wd wp Пошук:

Паэзіязнаўства

Паэзіязна́ўства — галіна літаратуразнаўства, якая вывучае паэзію як форму адлюстравання рэчаіснасці і як мастацтва ў яе ўзаемадачыненнях з грамадскім жыццём і літаратурай у цэлым. Як асобная сістэма ведаў пра паэзію ўзнікла ў старажытнасці і да гэтага часу развіваецца ў рэчышчы літаратуразнаўства.

Мае свой аб’ект даследавання (усё, што адносіцца да паэзіі: асобны паэтычны твор, паэтычны жанр, творчасць паэта і г. д.), сваю тэрміналогію, карыстаецца агульнай для ўсяго літаратуразнаўства метадалогіяй. З усіх раздзелаў паэзіязнаўтва пакуль што найбольшую вядомасць і самастойнасць набыло вершазнаўства.

Сувязь з іншымі навукамі

Глыбокае разуменне паэзіі немагчыма без ведання законаў развіцця грамадства, культуры, мовы. Таму паэзіязнаўства цесна звязанае з гісторыяй, псіхалогіяй, эстэтыкай, мовазнаўствам, некаторымі іншымі грамадскімі і гуманітарнымі навукамі.

Дысцыпліны паэзіязнаўства

Асноўныя дысцыпліны:

  • Крытыка паэзіі імкнецца даць ацэнку бягучым фактам паэзіі з пункту гледжання значэння іх для сучаснасці. Такая ацэнка, з аднаго боку, дазваляе паэтам суаднесці вынікі сваёй працы з тымі патрабаваннямі, якія прад’яўляе да літаратуры грамадства. З іншага боку, яна дапамагае фарміраваць грамадскую думку, выпрацоўваць у чытачоў аб’ектыўныя погляды на літаратурныя з’явы, удасканальваць эстэтычны густ і эстэтычны ідэал. Крытыку паэзіі патрэбна мець тонкі эстэтычны густ, глыбокія веды па гісторыі і тэорыі паэзіі, валодаць пачуццём вершаванага рытму, быць надзвычай чуйным да слова, і не толькі да яго сэмантыкі, але і да гучання, адчуваць нават няўлоўныя ўзаемаадносіны зместу і формы. Узнікшы адразу пасля ўзнікнення самой паэзіі, высокапрафесійная, патрабавальная, зацікаўленая крытыка паэзіі стала яе неабходным спадарожнікам. Асноўныя жанры сучаснай крытыкі паэзіі — рэцэнзія, артыкул (аглядны, праблемны), бібліяграфічная нататка, літаратурны партрэт, рэпліка, пародыя, манаграфічнае даследаванне.
  • Гісторыя паэзіі вывучае гістарычныя заканамернасці ўзнікнення і развіцця нацыянальнай, рэгіянальнай і сусветнай паэзіі, акрэслівае месца і значэнне творчасці тых ці іншых паэтаў і асобных іх твораў у літаратурным працэсе.
  • Тэорыя паэзіі даследуе сутнасць, своеасаблівасць паэзіі як грамадскай з’явы і мастацтва слова, вывучае гістарычныя заканамернасці развіцця, сацыяльна-гістарычную ролю і прынцыпы аналізу паэзіі. Грунтуецца на матэрыяле не адной якой-небудзь або некалькіх літаратур, а выкарыстоўвае мастацкі вопыт розных народаў і розных эпохаў.

Дапаможныя дысцыпліны:

  • Бібліяграфія рэгіструе і апісвае апублікаваныя паэтычныя творы, а таксама працы па гісторыі, тэорыі і крытыцы паэзіі.
  • Гістарыяграфія даследуе ступень вывучанасці асобных пытанняў паэзіязнаўства, імкнецца выявіць невядомае, сканцэнтраваць намаганні гісторыкаў, тэарэтыкаў і крытыкаў паэзіі на далейшай распрацоўцы актуальных праблем.
  • Тэксталогія вызначае канчатковы, так званы кананічны, аўтарскі тэкст, вызвалены ад розных памылак і скажэнняў. Кананічным лічыцца тэкст аўтарскага рукапісу, а калі яго няма — апошняга прыжыццёвага выдання твора. Асобай задачай тэксталогіі з’яўляецца атрыбуцыя — устанаўленне аўтарства ананімнага або псеўданімнага твора.
  • Крыніцазнаўства займаецца выяўленнем і публікацыяй літаратурных крыніц: асобных твораў, матэрыялаў, звязаных з жыццём і творчай дзейнасцю пісьменнікаў. Многія такія матэрыялы захоўваюцца ў архівах (у Мінску — Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва), музеях (напрыклад, у літаратурных музеях Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Петруся Броўкі), рукапісных аддзелах бібліятэк (Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа і інш.).
  • Біяграфістыка імкнецца стварыць як мага больш поўныя, навукова грунтоўныя біяграфіі буйных прадстаўнікоў нацыянальнай паэзіі. Найбольш распаўсюджаны яе жанр — крытыка-біяграфічны нарыс.
  • Літаратурнае краязнаўства займаецца вывучэннем літаратурнай гісторыі пэўнай мясцовасці (вуснай народнай творчасці, сувязі пісьменніка з пэўным краем, устанаўленне пісьменніцкіх прататыпаў, якія жылі ці жывуць у дадзенай мясцовасці, і г. д.).
  • Храналогія сваёй задачай лічыць вызначэнне дакладных, дакументальна пацверджаных датаў, звязаных з літаратурным працэсам.

У храналагічным запісе кожны факт пашпартызуецца, г. зн. указваецца крыніца, адкуль узятыя звесткі. У літаратуразнаўстве пашырэнне набыў асобны жанр храналогіі — летапіс жыцця і творчасці пісьменніка. Такія летапісы змяшчаюцца звычайна ў канцы навуковых збораў твораў.

Раздзелы гісторыі паэзіі

  • Аўтаразнаўства. Аўтаразнаўчыя даследаванні ахопліваюць творчасць аднаго паэта. Часам такіх даследаванняў, прысвечаных класіку нацыянальнай літаратуры, назапашваецца столькі, што ўзнікае неабходнасць вылучыць у аўтаразнаўстве асобны раздзел, які носіць імя гэтага класіка: купалазнаўства, коласазнаўства і інш.
  • Гісторыя нацыянальнай паэзіі.
  • Гісторыя рэгіянальнай паэзіі.
  • Гісторыя сусветнай паэзіі.

Раздзелы тэорыі паэзіі

  • Эстэтыка паэзіі разглядае паэзію як адну з формаў мадэлявання рэчаіснасці, паказвае сувязь яе з грамадскім жыццём, месца паэзіі сярод іншых відаў мастацтва (паэзія як від мастацтва, класавасць, народнасць паэзіі і інш.)
  • Тэорыя літаратурнага працэсу выяўляе гістарычны характар развіцця паэзіі як мастацтва слова, даследуе заканамернасці, звязаныя з узнікненнем і эвалюцыяй асобных родаў і відаў літаратуры, мастацкіх метадаў і літаратурных напрамкаў.
  • Метадалогія аналізу паэзіі ўстанаўлівае асноўныя прынцыпы навуковага даследавання паэзіі.
  • Паэтыка вывучае характар, структуру і змястоўнасць паэтычнай формы.

Гл. таксама

Літаратура

  • Р. I. Гульман. Пытанні тэксталогіі беларускай літаратуры. Мн., 1980.
  • Каваленка В. А. Праблемы сучаснай беларускай крытыкі / Рэд. П. К. Дзюбайла. — Мн.: Навука і тэхніка, 1977.
  • Мушынскі, М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 20—30-я гады. ― Мн., 1975.
  • Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
  • Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.
  • Ралько, І. Д. Верш і мова: Праблемы тэорыі і гісторыі беларускага верша. — Мінск: Навука і тэхніка, 1986.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Паэзія
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be