wd wp Пошук:

Ігнат Ходзька

Ігнат Ходзька (польск.: Ignacy Chodźko; 29 верасня 1794, с. Заблошчына, цяпер Вілейскі раён — 1 жніўня 1861, маёнт. Дзявенты Віленскай губ., цяпер частка в. Навасады Вілейскі раён) — пісьменнік і паэт.

Біяграфічныя звесткі

Месца сядзібы ў Заблошчыне, дзе нарадзіўся Ігнат Ходзька

У 10-гадовым узросце пачаў вучыцца ў Барунскай базыліянскай школе, у 1810 адтуль перайшоў у Віленскі ўніверсітэт, які скончыў са ступенню кандыдата філасофіі. Пасля смерці бацькоў І. Ходзька зблізіўся са сваім дзядзькам Янам Ходзькам, вядомым драматургам, заснавальнікам масонскіх лож у Вільні і Мінску, які ў Варшаве ўвёў І. Ходзьку ў колы масонаў і літаратараў. Прыняты ў Таварыства шубраўцаў, дзе быў вядомы пад імем «рыфмаплёта», І. Xодзька апублікаваў у «Wiadomosci brukowe» некалькі артыкулаў, якія і дагэтуль лічацца дасціпнейшымі творамі тагачаснай польскай літаратуры. Тым часам у часопісе «Dziennik Wilenski» друкаваліся і яго вершы (некаторыя перакл. на руск.: «Паэзія славян» Гербеля). Спачатку І. Ходзька — прыхільнік строгага класіцызму ў літаратуры, пасля, пад уплывам А. Адынца і Ю. Корсака, рамантык — пісаў аповесці і паэтычныя аповеды.

Ажаніўшыся з дачкою Міхала Мацкевіча, І. Ходзька ў 1826 г. паступіў на службу па кіраванні Радзівілаўскімі маёнткамі і з гэтага часу займаў разнастайныя грамадскія пасады: працяглы час быў ганаровым папячыцелем вучылішчаў Свянцянскага павета, у 1858 г. быў членам і віце-прэзідэнтам Камітэта па паляпшэнні побыту сялян Віленскай губ., у 1861 г. — абраны міравым пасярэднікам.

Памёр 1 жніўня 1861 года ў маёнтку маёнт. Дзявенты. Пахаваны ў радавым склепе-пахавальні на могілках в. Войстам.

Сям’я

У шлюбе з Людвікай, дачкой Міхала Мацкевіча, гаспадара суседняга маёнтка Рускае Сяло. Меў дачку Станіславу (~1826-1858), якая ў шлюбе з Генрыкам Свянтэцкім (Henryk Świątecki; 1822—1869), маршалкам Свянцянскага павета, нарадзіла пяцёра дзяцей, у тым ліку Леона Свянтэцкага (пам. 1907)[3] і дачку Марыю. Марыя Свянтэцкая ў Францыі выйшла замуж за Густава Чаховіча, які ў 1863 годзе быў паўстанцкім ваенным начальнікам Свянцянскага павета. У іх нарадзілася дачка Сафія, што пабралася шлюбам з Марсэлем дэ Бравусэ. У іх было трое дзяцей, адна з якіх — дачка Гелена — выйшла замуж за Казіміра Святлодыч-Кісяля і мела дваіх дзяцей — Ганну і Аляксандра. Сям’я Аляксандра Святлодыч-Кісяля зараз жыве ў Францыі[4]

Творчасць

Першая аповесць І. Xодзькі, пад назвай «Poddany» (Прыгонны), была надрукавана ў 1829 г. і звярнула на сябе ўсеагульную ўвагу; за ёй услед выйшаў цэлы шэраг іншых аповесцей («Samowar», «Ranek przed slubem», «Brzegi Wilii» і інш.). У 1842 г. у Вільні пачаў выходзіць збор аповесцей І. Xодзькі, пад назвай «Obrazy Litewskie» (Літоўскія малюнкі), якіх да 1850 г. выйшла пяць серый. У 1847 г. з’явілася вядомая аповесць «Domek mojego dziadka», у якой І. Xодзька апісаў сваё дзяцінства (перакл. на руск.: Истор. Веснік, 1880, т. I). Не меншую вядомасць атрымала аповесць «Pamiętniki kwestarza» (Запіскі квестара, 1851; перакл. на руск.: Истор. Вестн., 1880, т. II; бел. перакл. урыўкаў), «Podania Litewskie» (Літоўскія падданні, 1852 і 1854) і «Dwie konwersacye z przeszlosci» (Дзве гутаркі з мінулага), сціслы арыгінальны нарыс польскай літаратуры. Апроч пералічаных твораў, вядомых сваім поспехам, І. Ходзьку належыць аўтарства шэрагу аповесцей: «Jubilensz», «Duch opiekunezy», «Autor swatem», «Panna respectowa» (1851), «Dworki na Antokolu» (1854), «Zegota z Milanowa Milanowski» (1854), «Pustelnik w Proniunach» (1858) і інш., а таксама элегія «Rocznica» (Гадавіна) — сум І. Ходзькі па памерлай дачцэ.

Беларускія пераклады

  • Успаміны квестара: (фрагметны з аповесці) // Край = Kraj: Дыялог на сумежжы культур. Магілёў, 2000.

Зноскі

  1. 1 2 Library of the World’s Best Literature / пад рэд. C. D. Warner
  2. (unspecified title) Праверана 22 мая 2021.
  3. Войстам. Парафіі і святыні
  4. СТРАЧАНАЯ СПАДЧЫНА ВІЛЕЙШЧЫНЫ. МАЁНТАК ДЗЕВЯТНІ ІГНАЦІЯ ХОДЗЬКІ

Літаратура

  • Полаўцаў
    • Rogalski L. Historija literatury polskiej. 1840;
    • «Encyklopedya powszechna» Orgelbranda, t. III.
Тэмы гэтай старонкі: Катэгорыя·Пісьменнікі паводле алфавіта Катэгорыя·Пісьменнікі Беларусі
Змесціва гэтай старонкі з праектаў амерыканскага фонда «Вікімедыя» дасяжнае пад сукупнай ліцэнзіяй CC BY-SA 3.0 і GFDL.

Энцыклапедычны партал «Пісьменства беларускве» piśmienstva.viedy.be