюцца па наступным прынцыпе: намінацыя (у беларускай лексемы пазначаны націск), сінонімы і лексічныя варыянты (калі яны ёсць), тлумачэнне, тэкставая ілюстрацыя:

Abábak (абабакъ)grzyb czarnyБерезовикъ
Hryb zwyczajny jadomy szto najbolej rascieć u biareznikachGrzyb pospolity, jedalny, rosnący przeważnie w lasach brzozowychОбыкновенный грибъ, съедобный, ростущий преимущественно въ лесахъ березовыхъ
Pryniasli ababkaŭPrzynieśli czarnych grzybówПринесли березовиковъ

Як відаць з прыведзеных прыкладаў, да кожнай лексемы даецца тлумачэнне на адпаведнай мове, чаго не назіраецца ў іншых беларускіх слоўніках таго часу (напрыклад слоўніку Івана Насовіча, у якім беларускія лексемы растлумачаны па-руску).

Аснову слоўніка складае агульнаўжывальная лексіка беларускай мовы. Разам з тым у ім адзначана шмат рэгіянальных слоў пераважна з тэрыторыі ўсходняй Беларусі: pożnia, pachać, piańka, але не толькі: milta, paranasznik, pajedzie. Адначасова ў слоўніку адзначаецца шмат лексем, якія маглі існаваць толькі ва ўжытку адукаванай, інтэлігентнай часткі беларускамоўнага грамадства: abacadła, lamantar, abacadlanik, abanament, abanawać, abaraniać і інш.

Слоўнік Ціхінскага змяшчае і шмат анамастычных намінацый: тапонімы (Albania, Abchazja, Hawana, Dancyh, назвы міфалагічных істот (Minerwa, Jason), прозвішчы вядомых гістарычных асоб, уласныя імёны (Albin, Aksiuta). Тлумачэнне такога роду намінацый набліжана да энцыклапедычных артыкулаў.

Асаблівую каштоўнасць і матэрыял для вывучэння складаюць анамастыяныя назвы, якія маюць дачыненне да гісторыі, культуры і этнаграфіі Беларусі:

Palésia(Паліеся)PolesieПолѣсье
Palesica (Палѣсица) kraj szto lażyć pad wialikimi lasami, lasisty. Biarahi, koncy lasoŭ. Szmaty daŭnych wajawodztw: Bresko-Litoŭskoho, Wałyńskaho i Kijaŭskoho, szto najbolaj usiaho majuć lasoŭ.Kraj pod wielkomo lasami leżący, lesisty. Brzegi, krańce lasów. Cześć dawnych województw: Bresko-Litewskiego, Wołyńskiego i Kijowskiego najwięcej obfitujących w lasy.Край около большихъ лѣсовъ лежащий, лѣсной. Берега, концы лѣсовъ. Часть бывшихъ воеводствъ: Бреско-Литовского, Волынского и Киевского, болѣе всего изобильныхъ въ лѣса

Лёс рукапісу

Упершыню слоўнік Ціхінскага быў апісаны Міколам Байковым яшчэ ў 1922 г. Выдатны беларускі лексікограф вельмі высока ацэньваў працу свайго папярэдніка, прылічыўшы яе да галоўнай каштоўнасці Інбелкульта.

У 30-я гады слоўнік пачалі рыхтаваць да друку. Але падрыхтаваная копія разам з рукапісам загінула ў час вайны.

Аказалася, аднак, што існаваў яшчэ адзін варыянт працы беларускага даследчыка. З крыніц становіцца зразумелым тое, што Ціхінскі стварыў два экземпляры слоўніка.

Да Вялікай Айчыннай вайны Інстытут мовазнаўства з машынапіснай копіі, зробленай у Маскве, рыхтаваў слоўнік да выдання, аднак у 19411944 гг. рэдакцыйныя матэрыялы слоўніка загінулі ў Мінску разам з іншымі навуковымі каштоўнасцямі АН БССР (4 тамы на літары В, Н, О, Р, каля 3 тыс. старонак). Частка рукапісу, якая захавалася, адшукана ў пачатку 1958 г. малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Я. Коласа АН БССР А. А. Вяржбоўскім у фондах АН Літвы разам з лістом вядомага беларускага этнографа і фалькларыста М. Федароўскага ў лісце да дачкі складальніка ад 10 мая 1906 года, дзе даецца высовая ацэнка яго працы − тома А на 30 тыс. слоў. Па словах А. А. Вяржбоўскага, у час вайны рукапіс трапіў у Вільню. Пасля вызвалення горада розныя архіўныя матэрыялы, сярод якіх знаходзіўся рукапіс, у 1945 г. былі апячатаны і ў 1946 г. размеркаваны паміж Віленскім дзяржаўным універсітэтам, АН і Цэнтральным Архівам Літоўскай ССР, а часткова адпраўлены ў Мінск. Пра гэта сведчыць кароткае паведамленне ў літоўскай газеце «Tiesa» (бел. «Праўда») ад 9 сакавіка 1958 г. і рэцэнзія на «Biełaruska-polska-rasijski sloŭnik» навукоўца, надрукаваная 18 жніўня 1961 г. (машынапіс), якая захавалася ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў Мінску. Пазней з’явіліся і іншыя працы — Эльжбеты Смулковай і Мікалая Гуліцкага, аднак дагэтуль 7 308 старонак віленскага рукапісу застаюцца маладаследаванымі.

У наш час рукапіс слоўніка зберагаецца ў аддзеле рукапісаў і рэдкіх кніг бібліятэкі Акадэміі Навук Літвы. Гэтая праца вельмі цікавая для даследчыкаў усіх трох славянскіх моў — беларускай, рускай і польскай.

Нашаніўскі этап

У 1906 г. пачынаецца новы этап беларускага нацыянальнага руху — «нашаніўскі». Беларускі навуковец становіцца «пранумаратарам» (падпісчыкам) газеты і карэспандэнтам — адзіным на ўвесь Чэрыкаўскі павет. Усяго ў 19091912 гг. «НН» былі надрукаваныя тры яго допісы.

Аўтара, «селяніна» Язэпа Бурачка, клапоцяць адвечныя для земляроба праблемы неспрыяльнага надвор’я («У нас весна ў гэтым гаду была доўгая, мокрая і халодная») і неўраджаю (хлеба па вёсках у гаспадароў ужо нема), беспрабуднага п’янства аднавяскоўцаў (ў нас такі звычай, што бацькі ды й дзядзькі зацягваюць дзяцей у шынкі).

Відавочна Бурачку ў жыцці давялося сустрэцца з несправядлівасцю, бо шмат ўвагі удзяляецца гэтай тэме (з магазыну даюць крыху і то багацейшым і спрытнейшым, хто ведае каму і як пакланіцца; па якімсь там інтрыгам, памелі ахвоту памсціцца і нагадзіць яму) і г. д.

Аднак часам селянін хутчэй саступае месца ліберальнаму абшарніку, які важную ролю ў жыцці краіны адводзіць развіццю асветы, парламенцкай дэмакратыі і земскаму самакіраванню, што прыносяць вялікую карысць для супольнага дабра, рэзка выступае супраць чарнасоценцаў і ўрадавага гвалту.

У сваёй рабоце «Гісторыя і сучаснасць» Сцяпан Хусейнавіч Александровіч цытуе частку ліста ў «НН» селяніна з Прусіна Паўлюка Жучка, які пісаў так:

“Прачытаўшы адзін № Вашай газеткі, мне вельмі захацелася, як беларусу, чытаць пісьмо гэтае ў сваёй роднай мове. Пасылаю мазалём дабытыя грошы і прашу высылаць з 1 ліпца 1909 г. гэту Вашу «Нашу Ніву». Архіўныя пошукі дазволілі выявіць гэты ліст. Ён заканчваецца так: «друкаваную літарамі рускімі вэдлуг такога адресу: на станцію Крычаў, Магілёў. губ, у маёнтак Прусін Ціхінскаму для Паўлюка Жучка.» Адправіў жа ліст настаўнік Яўхім Варанцоў, герой нашаніўскай карэспандэнцыі 1910 г. з Прусіна Цалкам магчыма, што пад гэтым псеўданімам хаваецца як-раз Варанцоў, бо настаўнікам было забаронена выпісваць першую беларускую газету.

Ліст Ціхінскага ад 31 снежня 1909 г., утрымлівае зветкі аб каляндарах «рускімі буквамі і польскімі» літарамі, высланых рэдакцыяй даследчыку. Арыгінал допіса Ціхінскага у «НН» 1912 г. утрымлівае просьбу «выслаць …10 календароў, як будуць надрукаваны…».

Такім чынам, згаданыя дакументы сведчаць аб тым, што Ціхінскі імкнуўся не толькі сабраць багацці беларускай гаворкі, але і распаўсюдзіць друкаванае народнае слова.

Зноскі

  1. Астанковіч С. Будзько І. Язэп Ціхінскі (1843—1922?) і Адраджэнне Беларусі // Гістарычны альманах. Т. 17. Гародня, 2011. С. 130

Літаратура

  • Анічэнка, У. В. Гістарычная лексікалогія ўсходнеславянскіх моў: вучэб.дапаможнік / У. В. Анічэнка. − Гомель: ГДУ, 1978. − 94 с.
  • Астанковіч С., Будзько І. Язэп Ціхінскі (1843—1922?) і Адраджэнне Беларусі // Гістарычны альманах. Т. 17. — Гародня, 2011, С. 124—141.
  • Байкоў, М. Я. Слоўнікавая праца ў беларускай мове / М. Я. Байкоў// Лінгвістыка 1920-х: тэрміналёгія, лексыкаграфія, правапіс, фармаваньне літаратурнай мовы / уклад. С. Запрудзкі // ARCHE. − 2010. − № 11 (98). − С. 109 − 126.
  • Вяржбоўскі, А. Пошукі трэба працягваць… (рэцэнзія на рукапісны слоўнік Я. Ціхінскага) / А. Вяржбоўскі // БДАМЛМ. − Ф. 12. − Воп. 1. — Д. 622. — Л. 23 — 31.
  • Гуліцкі, М. Ф. З лексікаграфічных набыткаў (перакладны трохмоўны беларуска-польска-pycкі слоўнік Я. Ціхінскага) / М. Ф. Гуліцкі // Беларуская мова. — 1983. — Вып. 8. — С. 111−119.
  • Гуліцкі М. Ф. Ціхінскі Язэп // Беларуская мова: Энцыклапедыя. Мн.: БелЭН, 1994. С. 604.
  • Суднік М. Р. Ціхінскі Язэп // Беларуская энцыклапедыя. У 18 Т. Т. 17. Мн.: БелЭН, 2003. С. 130.
  • Smułkowa E. Informacja o białorusko-polsko-rosyjskim thesaurusie z przełomu XIX i XX wieku // Slavia Orientalis. Rocznik XI. Nr. 1. Warszawa, 1962. S. 109—114

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Публіцысты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be