wd wp Пошук: ⬜

Яўген Віктаравіч Осін

Яўге́н Ві́ктаравіч О́сін (руск.: Евгений Викторович Осин; 4 кастрычніка 1964, Масква, СССР — 17 лістапада 2018, Масква, Расія) — савецкі і расійскі спявак, музыкант, аўтар песень[1].

Біяграфія

Яўген Віктаравіч Осін нарадзіўся 4 кастрычніка 1964 года ў Маскве. Яго бацька, Віктар Рыгоравіч Осін, працаваў вадзіцелем тралейбуса, па веравызнанні — адвентыст сёмага дня. Дзядзька Яўгена быў барабаншчыкам у ансамблі Леаніда Уцёсава. Калі Яўгену было 9 гадоў, яго бацькі развяліся. Пасля гэтага яго маці далі двухпакаёвую кватэру ў Тэкстыльшчыках, а бацька пераехаў у Чарапавец, дзе працаваў начальнікам аўтакалоны і ўзначальваў ячэйку адвентыстаў[2]. Ёсць малодшая сястра Альбіна.

Музыка захапіла Осіна ў чатырнаццаць гадоў, калі ён пачынае граць на барабанах у школьным ансамблі; затым ён прабуе вучыцца в музыкальнай школе, але кідае яе, не давучыўшыся. Пасля няскончанай вучобы на руках у Осіна было пасведчанне з інстытута павышэння кваліфікацыі работнікаў культуры, якое давала права працаваць кіраўніком самадзейнага ансамбля ўзроўню раённага дома культуры. У 1983 годзе, ва ўзросце 19 гадоў, Осін стае вегетарыянцам[3].

Сваю першую групу стварыў у 1986 годзе, у канцы 80-х супрацоўнічаў з групай «Брава». За кар’еру выпусціў 15 альбомаў.

Пік папулярнасці прыйшоўся на 90-я. Осін вядомы публіцы па песнях «Плача дзяўчына ў аўтамаце», «Восьмага сакавіка», «Качка», «Партрэт працы Пабла Пікасо», «Спадарожніца»[4].

Адно з самых яго вядомых выступленняў — у 1996 годзе ў Растове-на-Доне ў рамках перадвыбарнай кампаніі Барыса Ельцына, калі прэзідэнт Расіі выйшаў на сцэну і станцаваў разам з Осіным.

У 2017 годзе ў Осіна дыягнаставалі апошнюю стадыю алкагалізму, яго адправілі на лячэнне ў адну з клінік у Тайландзе. З гэтага часу ён практычна не мог самастойна перамяшчацца. У маі 2018 года артыст у інтэрв’ю распавядаў, што замяніў спіртное мотаспортам, аднак неўзабаве ён трапіў адразу ў дзве аварыі за тыдзень: адна адбылася на запраўцы, другі раз ён урэзаўся ў трактар.

17 лістапада 2018 года Яўген Осін памёр. Яму было 54 гады. Вядома, што артыст памёр у сябе дома. Афіцыйна прычына смерці не раскрываецца, але па некаторых даных, артыст, імаверна, памёр ад спынення сэрца, выкліканым ужываннем алкаголю[5].

Зноскі

  1. ↑ Памёр спявак Яўген Осін(нявызн.), Звязда (17 лістапада 2018). Праверана 17 лістапада 2018.
  2. ↑ Яўген Осін — біяграфія, інфармацыя, асабістае жыццё(руск.)
  3. ↑ Яўген Осін — Мясаеды і вегетарыянцы (1999 г.)(руск.)
  4. ↑ У Маскве памёр спявак Яўген Осін(нявызн.), БелСат (17 лістапада 2018). Праверана 17 лістапада 2018.
  5. ↑ Памёр расійскі спявак Яўгеній Осін(нявызн.), Наша Ніва (17 лістапада 2018). Праверана 17 лістапада 2018.

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Паэты XX стагоддзя Катэгорыя·Паэты XXI стагоддзя Катэгорыя·Паэты Расіі Катэгорыя·Паэты СССР Катэгорыя·Паэты паводле алфавіта
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be