wd wp Пошук:

Іван Маразовіч

Іва́н (Я́нка) Маразо́віч (псеўд. Я́нка Мала́нка; 1895, Барысаў — 1937, м. Яшуны, Віленскае ваяводства, цяпер Літва) — беларускі паэт, сатырык, журналіст і мастак.

Біяграфія

Рэдакцыя часопіса «Маланка». Янка Маланка сядзіць першы злева. Вільня, 1926—1928 гг

Скончыў гімназію ў Барысаве. У 1916 годзе мабілізаваны ў расійскую армію. З 1920 года працаваў дробным служачым у мястэчку Яшуны паблізу Вільні. З 1925 года актыўна выступаў у перыядычным друку Заходняй Беларусі. Пэўны час, паміж 1926—1928 гадамі — адказны рэдактар сатырычнага часопіса «Маланка» (Вільня), звязанага з дзейнасцю Беларускай сялянска-работніцкай грамады. Пахаваны ў Яшунах.

Творчасць

Карэкатура Янкі Маланкі «Тут ляжыць труп беларускае школы». «Маланка» №1 1926 г.

Дэбютаваў гумарэскамі ў часопісе «Авадзень», тэксты не выяўлены. Першыя вядомыя публікацыі вершаў, бясспрэчнага аўтарства Івана Маразовіча, датаваны 1925 годам. З 1926 года рэгулярна друкуе вершы, жарты, фельетоны, палітычныя частушкі ў часопісе «Маланка» пад рознымі псеўданімамі і крыптанімамі. Друкаваўся ў заходнебеларускіх выданнях «Беларуская доля», «Беларуская ніва», «Беларуская крыніца», «Наш голас», «Наша праўда», «Права працы» і інш.

У вершах Янкі Маланкі гучалі матывы сацыяльнага і нацыянальнага разняволення беларускага народа, яго духоўнага абуджэння. У сатырычных вершах асвятляў грамадска-палітычнае жыццё Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы. Выступаў супраць палітыкі польскіх уладаў. Выкарыстоўваючы прыём літаратурнай містыфікацыі друкаваў абразкі тагачасных падзей у Кітаі, бо жыццё ў Заходняй Беларусі нагадвала жыццё ў іншых каланіяльных і залежных краінах (у 1920-я гады «кітайскія» і «індыйскія» матывы былі пашыраныя сярод пісьменнікаў Заходняй і Савецкай Беларусі)[1].

У чаосопісе «Маланка» выступаў і як мастак, аўтар шматлікіх малюнкаў і тытульных лістоў[1].

Апошнія літаратурныя публікацыі Івана Маразовіча датаваны 1929 годам. Потым адышоў ад літаратурна-мастацкай і грамадскай дзейнасці. Рукапісы твораў захоўваюцца ў Цэнтральнай бібліятэцы АН Літвы.

Псеўданімы: Янка Маланка, Ляо Дзэ, Ляо-Дзе, Пярун, Гаўрыла Пярун, Язэп Грамабой, Янка Грамабой, Янка Барысаўскі; крыптанімы: І.М., Я.М., Янка М. і інш

Зноскі

  1. 1 2 Багдановіч І., Ліс. А., 1994, с. 192

Літаратура

Спасылкі

Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Паэты Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be