Іосіф Вельямін Руцкі
У паняцця ёсць і іншыя значэнні, гл. Руцкі.
Іосіф Вельямін-Руцкі, свецкае імя Іван Шчаснавіч, або Ян Феліксавіч (польск.: Józef Welamin Rucki [1]; 1574-1575, маёнт. Рута, Навагрудскі пав. — 5 лютага 1637) — уніяцкі царкоўны дзеяч, ва ўніяцкай гістарыяграфіі мітрапаліт Iосіф IV, пісьменнік-палеміст, філосаф, педагог, тэолаг.
Біяграфія
Нарадзіўся І. Руцкі ў родавым маёнтку Рута, паблізу Наваградка, у шляхецкай сям’і герба «Букраба». Ахрышчаны паводле кальвінісцкага абраду, бо бацька Фелікс (Шчасны) Руцкі і маці Багуміла Корсак належалі да гэтага веравызнання. Пачатковую адукацыю атрымаў у першай палове 1580-х гадоў у наваградскіх анабаптыстаў. Мусіць, з парады настаўнікаў бацькі накіравалі яго ў Віленскую кальвінскую школу, дзе ён студыяваў колькі гадоў, вывучаючы класічныя мовы — лаціну, грэчаскую і іўрыт.
У 16-гадовым веку І. Руцкі накіроўваецца за мяжу, каб працягнуць навучанне. Нейкі час ён слухае лекцыі ў Карлавым універсітэце ў Празе, затым тры гады праводзіць у Германіі і з выдатнымі адзнакамі заканчвае Вюрцбургскі ўніверсітэт. Матэрыяльную падтрымку ў часе навучання за мяжой ён меў ад маці, бо бацька памёр у 1590 г., яшчэ да яго ад’езду ў Чэхію. Але адданая кальвінізму Багуміла Корсак, дачуўшыся пра сімпатыі сына да каталіцтва, пазбавіла яго сродкаў да існавання. Пракуратар велікакняжацкай і польскай каталіцкіх правінцый айцец Бокса, які пазнаёміўся з Руцкім, даведаўшыся пра яго фінансавыя цяжкасці, параіў юнаку ехаць у Рым і паступіць у Грэчаскі калегіум, дзе багаслоўскую адукацыю можна было атрымаць бясплатна. І. Руцкі каля 1600 года быў залічаны ў Грэчаскі калегіум у Рыме. Тады ж ён урачыста пакляўся заўсёды трымацца ўсходняга веравызнання, бо гэта было адной з умоў прыняцця ў калегіум.
Дзесьці ў 1601 г. І. Руцкі вярнуўся на радзіму. Сустрэўшыся ў Вільні з мітрапалітам Iпаціем Пацеем, асвечаны юнак прапанаваў свае паслугі і веды на карысць Уніяцкай Царквы. Але мітрапаліт стрымана паставіўся да прапазіцыі выхаванца еўрапейскіх універсітэтаў і параіў яму накіравацца ў новае падарожжа па Еўропе з дзецьмі віленскага ваяводы князя Радзівіла. Разгублены і занепакоены няўдачай, І. Руцкі едзе ў Руту да маці, каб адпачыць і вызначыцца з будучым заняткам.
Калі ў 1602 г. памёр рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі Пётр Федаровіч, і Іпацій Пацей, пасля настойлівай просьбы каталіцкага біскупа Бенядзікта Войны, згадзіўся прызначыць І. Руцкага кіраўніком семінарыі. 3 гэтага моманту пачалася яго сталая дзейнасць. На пасадзе рэктара, якую І. Руцкі займаў на працягу трох гадоў, ён ажыццявіў шэраг змен у сістэме навучання ў Віленскай семінарыі і падрыхтаваў навукова-педагагічны трактат пад тытулам «Дыскурсус» (блізу 1605), у якім абгрунтаваў неабходнасць карэнных рэформ у сферы адукацыі і выхавання. Гэтыя рэформы, на яго думку, мусілі істотна змяніць жыццё ўсёй Уніяцкай Царквы. Рэктар Віленскай семінарыі не меў, аднак, рэальных магчымасцей карэнным чынам рэфарміраваць усю сістэму навучання. Яго радыкальныя педагагічна-асветніцкія праграмы хоць і знайшлі разуменне сярод іерархаў, не маглі быць здзейсненыя ў найбліжэйшым часе ў маштабах усяе Уніяцкай Царквы. Магчыма, што і сам ініцыятар рэформ не выявіў асаблівай настойлівасці і паслядоўнасці ў дасягненні мэты.
У 1606 г., захапіўшыся місіянерскай ідэяй, І. Руцкі накіроўваецца ў Маскву, дзе ўбачыў магчымасць рэалізаваць сябе, ажыццявіць свае задумы ўдасканалення Царквы. На маскоўскім пасадзе на той момант знаходзіўся цар Дзмітрый I (пазней названы Ілжэдзімітрыем), які ў 1605 г. прывёў у Маскву беларускія і польскія вайсковыя аддзелы. І. Руцкі меў цесныя стасункі з новым маскоўскім гаспадаром і неаднаразова прапаноўваў яму накіроўваць юнакоў па навуку ў Вялікае Княства Літоўскае з тым, каб пасля, з іх дапамогай, праводзіць дзяржаўныя і царкоўныя пераўтварэнні ў Маскоўскім княстве. Але і ў Маскве здзейсніць свае задумы І. Руцкі не змог, бо ўлада Дзмітрыя I неўзабаве пахіснулася, пачаліся ўнутраныя забурэнні, у выніку якіх цар быў забіты, а ў Маскоўскім княстве наступіў «смутны час».
Увесну 1606 г. І. Руцкі, сутыкнуўшыся ў Маскве з неспрыяльнымі для рэформ умовамі, намерыўся паехаць разам з кармелітам Паўлам у Персію. Праўда, падарожжа на Усход не адбылося. Як апавядае легенда, па выездзе місіянераў з Масквы, праз суткі блуканняў, яны раптам зноў апынуліся ля яе сцен, хоць іх і суправаджалі дасведчаныя праваднікі. Руцкі ўспрыняў гэта здарэнне як Божы знак, адмовіўся ад наведвання Персіі і ў хуткім часе вярнуўся на радзіму.
У Вільні І. Руцкі зблізіўся з манахам Свята-Траецкага манастыра Іасафатам Кунцэвічам і, мусіць, пад яго ўплывам 6 верасня 1607 падаўся ва ўніяцкі манастыр. 1 студзеня, па сканчэнні тэрміна выпрабавання, адбылося яго пастрыжэнне ў манахі пад імем Іосіфа. У тым жа годзе архімандрыт Свята-Траецкага манастыра Самуль Сянчыла пасвяціў І. Руцкага ў дыяканы, а затым надаў яму сан прасвітара. Жыццё і чыннасць І. Руцкага становяцца цалкам знітаванымі з Уніяцкай Царквою.
Пасля таго як Свята-Траецкі манастыр папоўніўся моладдзю, пераважна шляхецкага паходжання, І. Руцкаму было даручана яе выхаванне. Ён чытаў навіцыянам лекцыі з багаслоўя, навучаў лацінскай і царкоўнаславянскай мовам. Менавіта ў перыяд знаходжання ў Віленскім уніяцкім манастыры, ад 1607 да 1613 г, канчаткова сфармавалася філасофска-тэалагічная дактрына І. Руцкага, пра што сведчаць яго «Тэзісы», выдадзеныя на старабеларускай і польскай мовах у канцы 1607 ці на самым пачатку 1608 г.
Нягледзячы на тое, што І. Руцкі не займаў значных царкоўных пасад, ён паступова станавіўся ўсё больш аўтарытэтнай асобай сярод віленскіх уніятаў. Таму спрыялі яго неаднаразовыя выступленні ў часе дыспутаў, паспяховая педагагічная дзейнасць і асабістая абаяльнасць. Па-еўрапейску асвечаны чалавек, ён досыць лёгка заваёўваў сімпатыі людзей, знаходзіў агульную мову з прадстаўнікамі розных канфесій, а таксама дзяржаўнымі дзеячамі Вялікага Княства Літоўскага. Невыпадкова мітрапаліт I. Пацей у ліпені 1608 г. прызначыў менавіта І. Руцкага сваім намеснікам, хоць гэту пасаду, паводле заведзенага звычаю, мусіў заняць архімандрыт Віленскага Свята-Траецкага манастыра. 3 гэтым прызначэннем на яго плечы лёг увесь цяжар кіраўніцтва Уніяцкаю Царквою, бо састарэлы і хворы I. Пацей быў не ў стане штодзённа «даглядаць духоўныя парадкі». Перад І. Руцкім паўстала складаная задача: праз рэформы ўмацаваць Царкву — арганізацыйна і эканамічна, зрабіць яе прыцягальнай для вернікаў, узняць аўтарытэт.
Перш за ўсё І. Руцкі дамогся канчатковага захавання Траецкага манастыра за ўніятамі, бо праваслаўныя, не зважаючы на вырак манарха, у сакавіку 1609 паспрабавалі сілай авалодаць ім. Архімандрыт 20 сакавіка 1609 падаў скаргу ў магістрат, патрабуючы пакарання вінаватых. Яго падтрымаў I. Пацей. 30 красавіка 1609 у адказ на дзеянні ўніятаў Віленскае праваслаўнае брацтва выступіла з заявай, у якой адзначалася, што праваслаўныя ніколі не прызнаюць яго рашэнняў. Яны не абмежаваліся толькі словамі. Праваслаўны месціч Максім Шэмбель зрабіў замах на жыццё І. Руцкага, і толькі дзякуючы збегу абставін архімандрыт застаўся жывы.
Найважнейшы кірунак дзейнасці І. Руцкага на шляху ўмацавання Уніяцкай Царквы — пабудова новых бажніц і заснаванне манастыроў, якія сталі грунтам, фундаментам новай Царквы. Так, І. Руцкаму і яго аднадумцу І. Кунцэвічу ўдалося схіліць багатага шляхціца Рыгора Трызну да думкі аб пабудове ў Быцені мужчынскага манастыра. Дзякуючы іх намаганням каля 1613 на месцы бажніцы ў Жыровічах таксама быў закладзены ўніяцкі манастыр, які з часам стаў выбітным асяродкам хрысціянскай культуры. Сродкі на яго пабудову ахвяраваў смаленскі кашталян Ян Мялешка. Пад уплывам І. Руцкага і І. Кунцэвіча Я. Мялешка схіліўся да ўніяцкай веры і з часам стаў адным з найбольш актыўных яе прапагандыстаў сярод шляхты. Плён намаганняў І. Руцкага і яго манахаў-аднадумцаў — адкрыццё буйнога ўніяцкага манастыра ў Наваградку.
Мітрапаліт І. Пацей, які стаяў ля вытокаў Уніяцкай Царквы, высока ацэньваў чыннасць І. Руцкага. 16 чэрвеня 1612 ён выдаў прывілей аб узвядзенні архімандрыта Траецкага манастыра на епіскапію Галіцкую і наданні яму сана «надворнага ўладыкі» — кіраўніка ўсёй царкоўнай адміністрацыі.
Да заслуг І. Руцкага належыць і далучэнне да Уніяцкай Царквы Мінскага Узнясенскага манастыра. Менавіта з яго хадайніцтва Жыгімонт Ваза 30 сакавіка 1613 выдаў Прывілей, паводле якога гэты старажытны куток царкоўнай духоўнасці станавіўся ўніяцкім.
Не на апошнім месцы ў дзейнасці І. Руцкага быў і клопат пра навучанне моладзі і падрыхтоўку новых пастараў. Ён не толькі ствараў умовы для паляпшэння навучання ў школцы пры Траецкім манастыры, але і па дамове з каталіцкімі іерархамі накіроўваў моладзь у Нясвіжскі, Калішскі і Пултускі езуіцкія калегіумы, дзе падлеткі мелі магчымасць атрымаць адукацыю еўрапейскага ўзроўню. Пасля некалькіх аўдыенцый у вялікага князя І. Руцкі 31 сакавіка 1613 дастаў Прывілей на заснаванне школ у Мінску, Навагрудку і іншых месцах, падпарпадкаваўшы іх выключна духоўным уладам. У заснаваных навучальных установах, паводле прывілею, прадугледжвалася навучанне пяці мовам — беларускай, польскай, царкоўнаславянскай, грэчаскай і лаціне, а таксама выкладанне цыкла «вызваленых мастацтваў». Да таго ж пазней, у снежні 1615, І. Руцкі дамогся ад Папы Рымскага пацверджання для ўсіх уніяцкіх школ тых правоў, якія мелі езуіцкія калегіумы.
Новы этап у жыцці І. Руцкага пачаўся па смерці ўніяцкага мітрапаліта І. Пацея (8.8.1613). Праз некалькі дзён пасля пахавання I. Пацея Жыгімонт Ваза выдаў Прывілей, паводле якога новым уніяцкім мітрапалітам прызначаўся менавіта І. Руцкі. 3 гэтым прызначэннем Уніяцкая Царква без забурэнняў і прыкметных змен уступіла ў новы перыяд, які стаў найбольш значным ува ўсёй яе гісторыі. Што асабіста да І. Руцкага, дык ён разам з новым санам атрымаў дадатковыя землі і маёнткі, перадусім тыя, што калісьці належалі М. Рагозу і I. Пацею, а таксама маёнткі ў Навагрудку і Прылепічах.
У 1613—1637 Мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, у 1614 зацверджаны булай Папы Рымскага Паўла V. Арганізатар ордэна базыльянаў.
Трыумфу ўніяцтва на абшарах Вялікага Княства Літоўскага перашкодзіла ўзнаўленне ў 1620 г. ерусалімскім патрыярхам Тэафанам Праваслаўнай мітраполіі. У 1621 г. І. Вельямін-Руцкі распачаў літаратурную палеміку з праваслаўнымі. Ён апублікаваў два публіцыстычна-палемічныя трактаты — «Падвойная віна» (1621) і «Экзамен абароны» (1621). Літаратурная дыскусія, вядома, не зняла ўсіх пытанняў. Мітрапаліту давялося наладжваць дачыненні з Праваслаўнй Царквой.
Пасля працяглых філасофскіх разважанняў І. Вельямін-Руцкі прыйшоў да высновы, што напружаныя дачыненні паміж праваслаўнымі і ўніятамі можна грунтоўна ўрэгуляваць толькі праз утварэнне патрыярхату ў Рэчы Паспалітай. Такім чынам, галоўную мэту ўтварэння Патрыярхіі Іосіф Руцкі бачыў у дасягненні кансалідацыі ўсіх вернікаў усходняга абраду, зліквідаванні інстытуцыянальных і дактрынальных падстаў для грамадскага напружання на рэлігійнай глебе. Праект патрыярхату — атрымання памеснай Царквой найвышэйшага статусу — не быў, аднак, з-за шматлікіх прычын ажыццёўлены.
Публіцыстыка
І. Вельямін-Руцкі актыўна ўдзельнічаў у літаратурнай палеміцы 1620 з Мялеціем Сматрыцкім. У адказ на палемічныя трактаты апошняга выдаў «Падвойную віну» і «Экзамен абароны» (абодва 1621). Пісаў на старабеларускай і старапольскай мовах. Пакінуў багатую эпісталярную спадчыну. Адстойваючы ідэі хрысціянскага адзінства, І. Вельямін-Руцкі выявіў сябе як літаратар, майстар мастацка-публіцыстычнага слова, філосаф і аналітык. У сваіх творах ён прапанаваў развязванне актуальных пытанняў грамадскага і царкоўнага жыцця.
Закранаючы на старонках сваіх твораў праблему ўзаемадачыненняў паміж свецкай і духоўнай уладамі, Іосіф Руцкі схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх уладаў у краіне. У «Падвойнай віне» ён падкрэсліваў: «У многіх хрысціянскіх краінах — Грэцыі, Балгарыі, Сербіі, Валахіі, Масковіі ніхто без дазволу манарха не можа займаць пасады мітрапалітаў і епіскапаў».
Іосіф Руцкі абгрунтоўваў антызаконнасць узнаўлення праваслаўнай мітраполіі ў Рэчы Паспалітай. У творы «Экзамен Абароны» пісьменнік-палеміст раскрытыкаваў праваслаўную дактрыну, рэзка асудзіў «разбуральную» дзейнасць праваслаўнага святарства. Назваўшы М. Сматрыцкага, аўтара «Абароны Верыфікацыі», чалавекам «абмежаваных здольнасцей», які імкнецца «сцвярджаць ісціну не фактамі і аргументамі, а непрыстойнай лаянкай і абразамі». Іосіф Руцкі сфармуляваў пяць асноўных антытэзісаў супраць узнаўлення праваслаўнай іерархіі ў Рэчы Паспалітай. У сваіх творах пісьменнік даводзіў, што ў краіне здаўна існуе закон, паводле якога менавіта манарх прызначае («прэзентуе») на найвышэйшыя духоўныя пасады, а патрыярх толькі робіць пасвячэнне. Мітрапаліт Іосіф Вельямін-Руцкі, абураўся дзеяннямі патрыярха Тэафана, выступаў супраць яго з рэзкім пратэстам, называў «парушальнікам спакою», «маскоўскім агентам», і «турэцкім шпіёнам». Ён заклікаў вялікага князя і ўрад любым шляхам спыніць «разбуральную дзейнасць дызунітаў».
Пісьменнік-палеміст паслядоўна адстойваў ідэю паяднання ўсіх «вернікаў адзінага народа» на грунце грамадзянскасці. Абураючыся фактамі міжканфесійнай канфрантацыі, ён заклікаў да паразумення, супольнага і мірнага вырашэння спрэчных пытанняў: «Тыя прыкрасці паміж намі, людзьмі адзінага народа і набажэнства, не гвалтоўным і бяздумным наступленнем на нас, як цяпер, не трыбунальскімі, не сеймікавымі, не соймавымі пастановамі, як заклікае Верыфікатар, галасамі і дамаганнем тых і іншых канстытуцый, бо тыя сродкі дагэтуль толькі ўзмацнялі варажнечу. Але толькі з’ехаўшыся ў адзінае месца, і зносінамі супольнымі ў міласці братэрскай, маючы перад вачыма толькі Пана Бога і яго праўду супакоіцца патрэбна».
Зноскі
- ↑ Bulhakaŭ, Valer (2006). “Geopolityczne miejsce Białorusi w Europie i świecie”. pp. 11. ISBN 978-83-60694-02-2. https://books.google.pl/books?id=UJw73EycbKoC&pg=PA11&dq=J%C3%B3zef+Welamin-Rucki&hl=pl&sa=X&ved=0ahUKEwjFrPCK7L7fAhVph4sKHbXKBhkQ6AEIKTAA#v=onepage&q=J%C3%B3zef%20Welamin-Rucki&f=false.
Літаратура
- Лісейчыкаў Д. Мітрапаліт Іосіф Вельямін-Руцкі і яго тастамент // Асоба і час: Беларускі біяграфічны альманах. Вып. 2. – Мн.: Лімарыус, 2010. – С. 33–49.
- Саверчанка I. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. – Мн., 1994.
- Старажытная беларуская літаратура (XII—XVII стст.) / Уклад, прадм., камент. І. Саверчанкі — Мн.: Кнігазбор, 2010. — («Беларускі кнігазбор»). ISBN 985-6824-43-5