Мялецій Сматрыцкі
У Вікіпедыі ёсць артыкулы пра іншых асоб з прозвішчам Сматрыцкі.
Мяле́цій Сматры́цкі, свецкае імя Максім (каля 1577, с. Смотрыч, цяпер Хмяльніцкая вобласць Украіны — 27 снежня 1633, Дзермань; Псеўданімы: Теофил Ортолог) — філолаг, грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, пісьменнік-палеміст, полацкі праваслаўны архіепіскап (з 1620), архімандрыт манастыра ў Дзермані, сын пісьменніка-палеміста і педагога Герасіма Сматрыцкага.
Жыццё і дзейнасць
Адукацыю атрымаў у гэтак званай Астрожскай акадэміі. Лічыў сябе вучнем Кірылы Лукарыса — вучонага грэка, пазней канстанцінопальскага патрыярха. Пазней пры падтрымцы кіеўскага ваяводы Канстанціна-Васіля Канстанцінавіча Астрожскага вучыўся ў езуіцкай акадэміі ў Вільні, якую, хутчэй за ўсё, не скончыў з невядомых прычын. Працягнуў навучанне ў пратэстанцкіх акадэміях Германіі (Лейпцыга, Вітэнберга), з 1601 года суправаджаючы як дарэктар маладога праваслаўнага князя Багдана Саламярэцкага[3]. Потым жыў у маёнтку Саламярэцкіх каля Менска. Уступіў у Віленскае праваслаўнае брацтва пры Траецкім манастыры, дзе зблізіўся з заснавальнікам манастыра Лявонціям Карповічам.
Падчас Брэсцкай царкоўнай уніі, легітымнасць якой не прызнаў, Максім Герасімавіч меў 19 гадоў. Царкоўная і пісьменніцкая кар’ера Максіма Герасімавіча развівалася ў кантэксце рэлігійнай, культурнай і нацыянальнай палемікі, якая бударажыла Рэч Паспалітую ў пачатку XVII стагоддзя. Максім Герасімавіч апынуўся ў цэнтры грамадска-палітычнага жыцця. У 1608—1623 гадах быў адным з вядомых прыхільнікаў абнаўлення праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай; пасля пераходу на Унію ў 1627 годзе выступаў за рэформу ўніяцкай царквы. Дасягненні і паразы Максіма Герасімавіча сведчылі пра тую дылему, якую змушаная была пераадолець русінская духоўная і свецкая культурная эліта ў Рэчы Паспалітай у перыяд кіравання Жыгімонта Вазы.
У 1608 г. супраць твораў Іпація Пацея «Ерасі…» і «Гармонія…» Максім Герасімавіч выдаў «Антыграфі…». У 1610 г. друкарня Віленскага брацтва святога Духу выдала пад псеўданімам Тэафіла Арталога палемічны твор Максіма Герасімавіча «Трэнас, то бок Лямант усходняй царквы» на польскай мове, якою ён карыстаўся ва ўсіх сваіх апублікаваных палемічных творах. Аўтар у вобразе маці-царквы, якая плача і мучыцца, выступіў у абарону праваслаўя супраць усяго заходняга хрысціянства. Твор выклікаў шырокі грамадска-палітычны рэзананс. Хоць аўтар пазбягаў палітычнай заангажаванасці, кніга выклікала трывогу Жыгімонта Вазы, які загадаў кнігу спаліць, а кнігадрукара і аўтара арыштаваць. «Трэнас» атрымаў вострую крытыку (Пётр Скарга, «На плач і лямант Тэафіла Арталога», горад Кракаў, 1610 год; Ілля Марахоўскі, «Парэгорыя», 1612 год), але і аб’яднаў прыхільнікаў і абаронцаў праваслаўя. Выдавец кнігі (Лявонцій Карповіч) быў пасаджаны ў турму; ананімны аўтар пазбег пакарання.
У 1616 г. друкарня Віленскага праваслаўнага брацтва ў Еўі, куды яна была перанесена пасля зачынення ў Вільні ў сувязі з выданнем «Трэнаса», надрукавала «Евангелле вучыцельнае» з прадмовай Максіма Герасімавіча. У 1637 годзе мітрапаліт Пётр Магіла выдаў яго выпраўленую версію, замаўчаўшы імя тлумачальніка, верагодна, у сувязі са скандалам, выкліканым пераходам Максіма Герасімавіча на Унію.
Паміж 1617 і 1618 гадамі Максім Герасімавіч стаў манахам у віленскім манастыры Святога Духа пад імем «Мялецій». Працаваў у брацкай школе манастыра, быў рэктарам кіеўскай брацкай школы (1618—1620). Вынікам педагагічнай дзейнасці стала «Граматыка славенска, правільней сінтагма» (Еўе, 1618—1619). У «Граматыцы» аўтар аспрэчваў папрок Пятра Скаргі ў адрас царкоўнаславянскай мовы, што на гэтай мове немагчыма развіваць навукі, і сцвярджаў яе роўнасць грэчаскай і лацінскай мовам. «Граматыка» Мялеція стала важным фактарам развіцця ўсходнеславянскай духоўнай культуры, неаднаразова перавыдавалася і да XIX стагоддзя была ў праваслаўным свеце найбольш аўтарытэтным і ўжываным падручнікам па славянскім мовазнаўстве; двойчы выдавалася ў горадзе Маскве; урыўкі з яе Ілля Капіевіч надрукаваў у Галандыі. Міхаіл Ламаносаў назваў яе «брамай вучонасці». У XVIII — 1-й палове XIX стагоддзя «Граматыка» стала ўзорам для сербскай, харвацкай, румынскай і балгарскай граматык.
У 1620 годзе Мялецій быў дэлегаваны на сустрэчу з іерусалімскім патрыярхам Феафанам, які, вяртаючыся з горада Масквы, дзе пасвяціў патрыярха Філарэта, правёў некалькі месяцаў ва ўсходніх землях Рэчы Паспалітай. У горадзе Кіеве Феафан пасвяціў 7 новых праваслаўных епіскапаў, у тым ліку архіепіскапам полацкім і епіскапам віцебскім і мсціслаўскім — Мялеція, наўзамен тых, якія перайшлі на Унію.
Неўзабаве Мялецій быў абраны архімандрытам віленскага праваслаўнага манастыра на месца нядаўна памерлага Лявонція Карповіча. На пахаванні Лявонція Мялецій прамовіў «Казанье на честный погреб Леонтия Карповича», апублікаванае на старабеларускай мове (горад Вільня, 1620 год) і на польскай (горад Вільня, 1621 год). У новапасвечанай праваслаўнай іерархіі Мялецій займаў цяпер другое па значэнні месца пасля мітрапаліта Іова Барэцкага. У бліжэйшыя пасля гэтага гады Мялецій выступаў як галоўны абаронца праваслаўнай царквы ў палеміцы пра легальнасць новапасвечанай іерархіі, што аспрэчвалася ўніяцкім і каталіцкім бокам («Апраўданне нявіннасці», 1621 год; «Абарона апраўдання», 1621 год; «Юстификация нявіннасці», 1623 год; і іншыя).
У той жа час погляды і дзейнасць Мялеція давалі падставы ўніяцкім колам лічыць, што ён блізкі да далучэння да іх. Абодва бакі: уніяцкі і праваслаўны — хацелі мець Мялеція ў сваім лагеры і дамагаліся гэтага, але ніводны, як уяўляецца, не быў цалкам упэўнена ў лаяльнасці Мялеція.
У 1624—1625 гадах, пасля расправы віцяблянаў над полацкім уніяцкім архібіскупам Іасафатам Кунцэвічам, Мялецій здзейсніў паломніцтва па Святых мясцінах на Блізкім Усходзе, падчас якога наведаў гарады Іерусалім і Канстанцінопаль. У горад Вільню ён ужо не вярнуўся. Апошні перыяд жыцця правёў у Дзермані як архімандрыт мясцовага манастыра, які знаходзіўся ва ўладаннях брацлаўскага ваяводы Аляксандра Заслаўскага, які нядаўна прыняў каталіцтва. Аляксандр Заслаўскі разам з мітрапалітам Іосіфам Вельямінам Руцкім схілялі Мялеція да пераходу на Унію. У 1627 годзе Мялецій таемна, а пасля Сабору 1628 года галосна прыняў Унію. Змены ў светапоглядзе знайшлі адлюстраванне ў палемічным творы «Апалогія» (1628 год), які быў асуджаны праваслаўным Саборам у жніўні 1628 года у горадзе Кіеве: кнігу разарвалі і выкінулі, уніяцкі архімандрыт манастыра ў Дубна Касьян Саковіч за яе друк быў пракляты, а Мялеція вымусілі пісьмова зрачыся яе. З мэтай дыскрэдытацыі Мялеція ў вачах уніятаў адрачэнне было надрукаванае на старабеларускай і польскай мовах. У серыі твораў, напісаных у Дзермані ў наступныя два гады («Пратэстацыя супраць сабору», 1628 год; «Паранезіс», 1629 года і «Экзетэзіс», 1629 года), Мялецій палемізаваў як з ідэолагамі праваслаўя, так і са сваімі ўласнымі творамі, напісанымі ў перыяд да яго прыналежнасці.
Папства, верагодна, з-за недастатковага даверу да Мялеція, не магло вырашыць, як з ім паступіць і марудзіла з прызначэннем яго біскупам. Тым часам гэта пытанне стаяла яшчэ перад Кіеўскім саборам 1628 года, калі Мялецій быў таемным уніятам. Кангрэгацыя прапаганды веры 8.4.1628 прасіла мітрапаліта Іосіфа Вельяміна Руцкага пацвердзіць шчырасць прыняцця Уніі Мялеціем і яго лаяльнасць Папству, што Іосіф Вельямін Руцкі зрабіў лістом да Рыму ад 9.1.1629. Папа Урбан VIII 5.5.1631 прызначыў Мялеція архібіскупам.
У апошнія свае гады Мялецій пацярпеў шмат расчараванняў, найбольшае з іх няўдалы прымірэнчы ўніяцка-праваслаўны сабор у горадзе Львове ў 1629 годзе.
Апошні рукапіс Мялеція, які захаваўся — гэта вялікі ліст да Папы Урбана VIII, напісаны з Дзермані 16.2.1630, дзе Мялецій піша пра ціск як адзіны сродак вырашэння веравызнаўчых канфліктаў на Русі (вядома, яе рэчыпаспалітаўскай часткі). Мялецій лічыў, што кароль і духоўныя ўлады павінны схіліць шляхту да ліквідацыі праваслаўных цэркваў і манастыроў у сваіх уладаннях. Адначасова Мялецій пераконваў папу ў неабходнасці забараніць русінам пераходзіць на лацінскі абрад з уніяцкага.
Ацэнкі
Біёграфы Мялеція Сматрыцкага, у залежнасці ад іх веравызнання і нацыянальнай прыналежнасці, паказвалі яго жыццё як гісторыю здрады або як паспяховы шлях да праўды. Для адных перамена Мялеціям веры была здрадай Русі і асіміляцыяй польскімі і заходнімі палітычнымі і культурнымі каштоўнасцямі. Для іншых азначала прызнанне ім больш высокага ўзроўня гэтых каштоўнасцей. Але дзейнасць Мялеція цяжка змясціць у гэтыя схемы, яго галоўным клопатам было ўзмацненне русінскай царквы, культуры і самога русінскага народа ў Рэчы Паспалітай, яго свецкай і духоўнай эліты, абарона яго своеасаблівасці.
Творы
- Harmonia, 1608
- Грамматіка славправилноє Сѵнтаґма, 1619
- Kaзaньe … нa пoгрeбь … отця Леонтія Карповича, 1620
- Verificatia niewinności, 1621
- Obrona Verificaciey, 1621
- Elenchus pism uszczypliwych, 1622
- Suplikacja … do obiegu stanu duchownego i świeckiego Senatu…, 1623
- Justifikacia niewinności, 1623
- Apologia peregrinatiey do kraiów wschodnych, 1628
- Protestatia przeciwko soborowi w … r 1628 w Kijowie, 1628
- Paraenesis albo napomnienie, 1629
- Exethesis albo expostulatia, 1629
Бібліяграфія
- Θρηνος to iest Lament iedyney S. powszechney apostolskiey Wschodniey Cerkwie… — Wilno, 1610.
- Ґрамма́тіки Славе́нския пра́вилное Cv́нтаґма… Евье, 1619. Репринт: Київ: Наукова думка, 1979.
- Apologia. — Львов, 1628.
- Αντιγραφη (Антиграфи) // Памятники полемической литературы. — СПб., 1903. — Кн. 3 (Русск. ист. библиотека, Т. 19).
- Verificatia niewinności // АЮЗР. — Ч. 1. — T. 7.
- Лямент у світа убогих на жалостноє преставленіє святолюбивого а в обої добродітелі багатого мужа в Бозі велебного господина отця Леонтія Карповича, архімандрита общіа обителі при церкві Сошествія святого духа братства церковного Віленського православного гречеського // Пам’ятки братських шкіл на Україні. — К., 1988.
- Collected works of Meletij Smortyc’kyj / Harvard Library of Early Ukrainian Literature: Texts: Volume I. Cambridge (Massachusetts): Harvard University, 1987. ISBN 0-916458-20-2.
- The Jevanhelije učytelnoje of Meletij Smotryc’kyj / Harvard Library of Early Ukrainian Literature: Texts: Volume II. Cambridge (Massachusetts): Harvard University, 1987. ISBN 0-916458-21-0.
Зноскі
- ↑ Смотрицький Мелетій // Енциклопедія історії України — Наукова думка, 2003. — Т. 9. — С. 676. — ISBN 966-00-0632-2
- ↑ http://history.franko.lviv.ua/IIIs_4.htm
- ↑ Багдан Багданавіч Саламярэцкі — з 5 гадоў навучаўся ў Л. Зізанія, потым у М. Сматрыцкага. Пазней з-за псіхічнай хваробы быў пад апекай мужоў сваіх сёстраў.
- ↑ Грамматики славенския правилное Синтагма // LIETUVOS MOKSLŲ AKADEMIJOS VRUBLEVSKIŲ BIBLIOTEKA
Літаратура
- Collected Works of Meletij Smotryc’kyj. Ed. D. A. Frick. — Cambridge, 1987.
- Frick D. Smotrycki Melecjusz // Polski słownik biograficzny. — T. XXХIX. — Warszawa-Kraków, 1999—2000. — S. 356—362.
- Frick D. A. Meletij Smotryckyj and the Ruthenian Question in the Early Seventeenth Century // Harvard Ukrainian Studies. — 1984. — P. 351—375.
- Kułak K. Psychologia nawrócenia z prawosławia na katolicyzm Melecjusza Smotryckiego. — Białystok, 1984.
- Голубев С. Киевский митрополит Петр Могила и его сподвижники. — К., 1883.
- Засадкевич Н. Мелетий Смотрицкий, как филолог. — Одесса, 1883.
- Короткий В. Г. Творческий путь Мелетия Смотрицкого. — Мн., 1987.
- Осинский А. С. Мелетий Смотрицкий, архиепископ Полоцкий. — К., 1912.
- Прокошина Е. С. Мелетий Смотрицкий. — Мн., 1966.
- Яременко П. К. Мелетій Смотрицький. Життя і творчість. — К., 1986.
- Кароткі У. Г. Сматрыцкі Мяленцій // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 52. — 552 с. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).