Якуб Вуек
Якуб Ву́ек (польск.: Jakub Wujek SJ; 1541, Вангровец — 27 ліпеня 1597, Кракаў) — польскі каталіцкі святар, езуіт, доктар багаслоўя, рэктар Віленскай акадэміі, аўтар перакладу Бібліі на польскую мову.
Біяграфія
Сын Мацея Вуйка. Пачатковую адукацыю атрымаў у сямейным Вангроўцы ў школе цыстэрцыянцаў. Працягваў навучанне ў гуманітарна-прыродазнаўчых навуках у Сілезіі. Па рашэнні бацькоў у 1558 пакінуў Сілезію і пераехаў у Кракаў, дзе працягнуў адукацыю. У 1559 атрымаў званне бакалаўра.
Працаваў настаўнікам у школе кракаўскага біскупа Якуба Уханскага, а калі таго прызначылі прымасам Польшчы, ён накіраваў Вуйка апекуном сваіх братоў у езуіцкую калегію ў Вене. Тут Якуб скончыў магістрскую праграму па філасофіі, а таксама палепшыў веды па матэматыцы і грэчаскай мове.
У 1565 у Вене ўвайшоў у ордэн езуітаў, па навіцыяце пачаў навучанне ў Рымскай калегіі, дзе атрымаў дактарат. Правёўшы ў Рыме два гады, пераехаў у Пултуск, дзе выкладаў у езуіцкім калегіуме. У 1568 пасвечаны на капелана і з тае пары прысвяціў сябе інтэнсіўнай прапаведніцкай і літаратурнай працы. У 1571—1578 быў рэктарам езуіцкага калегіуму ў Познані, у 1578—1580 — рэктарам Віленскай акадэміі. У 1579—1584 заклаў езуіцкую правінцыю ў сяміградскай Клуж-Напоцы.
Памёр 27 ліпеня 1597 года, пахаваны ў скляпеннях касцёла Святой Барбары ў Кракаве.
Творчасць
Выдаў 2 вялікія творы: Пастыллі каталіцкія (Postylla catholica, to iest Kazania na każdą niedzielę i na każde święto przez cały rok, 1573), Пастыллі меншыя, а таксама «Жыцці», «Жарсці» і іншыя публікацыі.
У 1584 кіраўнікі ордэну езуітаў даручылі яму пераклад Свяшчэннага Пісання. Пераклад ладзіўся з лацінскага варыянту святога Гераніма — г. зв. Вульгаты, на Трыдэнцкім саборы ў 1546 годзе прызнаным афіцыйным тэкстам рымска-каталіцкае царквы.
У 1593 з’явіўся пераклад Новага Запавету, выдадзены з папраўкамі і псальмамі ў 1594 годзе. Поўны пераклад Бібліі быў скончаны ў 1595, аднак паколькі ён здзясняўся з лёвенскай Вульгаты, езуіты абавязаныя былі рэдагаваць яго дзеля дастасавання да клементынскай Вульгаты. Праца рэвізійнай камісіі заняла некалькі гадоў, і афіцыйны пераклад выйшаў толькі праз два гады па смерці Якуба Вуйка, у 1599. Унесеныя рэвізійнай камісіяй змены былі даволі значныя і шматлікія, аднак тым не менш гэты пераклад стаў вядомы як пераклад Вуйка.
З лінгвістычнага пункту гледжання Вуек карыстаўся з працы сваіх папярэднікаў. Пераклад адзначаецца сцісласцю і шматбаковасцю: мова простая і зразумелая, а разам з тым паважная і годная. Пераклад замяніў Біблію Леапаліты і выконваў ролю асноўнага польскага перакладу больш за тры стагоддзі.
Зноскі
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых дадзеных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- ↑ Jakub Wujek (Vangrowecz, Vangrovicius, Wuykus) // Internetowy Polski Słownik Biograficzny
Літаратура
- Bibliografia Literatury Polskiej — Nowy Korbut, t. 3 Piśmiennictwo Staropolskie, Państwowy Instytut Wydawniczy, Warszawa 1965, s. 419—424
Спасылкі
Якуб Вуек на Вікісховішчы |