Ян Неруда
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Неруда.
Ян Непамук Не́руда (чэшск.: Jan Nepomuk Neruda; 9 ліпеня 1834 — 22 жніўня 1891) — чэшскі пісьменнік, паэт і журналіст, найбуйнейшы ў Чэхіі прадстаўнік крытычнага рэалізму.
Біяграфія
Нарадзіўся ў 1834 годзе ў Празе ў сям’і гандляра. Вывучаў права і філасофію ў Карлавым універсітэце ў Празе. Пасля вучобы працаваў выкладчыкам, а ў 1860 годзе стаў журналістам мясцовай газеты. Неруда падтрымліваў блізкія адносіны з пісьменніцай Каралінай Светлай, але так ніколі і ажаніўся.
Ян Неруда памёр 22 жніўня 1891 года і быў пахаваны на Вышаградскіх могілках у Празе. Яго імем названа адна з вуліц Прагі.
Творчасць
У аснове яго творчасці — перакананні ў прагрэс чалавецтва, што бяруць свае вытокі ў гегельянстве, багацці і пільнасці жыццёвых назіранняў, разнастайным эмацыянальным рэагаванні на іх. Першы паэтычны зборнік «Могільнікавыя кветкі» (1857). Грамадзянская, філасофская і інтымная лірыка Неруды (зборнікі «Кнігі вершаў», 1868; «Касмічныя песні», 1878; «Балады і рамансы», 1883; «Песні перадвелікоднай пятніцы», 1896) адметная арганічным спалучэннем лёсу паэта і радзімы, дасканаласцю і натуральнай прастатой. Як празаік выступіў у жанры сацыяльна-бытавога апавядання (зборнікі «Арабескі», 1864; «Розныя людзі», 1871). Аўтар цыкла «Маластранскія аповесці» (1878), падарожных нарысаў (кнігі «Парыжскія карцінкі», 1863; «Блізкія вандроўкі», 1877), артыкулаў і фельетонаў пра музыку і мастацтва, падзеі грамадскага і культурнага жыцця Чэхіі і іншых краін.
Аказаў уплыў на Яраслава Гашака, Карала Чапека, Францішка Лангера, Карала Полачка. Быў знаёмы з украінскай і рускай пісьменніцай і перакладчыкам Марко Ваўчком.
Пераклады
Творы Неруды перакладзены на рускую, польскую, украінскую, іспанскую, англійскую, кітайскую мовы. На беларускую мову яго перакладаў Аляксей Зарыцкі. У Чэхіі эпітэт «нерудаўскі» служыць вышэйшай пахвалой для паэта.
Выбраныя працы
- 1857 — «Могілкавыя кветкі» (Hřbitovní kvítí)
- 1867 — «Кнігі вершаў» (Knihy veršů)
- 1877 — «Маластранскія аповесці» (Povídky malostranské)
- 1878 — «Касмічныя песні» (Písně kosmické)
- 1883 — «Простыя матывы» (Prosté motivy)
- 1896 — «Песні Вялікай пятніцы» (Zpěvy páteční)
Цікавыя факты
- Пабла Неруда ўзяў сябе псеўданім у гонар Яна Неруды.
Зноскі
- ↑ Czech National Authority Database Праверана 30 жніўня 2020.
- 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #118957910 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 26 красавіка 2014.
- 1 2 Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
- 1 2 Неруда Ян // Большая советская энциклопедия: [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — М.: Советская энциклопедия, 1969. Праверана 28 верасня 2015.
- 1 2 Czech National Authority Database Праверана 23 лістапада 2019.
Літаратура
- Неруда Ян. Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш.. — Мн.: БелЭн, 2000. — Т. 11: Мугір — Паліклініка. — 560 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0188-5 (т. 11), ISBN 985-11-0035-8.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ян Неруда