Якаў Бенцыёнавіч Герцовіч
Якаў Бенцыёнавіч (Бенцыянавіч) Герцовіч (1 студзеня 1910, Сяліба, Мінскай губерні — 21 красавіка 1976) — беларускі савецкі літаратурны крытык[2].
Біяграфія
Скончыў Камуністычны інстытут журналістыкі імя С. М. Кірава ў Мінску ў 1936 годзе[2]. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны[2]. У пасляваенны час займаў пасаду намесніка адказнага рэдактара газеты «Звязда»[3]. У 1953—1970 працаваў у часопісе «Вожык»[2].
Творчасць
Пачаў друкавацца ў 1936. Аўтар рэцэнзій і артыкулаў, прысвечаных праблемам развіцця беларускай літаратуры, пытанням пісьменніцкага майстэрства. Вывучаў пераважна развіццё сучаснай беларускай прозы[2].
Аўтар кнігі франтавых замалёвак «На вайне як на вайне» (1969) і зборніка сатырычных мініяцюр «Не пугай адзінай» (1969)[2].
Сачыненні
- «На перадавых пазіцыях» (1957)
- «Літаратура і жыццё народа» (1960)
- «Герой і сучаснасць» (1963)
- «Пісьменнікі, кнігі, героі» (1966)
- «Творчае крэда» (1970)
Успаміны
Уладзімір Гніламёдаў, які працаваў на пачатку 1970-х гадоў на адказных пасадах у ЦК КПБ, запісваў у сваім дзённіку[4]:
7 студзеня [1970]. Адзначыў 60-гадовы юбілей Якаў Герцовіч. Пытанне аб узнагароджанні не ставілася. Пісьменнікі адносяцца да яго непрыязна. Быў выпадак, калі Я. Герцовіч напісаў адмоўную рэцэнзію на «Каласы пад сярпом тваім» У. Караткевіча (а раман выдатны!) і хацеў змясціць у «Советской Белоруссии», але справа не задалася. Цяжка зразумець пазіцыю крытыка — чаму ён гэтак робіць? І ўжо не раз.
19 студзеня [1970]. Заходзіў на работу да мяне Якаў Герцовіч — вядомы літаратурны крытык. Скардзіўся на тое, што не ўзнагародзілі ў сувязі з юбілеем, забылі. Я яго, як мог, супакоіў. (…) Якаў Герцовіч — чалавек, я пераканаўся, не подлы, ён шчыра верыць у ідэалы камунізму, у палітыку партыі. Гэта засталося ў яго з 20-х гадоў. Ён камсамолец той пары».
3 верасня [1971]. 70 гадоў В. Вольскаму. Я. Герцовіч даў пра яго артыкул «Непаўторнасць», з якога відаць, як устарэла метадалогія гэтага крытыка. Ператварылася ў курэнне фіміяму.
28 снежня [1972]. Заходзіў Якаў Герцовіч. Скаргі, што забылі, значыць, не патрэбны. А потым прызнаўся, што і сапраўды пяро прытупілася, горш стаў адчуваць ідэйныя арыенціры. Прасіў падказваць, каго трэба ўзяць пад крытычны прыцэл.
Цікавыя факты
Паводле ўспамінаў Уладзіміра Мехава, у час кампаніі супраць «касмапалітаў» Я. Герцовіч спрабаваў скончыць жыццё самагубствам, але стрэлам з рэвальвера толькі параніў сябе[5].
Ацэнкі сучаснікаў
Меў рэпутацыю «пагромшчыка» з-за цкавання беларускіх літаратараў (У. Караткевіча і інш.). У 1962 надрукаваў у газеце «Советская Белоруссия» артыкул «Пошукі, находкі, страты», у якім аўтару рамана «Леаніды не вернуцца да Зямлі» («Нельга забыць») былі прад’яўлены абвінавачванні ў «другараднасці, кніжнасці, фармалізме, неўдалым выбары галоўнага героя, неправільным паказе жыцця». Гэты артыкул паўплываў на лёс рамана, які быў надрукаваны толькі ў 1983 годзе. Таксама адмоўна паставіўся Герцовіч да аповесці «Дзікае паляванне караля Стаха», у якой убачыў «прыхарошванне, ідэалізацыю гісторыі» і «элементарнае эпігонства».
Паэт Рыгор Барадулін характарызаваў гэтага крытыка ў сваёй эпіграме: «Герцовіч Якаў горка плакаў: / жыць мала, а ня ўсіх абкакаў»[6].
Зноскі
- ↑ (unspecified title) Праверана 1 студзеня 2022.
- 1 2 3 4 5 6 Герцович Яков Бенцианович // Биографический справочник. — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 146. — 737 с.
- ↑ Отзыв заместителя ответственного редактора газеты «Звязда» Я. Герцович
- ↑ https://www.rulit.me/books/sem-gadou-u-ck-read-541023-21.html
- ↑ https://belisrael.info/?p=26136
- ↑ Першы помнік Рыгору Барадуліну // svaboda.org 23 лютага 2015
Літаратура
- Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5-і т. / Рэдкал.: І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш.. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Т. 2. Габой — Карціна. — С. 77. — 702 с. — 9 500 экз.
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 1997. — Т. 5: Гальцы — Дагон. — С. 201. — 576 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0090-0 (т. 5), ISBN 985-11-0035-8.