Янка Быліна
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Семашкевіч.
Янка Быліна, сапр. Ян Семашкевіч (30 кастрычніка 1883, в. Лакцяны, Свянцянскі павет Віленскай губ., цяпер Астравецкі р-н Гродзенскай вобл. — 18 лютага 1956, в. Бомбля, Падляскае ваяводства, Польшча; паводле інш. звестак мяст. Мар’янава, Польшча; Псеўданімы: Ядловец; Крыптанімы: Я. Б.; J.B.) — беларускі рымска-каталіцкі святар, паэт і драматург.
Біяграфія
Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1907), у тым жа годзе пасвечаны ў святары. Служыў у касцёлах на Слонімшчыне, Вілейшчыне, Ашмяншчыне, Віленшчыне. З 1933 года служыў на Беласточчыне — у Янаве-Падляскім (1933—1937), Ялоўцы (1937—1939), Міхалове (1939—1946), Бомблі (1946—1956). За ўжыванне беларускай мовы ў казаннях праследаваўся польскімі ўладамі. Арыштоўваўся НКУС у канцы верасня 1939 года. Апошнія гады жыцця правёў на Беласточчыне. Пахаваны побач касцёла ў Бомблі.
Творчасць
Друкаваўся з 1917 года ў газеце «Гоман», у перыядычных выданнях Заходняй Беларусі, у т.л. у рэлігійных («Krynica», «Chryścijanskaja Dumka»), сатырычных (часопісы «Авадзень» і «Маланка»), дзіцячым (часопіс «Пралескі», пад псеўд. Ядловец).
Аўтар зборнікаў паэзіі «На прызьбе» (Na pryzbie, Вільня, 1918; 2-е выд. 1924), «На покуці» (Na pokuci: Bajki i roznyja wieršy, Вільня, 1934), камедыі «Выбар старшыні» (Wybar staršyni: Wiaskowaja trahikamedyja u 3-ch dziejach z časou carskich, Вільня, 1926; 2-е выданне: Выбар старшыні. Вільня, 1938), рэлігійных твораў «Ружанец да Найсвяцейшае Дзевы Марыі» (Вільня, 1928), «Песні жальбы або набожныя разважанні аб муках і смерці Збаўцы Езуса Хрыста» (Вільня, 1929), «Дарога крыжа» (Daroha kryža, Вільня, 1930).
Патрыятычныя і гумарыстычныя творы Я. Быліны выкарыстоўваліся аматарскімі калектывамі ў Заходняй Беларусі.
Памяць
Грамадскае аб’яднанне «Вільняр» арганізавала ў Лакцянах, на бацькаўшчыне паэта, мастацкі пленэр і краязнаўча-літаратурныя чытанні (9-10.8.2003).
Зноскі
Літаратура
- Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.3: Беларусы — Варанец / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш — Мн.: БелЭн, 1996. — Т. 3. — 511 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0068-4 (т. 3);
- Быліна Янка // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1992—1995. — Т. 1;
- Гарбінскі Ю. Беларускія рэлігійныя дзеячы XX стагоддзя. — Мінск-Мюнхен, 1999.
- Гарэцкі М. Быліна Янка // Гісторыя беларускай літаратуры. — Мн., 1992;
- Календарыюм // «Czasopis» № 10/2003;
- Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі. Энцыклапедычны даведнік у 10 тамах (15 кнігах). Т. 1. Абрамовіч—Кушаль. / Укладальнік Л. У. Маракоў. — Смаленск, 2003. — 480 с. — ISBN 985-6374-04-9.;
Спасылкі
- Чакур Г. У Клюшчанах успаміналі паэта-святара Яна Семашкевіча // Астравецкая Праўда. 2.11.2013.