Вершаваны рытм
Вершава́ны рытм — моўны рытм, які засноўваецца на чаргаванні пэўных рытмастваральных кампанентаў, галоўных і дапаможных. Адзінкай рытму верша з’яўляецца вершаваны радок, не толькі выдзелены графічна, але і падкрэслены міжрадковай паўзай, рыфмай або клаўзулай.
Рытм нельга атаясамліваць, як гэта часам робяць, з метрам або памерам. Вершаваныя радкі аднаго метру (харэічнага, дактылічнага і г. д.) або аднаго памеру (чатырохстопнага ямба, трохстопнага дактыля і г. д.) дзякуючы багаццю рытмастваральных кампанентаў амаль ніколі не бываюць ідэнтычнымі па рытмічнаму малюнку. Рытм у вершы выконвае шмат функцый.
Функцыі вершаванага рытму
- Генетычная — вершавы рытм дае жыццё вершу як цэласнай з’яве.
- Сэнсавыяўленчая — адна з самых галоўных функцый вершавага рытму. Тэарэтыкі і практыкі верша даўно заўважылі, што адны метры (напрыклад, харэічныя) дапамагаюць лепшаму выяўленню радаснага, вясёлага настрою, у той час як іншыя (напрыклад, дактылічныя) — настрою роздуму, развагі, суму. Трэба падкрэсліць, аднак, што гаворка тут ідзе не пра жорсткае правіла, а толькі пра тэндэнцыю, бо некаторыя надзвычай «ёмістыя» памеры, у прыватнасці чатырохстопны ямб, з аднолькавым поспехам могуць перадаваць розныя эмоцыі і думкі (прыгадаем «Яўгена Анегіна» А. Пушкіна, «Новую зямлю» і «Рыбакову хату» Я. Коласа, напісаныя гэтым памерам).
- Мнеманічная — дапамагае лепшаму запамінанню вершаванага твора. На гэтай уласцівасці рытму заснаваныя мнеманічныя вершы.
Дзякуючы мнеманічнай моцы да нас дайшлі многія шэдэўры старажытнай літаратуры («Махабхарата», «Іліяда», «Адысея» і інш.), беларускія ананімныя творы XVIII—ХІХ стст. (паэмы, вершы, гутаркі).
Літаратура
- Рагойша В. П. Паэтычны слоўнік. — 3-е выд., дапрац. і дапоўн.. — Мінск: Беларуская навука, 2004. — 576 с. — 2 000 экз. — ISBN 985-08-0598-6.
- Рагойша В. П. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах. — Мінск: Беларуская энцыклапедыя, 2001. — 384 с. — 1 000 экз. — ISBN 985-11-0197-4.