Юліян Корсак
Юліян Корсак (13 лютага 1806, Слонім — 30 жніўня 1855) — паэт i перакладчык. Сябар Адама Міцкевіча і Антонія Эдварда Адынца, з якімі вёў ліставанне.
Біяграфія
Прадстаўнік шляхецкага роду Корсакаў герба «Ліс», сын Яна і Караліны з Ордаў[1].
Вучыўся ў Шчучынскай школе піяраў, Віленскім універсітэце (1823—1826). У 1829 жыў у Пецярбургу. У 1830 вярнуўся ў свой маёнтак Страла (цяпер Дзятлаўскі раён). Ажаніўся з Юзэфай Мацкевіч. Апошнія гады жыў у Навагрудку.
Творчасць
Пісаў на польскай мове. Аўтар зборнікаў «Вершы» (1830, 2-е выд. 1836) i «Новыя вершы» (т. 1—2, 1840), якія змяшчаюць у м.інш. і творы беларускай тэматыкі: «Да Немана», «Да І(гната) Д(амейкі)» i інш. Пад уплывам творчасці А. Міцкевіча Ю. Корсак засвоіў рамантычны стыль лірычнай паэзіі, у якой выкарыстоўваў класічныя i беларускія фальклорныя матывы. Пераклаў на польскую мову перакладаў Піндара, Вергілія, Гарацыя, Дантэ, Ф. Шылера, Дж. Байрана, У. Шэкспіра. Некаторыя вершы Ю. Корсака («Пілігрым», «Баркарола») пакладзены на музыку С. Манюшкам. У. Сыракомля прысвяціў Ю. Корсаку артыкул «Нататкі з дзіцячых уражанняў» (1853).
Вёў перапіску з А. Э. Адынцом, І. Ходзькам і інш.
Бібліяграфія
- Да Нёмана: верш // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай: Бел. польскамоўн. паэзія XIX ст.: (Зборнік) / Уклад., прадм. і камент. У. І. Мархеля. — Мн., 1998.
Зноскі
- ↑ Morawiecka Z. Korsak Julian // Polski Słownik Biograficzny. T. 14. — Wrocław — Warszawa — Kraków: Zakład Narodowy im. Ossolińskich, 1969. S. 108—110.
Спасылкі
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Юліян Корсак