Іаан-Зосім
Іаан-Зосім (груз. იოანე-ზოსიმე; памёр каля 990 года) — грузінскі хрысціянскі манах, багаслоў, каліграф, аўтар рэлігійных гімнаў. Звесткі пра яго жыццё адрывістыя; галоўным чынам, вядома пра яго знаходжанне ў лаўры Савы Асвячонага ў Палесціне і ў манастыры Святой Кацярыны на Сінаі. Да вядомых прац Іаана-Засіма адносяцца рукапісы літургічнага характару, акраверш «Завяшчанне», а таксама гімн містычнага характару «Усхваленне і ўзвелічэнне грузінскай мовы».
Біяграфія
Біяграфічных звестак пра Іаана-Зосіма вельмі мала. Яго дзейнасць звязана з палесцінскай Лаўрай Савы Асвячонага ў 949—956 гадах і з манастыром Святой Кацярыны на Сінаі з 956 года[1] (па іншых дадзеных, з 970-х гадоў[2]). Іаан-Зосім быў апекуном і духоўным настаўнікам грузінскіх суполак гэтых манастыроў. Ён добра валодаў грэчаскай мовай. Лічыцца, што ў Іаана-Зосіма было слабое здароўе, таму что ў адным з рукапісаў ён нярэдка скардзіўся на дрэнны зрок і слабасць[1][3]. Духоўнага сану не меў, паколькі цалкам прысвяціў сябе багаслоўскай дзейнасці[1].
Рукапісы
Самы ранні рукапіс, перапісаны Іаанам-Зосімам, датаваны 949 годам, самы позні — 987 годам. Большая частка складзеных і перапісаных ім рукапісаў носіць літургічны характар. Праваслаўная энцыклапедыя адзначае важны ўклад рукапісаў Іаана-Зосіма ў духоўную культуру Грузіі[1].
Іаан-Зосім прытрымліваўся іерусалімскага чыну набажэнства; пасля Грузінская праваслаўная царква перайшла на канстанцінопальскі чын. У зборніках Іаана-Зосіма адбілася імкненне прывесці новыя традыцыі ў адпаведнасць з іерусалімскай літургічнай практыкай.
Адзін з такіх зборнікаў носіць назву — «Іадгары песнапенняў, у якіх апісаны ўсе святы, новыя і старыя, і гадзіны — усе дванаццаць, па-грузінску і па чыне абіцелі святога Савы, і поўны каранікон»; у ім утрымліваюцца каштоўныя звесткі аб Палесціне і грузінскай гімнаграфіі. Многія творы старажытнасці захаваліся толькі дзякуючы таму, што ўвайшлі ў склад зборніка[1].
Гэты зборнік сканчаецца вершаваным «завяшчаннем», якое прыпісваецца Іаану-Зосіму. «Завяшчанне» напісана 16-складаным вершаваным памерам шаіры і з’яўляецца акравершам: калі прачытаць першую і апошнюю літары кожнай страфы, атрымаецца імя святога Георгія[1][3]. Памер шаіры пасля атрымаў развіццё ў творчасці Шаты Руставелі[4].
«Усхваленне і ўзвелічэнне грузінскай мовы»
Гэты містычны гімн вядомы пад некалькімі назвамі: «Усхваленне і ўзвелічэнне грузінскай мовы» («Хвала і слава грузінскай мове»), «Усхваленне грузінскай мовы» («Хвала грузінскай мове») і «Грузінскай мове»[1]. Гімн напоўнены нумералагічным сімвалізмам і біблейскімі алюзіямі[3][2]. У песнапенні ўсхваляецца грузінская мова і выказваецца надзея, што, нягледзячы на яе «прыніжэнне», мова абавязкова ўваскрэсне ў «будучым свеце» і менавіта на ёй Бог будзе судзіць свет пасля Другога прышэсця. Гімн быў шырока распаўсюджаны на Сінаі і лёг у аснову рэлігійнай традыцыі святкавання грузінскай мовы. Большасць навукоўцаў лічаць, што аўтарам гімна з’яўляецца Іаан-Зосім[1].
Зноскі
- 1 2 3 4 5 6 7 8 Сулава Н. Иоанн-Зосим // Православная энциклопедия. Том XXV. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2011. — С. 64—67. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 978-5-89572-046-2
- 1 2 IOANE-ZOSIME (англ.) . Georgian National Biography. Архівавана з першакрыніцы 27 лістапада 2016.
- 1 2 3 Rayfield, Donald (2000), The Literature of Georgia: A History, pp. 32-34. Routledge, ISBN 0-7007-1163-5.
- ↑ Большая российская энциклопедия : [в 35 т.] / гл. ред. Ю. С. Осипов. — М. : Большая Российская энциклопедия, 2004—.
Спасылкі
- Сулава Н. Иоанн-Зосим // Православная энциклопедия. Том XXV. — М.: Церковно-научный центр «Православная энциклопедия», 2011. — С. 64—67. — 752 с. — 39 000 экз. — ISBN 978-5-89572-046-2
Іаан-Зосім на Вікісховішчы |