Ёзаф Міласлаў Гурбан
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Гурбан.
Ё́заф Лю́давіт Мі́ласлаў Гу́рбан (славацк.: Jozef Ľudovít Miloslav Hurban; псеўданімы Slavomil F. Kořennatý, Ľudovít Pavlovič, M. z Bohuslavíc, M. Selovský; 19 сакавіка 1817, Бецкаў[3] — 21 лютага 1888, Глбоке[4]) — першы старшыня Славацкай народнай рады, славацкі пісьменнік, журналіст, палітык, евангельскі пастар і выбітная постаць славацкага паўстання 1848—1849 гадоў. Спачатку быў паслядоўнікам Яна Колара, пасля Людавіта Штура. У яго гонар названая малая планета (3730) Гурбан.
Біяграфія
Ёзаф нарадзіўся ў сям’і евангельскага пастара Паўла Гурбана і Ганны Ворасавай[5], быў ахрышчаны пад імем Ёзаф Людавіт. Меў старэйшую сястру Тэрэзію Зузану[6]. Пачатковую адукацыю атрымаў у бацькі, пасля ў 1826—1830 гадах навучаўся ў месцячковай школе ў Трэнчыне, а ў 1830—1840 — у евангельскім ліцэі ў Браціславе. Тут ён пазнаёміўся з Людавітам Штурам, які абудзіў у ім патрыятычныя пачуцці. У 1840 быў пасвечаны на святара. Хацеў працягнуць навучанне ў Германіі, аднак з фінансавых прычын мусіў пайсці працаваць, каб аплаціць вучобу.
Па пасвечанні быў лютэранскім капланам у Брэзавай пад Брадлам, ад 1843 служыў пастырам у Глбоке. У 1860 годзе скончыў навучанне і атрымаў званне доктара філасофіі і доктара тэалогіі ганорыс каўза. Ад 1866 года па смерці Карала Кузманага пэўны час быў суперінтэндантам славацкай евангельскай патэнтальнай царквы.
Ажаніўся з Ганнай Юрковічавай, з якой мелі 4 дачок і 5 сыноў (сярод якіх і пісьменнік Светазар Гурбан-Ваянскі).
Дзейнасць
Да патрыятычнай, літаратурнай і культурна-арганізацыйнай дзейнасці далучыўся ў 1835 годзе. Разам з Людавітам Штурам стаў найактыўным членам Чэшска-славацкага таварыства, а неўзабаве і створанага Інстытуту чэхаславацкай мовы і літаратуры.
24 красавіка 1836 узяў удзел у сустрэчы штураўскай моладзі на Дзевіне, дзе ўзяў славянскае імя Міласлаў. У ліпені 1843 у яго парафіі ў Глбоке адбылася сустрэча з Штурам і Годжаа, на якой па агульнай згодзе было вырашана прызнаць цэнтральнаславацкую гаворку асноваю славацкай літаратурнай мовы, якая б служыла не толькі для абуджэння народнага духу, але была таксама і спосабам асветы, адукацыі і культуры для шырокіх слаёў народу. Дзякуючы гэтай сустрэчы ўжо другое выданне альманаху «Нітра» ў 1844 годзе прадставіла новую літаратурную мову, хоць граматыка Штура выйшла толькі праз два гады.
У 1848—1849 гадах Міласлаў Гурбан быў адным з галоўных дзеячаў Славацкага паўстання. 18 сакавіка 1848 у яго парафіі ў Глбоке адбылася сустрэча славацкім народавольцаў. Так з’явілася ідэя мітынгаў з мэтай выпрацаваць усенародную рэвалюцыйную праграму. 28 красавіка дзякуючы яго нястомнай працы ў Брэзавай пад Брадлам адбыўся вялікі народна-рэвалюцыйны мітынг, дзе была абвешчана нацыянальная праграма Нітранскія вымогі. У маі таго ж года на сходзе ў Ліптаўскім Мікулашы была прынятая ўсенародная праграма, г. зв. Вымогі славацкага народа, якія выцякалі з першай Гурбанавай праграмы. Гурбан быў таксама старшынёй першага славацкага палітычнага органу — Славацкай народнай рады.
Улады дзяржавы і Пешта адрэагавалі вельмі востра. Быў выдадзены ордар на арышт Гурбана, таму ён быў вымушаны з’ехаць у чэшскія землі. Тут ён таксама ўзяў актыўны ўдзел у пражскім паўстанні, а па яго здушэнні пераехаў са Штурам у Харватыю, пазней у Сербію, дзе працягваў працаваць на падтрымку славацкага рэвалюцыйнага руху.
Па перамозе контрарэвалюцыі ў Аўстрыі ў часе неаабсалютызму знаходзіўся пад паліцэйскім наглядам і быў адсунуты ад палітычнага жыцця. Тым не менш, працягваў літаратурныя, моўныя і культурныя намаганні штураўскага пакалення. Пасля падзення Бахавага абсалютызму ў канцы 50-х гадоў XIX стагоддзя зноў стаў актыўна займацца палітыкай. У 1861 быў адным з аўтараў Мемарандуму славацкага народа, дакументу, які прадугледжваў прававое развязанне славацкага пытання ў канстытуцыйнай манархіі.
Пасля правалу мемарандуму пачаў займацца царкоўна-палітычнымі пытаннямі і намагаўся ўкаранення ў жыццё пратэстанцкага патэнту 1859 года. Па смерці Карала Кузманага (1866) быў пастаўлены суперінтэндантам славацкай евангельскай патэнтальнай царквы. Аднак і на гэтай пасадзе востра выступаў супраць прынцыпаў аўстра-венгерскага пагаднення і венгерскага закону аб грамадзянстве 1868 года. За адзін артыкул на гэту тэму быў увязнены на 6 месяцаў і аштрафаваны на 239 залатых. У 1875 зноў быў увязнены, цяпер на тры месяцы, за палітычны артыкул у «Царкоўных лістах». На знак пратэсту супраць закрыцця славацкіх гімназіяў і Славацкай маціцы выдаў чарговы нумар альманаху «Нітра» (1876—1877) на чэшскай мове, каб прадэманстраваць старажытнае адзінства чэхаславакаў і аднавіць агульную мову, аднак гэты яго крок назад не знайшоў падтрымкі ў яго найбліжэйшых паплечнікаў.
Памёр у Глбоке. На яго магіле ў 1892 годзе быў паўстаўлены помнік на грошы з грамадскіх ахвяраванняў, аднак пасля адкрыцця помніку ўлады забаранілі наведванне магілы нават яго жонцы і сынам.
Памяць
У 1948 годзе невялікае мястэчка Стара Дзяла было перайменавана на Гурбанава. Імя Міласлава Гурбана маюць вуліцы і плошчы ў розных славацкіх і чэшскіх гарадах і вёсках. У Глбоке знаходзіцца яго надмагілле і помнік аўтарства Душана Юркавіча, памятны дом (евангельскі дом малітвы) і статуя. Помнік Гурбану стаіць і ў Нове-Места-над-Вагам, у Бецкаве і Брэзавай пад Брадлам — памятныя дошкі.
Зноскі
- 1 2 Нямецкая нацыянальная бібліятэка, Берлінская дзяржаўная бібліятэка, Баварская дзяржаўная бібліятэка і інш. Record #119552639 // Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 4 мая 2014.
- 1 2 Jozef Miloslav Hurban // Brockhaus Enzyklopädie
- ↑ príslušná strana v krstnej matrike evanjelického cirkevného zboru Beckov je vytrhnutá.
- ↑ Záznam o úmrtí v matrike evanjelického cirkevného zboru Hlboké; druhé krstné meno je tu uvedené aspoň iniciálou.
- ↑ Záznam o sobáši v matrike evanjelického cirkevného zboru Beckov z júna 1813
- ↑ Záznam o krste v matrike evanjelického cirkevného zboru Beckov z marca 1814
Літаратура
- Beran, Z.: Jozef Miloslav Hurban. In: Slovník slovenských spisovateľov. Praha: Libri, 1999, s. 225—228.
- Brtáň, R.: Postavy slovenskej literatúry. Bratislava: Slovenské pedagogické nakladateľstvo, 1971, s. 270—289.
- Kusý, I. : Jozef Miloslav Hurban. Bratislava: Tatran, 1948.
- Mrlian, O.: Jozef Miloslav Hurban. Bratislava: Osveta, 1959.
- Noge, J.: Slová, ktoré pripravovali čin. In: J. M. Hurban: Dielo I. Bratislava: Tatran, 1983, s. 15 — 30.
- Noge, J.: Umelec a literárny publicista Jozef Miloslav Hurban. In: Slovenská romantická próza. Bratislava: Slovenská akadémia vied, 1969, s. 301—363.
- Winkler, Tomáš: Perom a mečom. Martin : Matica slovenská, 1997. Život zvoniaci činom. J. M. Hurban. Život a dielo v dokumentoch. Editor T. Winkler, Martin: Osveta, 1987.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ёзаф Міласлаў Гурбан
- Pamätník J. M. Hurbana v Žiline Архівавана 14 студзеня 2011.
- Plné texty diel J. M. Hurbana